Не першы год з лаўрэатам

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог
Ой, не кожнаму мастаку пры жыцці даецца магчымасць напісаць з натуры партрэт Нобелеўскага лаўрэата. І дзе тая магчымасць запраграмавана — не скажаш. Сярод дзясяткаў задуманых ці напісаных партрэтаў сучаснікаў адзначыўся гэты: быў час, палатно і фарбы, жаданне, нарэшце. Згадаю пра гэта акурат праз год з таго часу, калі мы даведаліся, што ў Беларусі з’явіўся першы Нобель.

/i/content/pi/cult/607/13515/5-4.jpgТады толькі-толькі выйшла аповесць Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”. Прачытаў — захапіла. З’явілася ідэя… Тым больш са Святланай мы былі знаёмыя гадоў з дзесяць. Гэты ланцужок цягнуўся спачатку праз маіх маму і сястру, потым праз нашу таленавітую літаратарку Марыю Вайцяшонак, праз рэдакцыю “Сельскай газеты”, дзе, дарэчы, я надрукаваў некалькі сваіх опусаў пра сур’ёзнае мастацтва і эстэтычнае выхаванне…

Я ведаў па аповедах Святланы пра яе шматлікія вандроўкі па Беларусі з дыктафонам і блакнотамі. Успрымаў з яе вуснаў усе значныя і нязначныя падрабязнасці, дэталі, характары і вобразы герояў яе будучых кніг. А да гэтага не адрываючыся праглынуў кнігу “Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча, Уладзіміра Калесніка, Янкі Брыля. Цяжкай кнігі. Праўдзівай. Гэта быў час, калі маё пакаленне з захапленнем цікавілася новымі, сапраўднымі фактамі апошняй вайны. Разбураліся міры, ствараліся новыя па форме і змесце, сапраўды шчырыя творы мастакоў, якія нарадзіліся пасля той вайны — Валодзі Тоўсціка, Валодзі Кожука і многіх іншых.

Тыя ж міфы разбураліся і праз перадачы Сяргея Смірнова на Цэнтральным тэлебачанні, праз немагчымасць стрымліваць праўду “жалезнай заслонай”, праз прозу Васіля Быкава, праз… Кожны з чытачоў сам дадасць у гэты абзац свае факты здзіўлення ад адкрыцця праўды і новага бачання гісторыі. А гэта слова. Словы апошніх сведак. Я ж толькі на пачатку 1990-х вялізную колькасць праўды пра вайну пачуў ад свайго роднага дзядзькі Аркадзя… Мой бацька, які прайшоў усю вайну, не вельмі любіў распавядаць пра яе. Тое ж з мамай… Нейкае неверагоднае табу, накладзенае на іх памяць. А тут, калі Святлана Алексіевіч падаравала маёй маме кнігу “У вайны не жаночае аблічча”, мама шмат чаго ўпершыню нам, дзецям, згадала пра тыя дні ліхалецця. І нічога, што яе расказы былі ў асноўным пра жыццё у тылу і пасляваенныя гады, але ў маіх думках яны намалявалі нечаканы, цяжкі, але авантурны па сваіх законах раман з мудрагелістым, шматпланавым сюжэтам, у якім кожны з герояў мог загінуць…

І не толькі пачутае ад маіх бацькоў. Да прыкладу, у 1968 годзе я хадзіў паходамі з такімі ж юнакамі, як я сам, “па месцах баявой і працоўнай славы”. Так вызначалася акцыя пад патранатам камсамолу. Паходы доўжыліся па два тыдні. На возеры Палік у Барысаўскім раёне ці ў Бабруйскім раёне з накірункам: Парычы, Глуск, Акцябрскі, возера Чырвонае і гэтак далей. У часы сустрэч з мясцовымі жыхарамі нам столькі парасказвалі праўдзівых гісторый пра жыццё-быццё пад акупацыяй, пра сваіх і чужых. Мы разгубіліся: аніяк не адпавядала тое афіцыйнай версіі… Усе расповеды я занатаваў, апрацаваў. На першым курсе інстытута па дысцыпліне “Гісторыя КПСС” зрабіў даклад, рукапісы здаў на кафедру, атрымаў “выдатна”. Рукапісы ж не вярнуліся…

Але ж збіраўся я згадаць, як напісаў партрэт Святланы Алексіевіч. За тры прыёмы, за тры сеансы… Карыстаючыся добра адпрацаваным папярэднім эскізам алейнымі фарбамі на кардоне. Святлана прыйшла да мяне ў майстэрню — у той час на базе студыі выяўленчага мастацтва пры Мінскім палацы чыгуначнікаў; я зрабіў накіды партрэта, пазней Святлана перадала мне фотаздымкі, зробленыя Юрыем Івановым. (Дарэчы, яны ў мяне засталіся з аўтографам пісьменніцы.) Партрэт пісаў хутка, рашуча, на адным уздыху. Пасля адкрыцця рэспубліканскай выставы, здаецца “Маладосць краіны-87” мне, яшчэ не сябру Саюза мастакоў, патэлефанаваў дахаты цудоўны чалавек, мастацтвазнаўца Уладзімір Бойка і павіншаваў за маю карціну, заўважыўшы, што я напісаў не проста партрэт, а вобраз. Вобраз Беларусі…

/i/content/pi/cult/607/13515/5-5.jpgДыяганальна пасечаная кампазіцыя: светлыя і цёмныя часткі. Сам вобраз гераіні. За ёй нібыта контурнае адлюстраванне аблічча, у якім прачытваецца накід вогненнай вёскі. Здаецца, усё проста… Раней я паказваў Святлане сваю карціну, з якой я ўпершыню з’явіўся на прафесійнай выставе. Яна пачыналася як прысвячэнне тым беларускім паэтам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але Святлана разгледзела тую ідэю шырэй, можа, упершыню распавёўшы мне, напрыклад, пра ноч жахаў з 29 на 30 кастрычніка 1937. Таму, дапрацаваўшы палатно, з яе слоў я назваў твор “Вясна загінулых паэтаў”.

…Ну а сёння нікому не патрэбны партрэт нобелеўскай лаўрэаткі. Ні музеі, ні бібліятэкі не спяшаюцца займець яго. Ізноў пакласці твор на шафу і чакаць? Ну, і няхай… Пакуль напісаўся новы жывапісны твор з назвай “Святлана”. І, наогул, чытайце нашага Героя. Я прывяду некалькі цытатаў з выказванняў пісьменніцы, якія мне сугучныя і блізкія. “Я належу да тых людзей, якія лічаць, што трэба спакойна рабіць сваю справу. Гэта як у апостала Паўла: бываюць такія часы, калі маіх казанняў не чуюць, але гора мне, каб я іх не казаў”. Або гэта: “Я думаю, што сёння вельмі важна для ўсіх нас захаваць душэўны спакой. Захаваць гэта жаданне працы, не стаміцца, не расчаравацца, не махнуць рукой, не паддацца, калі ты бачыш, што чалавек ператвараецца то ў камфортную жывёлу, то ў агрэсіўную жывёлу…”

Фота Юрыя ИВАНОВА і з архива аўтара

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог