Мы ў кантэксце

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Абшар фэсту: чым больш поглядаў, тым лепш
Гэтым тыднем завяршылася беларуская праграма на Міжнародным форуме “ТэАРТ”. Падвядзенне яе вынікаў — наперадзе, калі будзе відавочны агульнафестывальны кантэкст з улікам замежных спектакляў. Затое самы час паразважаць над агульным замежным прадстаўніцтвам і беларускімі спектаклямі ХХІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа” ў Брэсце. Сапраўды, ці ж не цікава, як выглядалі тыя на фоне ўсяго брэсцкага форуму — і адначасова беларускай праграмы цяперашняга мінскага? Бо гэтыя два розныя зрэзы даюць больш поўную карціну развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/607/13511/9-1.jpgЗамежнае не заўжды лепш

Калі меркаваць пра “Белую вежу” на падставе толькі некаторых яе самых адметных спектакляў (гл. “К” № 39), уражанне застанецца няпоўным. Бо мастацтва не складаецца адно з горных вяршыняў, у ім ёсць і бязмежныя раўніны, і ямы-ўпадзіны. Заўсёды існуе і так званы мэйнстрым, і ўсё тое, што яго парушае. Агульны фон “… Вежы” быў менавіта такім — розным. Але кожны са спектакляў дазваляў чамусьці павучыцца: калі не таму, як трэба, дык таму, як ні ў якім разе не трэба.

Сярод самых “пракольных” аказаўся мюзікл “Раскольнікаў” з Масквы, нягледзячы на цудоўную музыку Эдуарда Арцем’ева. Цікавасць да спектакля падагравалася тым, што колькі часу таму пад адкрытым небам Брэсцкай крэпасці ішоў аўтарскі вечар кампазітара ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, потым той канцэрт кінамузыкі паўтараўся ў сталіцы. Але ў дадзеным выпадку ад музычнага арыгінала засталіся хіба асобныя дэталі: агульная драматургія задуманай аўтарам рок-оперы была парушана ўстаўкамі іншай музыкі і зацягнутымі драматычнымі сцэнамі, нумары мужчынскіх персанажаў перадаваліся жаночым, бо склад артыстаў — адзін хлопец на 15 дзяўчат. І амаль усе — жудасна фальшывілі, не кажучы пра астатнія хібы: маўляў, гэта ж студэнты, якія вучацца на драматычных артыстаў, а не на спевакоў. Ажно крыўдна стала за нашых! Бо калі ў нас чамусьці вучаць, дык навучаюць нягледзячы на, магчыма, не самыя лепшыя прыродныя даныя кагосьці са студэнтаў. А ў той маскоўскай прыватнай ВНУ не змаглі навучыць нават адораных, затое не пасаромеліся везці працу на міжнародны форум і рабіць выпады на крытыкаў, адстойваючы “геніяльнасць” і пастаноўкі і навучання.

“Белае — чорнае” з Запарожжа канстатавала, што акрамя ідэі ў танцавальным спектаклі неабходна добрая харэаграфія. “Вядзьмарка” з Латвіі — што ўвасабленне нацыянальнай драматургіі патрабуе не меншага пошуку, чым пастаноўка сусветнай. “Жаніх + нявеста” з Кыргызстана — што любы навамодны прыём не мае сэнсу пры адсутнасці зместу. “Белая варона” з Малдовы — што рок-опера без “драйвавай” аранжыроўкі і хаця б мінімальнага тэхнічнага абсталявання (той жа гарнітуры ў спевакоў) страчвае неабходны нерв, асабліва ў вялікай зале. “Дзядзька Ваня” з Вялікага Ноўгарада — што запрашэнне фінскага рэжысёра не гарант шэдэўральнасці. “Рэвізор” з Грузіі — што знаходжанне сэнсавых паралеляў з 1990-мі і пастаяннае, здавалася б, парушэнне класічных стэрэатыпаў таксама можа стаць стэрэатыпам і быць цягамотным. “Восеньскае сонца” з Арменіі — што традыцыйнасць не сінонім нецікавасці, але любая дробязь можа раптам парушыць адчуванне праўды жыцця. “Мы абавязкова сустрэнемся” з Туркменістана — што ні ў якай добрай інсцэніроўцы, пры ўсіх яе плюсах, нельга спыняцца адно на “параднай” эстэтыцы 1950-х. “Ноч напярэдадні Раства” з Чарнігава — што пры адточаным увасабленні найсучасным можа быць і традыцыйны жанр музычнай камедыі. “Па-дэ-дэ: ад вальса да хіп-хопа” з Францыі — наколькі перспектыўна спалучаць не толькі розныя танцавальныя стылі і кірункі, але і школы: тыя ж еўрапейскую і лацінаамерыканскую. “Гамлет. Next” з Краснаярскага краю Расіі — што азначаная “гульня ў гатычны трылер”, памножаная на маладзёжныя субкультуры і крэатыўную рэкламу (на прэм’еры ў Ачынску гледачоў да тэатра падвозілі байкеры), можа мець небывалы розгалас. Але “пена без піва” наўрад ці спатоліць прагу: ці прыйдзе прыцягнутая такім чынам моладзь на іншыя спектаклі, якія будуць патрабаваць роздуму? Бо ў цяперашнім выглядзе складаная, неадназначная класічная п’еса ператварылася ў апафеоз агрэсіі, дзе галоўны герой, здольны пранікнёна чытаць дададзеныя ў тэкст трагедыі шэкспіраўскія санеты, без ваганняў “мочыць” Афелію галавой у ваду, а “прывід бацькі Гамлета” з’яўляецца ў выглядзе вялізнага робата-трансформера. Цывілізацыя прывяла да постцывілізацыі? І гэта “механізмы” ва ўсім вінаватыя? На жаль, ніводная з тэм, апроч канстатацыі сюжэта, не была развіта.

Монаспектаклі “Чаплін” з Вялікабрытаніі, “Рудольф Нурыеў. 48 гадзін” з Германіі, “Ксенія” з Польшчы пераканалі, наколькі ўзрастае ў сучасным грамадстве цікавасць да гістарычных асоб. І наколькі рознымі па стылі і жанры могуць быць увасабленні біяграфій, дзе важна знайсці раўнавагу паміж прыватнымі дэталямі і агульначалавечай праблематыкай. Ці ж гэта не падказка нашым творцам? У нас такі кірунак пакуль не надта развіты: асабіста я прыгадала хіба монаоперу Алега Залётнева “Адзінокі птах”, прысвечаную апошняму дню жыцця Адама Міцкевіча, і оперу “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” таго ж аўтара. Ці не замала?..

Зірнем на наша… з-за мяжы

Адна з асаблівасцей “Белай вежы” — заўсёды ідэальны выбар спектакля адкрыцця. Той звычайна бывае айчынным, вясёлым, музычным, добра касцюміраваным, таму падабаецца публіцы, якая ў дзень адкрыцця форуму прагне святочнага настрою. Невыпадкова некалькі гадоў запар фестываль пачынаўся са спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Сёлета гэта была “Дванаццатая ноч” Шэкспіра. Як жа ацанілі яе замежныя крытыкі: Ганна Круліца з Польшчы, Марыя Храпачова з Украіны, Марыя Танана з Літвы, Этэры Кекелідзэ з Эстоніі?

У спектаклі, адзначылі яны, вабіць музычны складнік, жывыя спевы артыстаў, ігра Уладзіміра Глотава ў ролі блазна, які рухае дзеянне. Але не стае развіцця філасофіі, якую абяцае пралог з “залатымі чалавечкамі” — Месяцам і Сонцам, бо, урэшце, многае зводзіцца да забаўляльнасці. Да таго ж, гумар выкладаецца ў эстэтыцы тэатра масак, з-за чаго залішне акцэнтуюцца элементы вулічнага мастацтва, карнавальнай культуры. “Золата” аказваецца рознай пробы, бо залатым (без усялякага двукосся) чалавекам становіцца Мальволіа ў вельмі глыбокім, нечакана трагічным увасабленні Аляксандра Суцкавера. Падаецца, спектакль не складваецца ў адзінае цэлае. Першай дзеі не хапае тэмпарытму, на які працуе хіба так і не ўцямленае, прынамсі мной, бессэнсоўнае перасоўванне вешалак з адзеннем. У другой — тэмпарытм знойдзены, але дзеянне сыходзіць часам не ў самыя ўдалыя кірункі. Рэжысёр Сяргей Кавальчык шукае новую мастацкую мову, удала ўвасабляе “паралельныя сусветы”, калі ідзе адначасовы пераказ, што здарылася з Віёлай, а што — з яе братам. Але ў выніку галоўнай ідэяй спектакля становіцца перамога кансьюмерызму — культа спажывання. Трывожны сімптом.

Неадназначна быў успрыняты і “Казіны востраў” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Для нас гэты спектакль сімвалізаваў выхад калектыву з перыяду працяглага рамонту будынка і звязанага з гэтым творчага крызісу. Замежныя ж крытыкі звярнулі ўвагу на нестыкоўку прыгожай сцэнаграфіі, спробы “пашаманіць”, выклікаючы “духаў вострава”, з цьмяным агульным сэнсам спектакля, на не заўсёды добрае маўленне артыстаў (можа, перашкодзіла надта вялікая зала?).

Монаспектакль “Пачакай, сонца!” Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” Беларускай дзяржаўнай філармоніі замежнымі крытыкамі публічна не абмяркоўваўся. Справа да гэтага не дайшла пасля, падаецца, цалкам стрыманага ўступнага слова. Увогуле, фестываль у чарговы раз выявіў, як складана прыслухоўвацца да палітры думак пра свае працы. У гэтым сэнсе варта браць прыклад з еўрапейскіх артыстаў: адно тое, як яны цікавіліся розгаласам і самім успрыняццем сваёй творчасці, заслугоўвае павагі.

Ды ўсё ж самым, бадай, поўным, грунтоўным, рознабаковым, з мноствам “за” і “супраць” было абмеркаванне спектакля гаспадароў: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы вылучыў на фестываль нядаўнюю прэм’еру сваёй Малой залы — “Дарагая Алена Сяргееўна”. Як па мне, дык трэба было паказваць іншую працу таго ж рэжысёра Цімафея Ільеўскага — “Маладая сям’я здыме кватэру”, якую прывозілі ў сталіцу на гастролі: там і п’еса савецкага часу была неяк натуральна прыстасавана да цяперашняй рэчаіснасці, і візуальныя сродкі сталіся больш сучаснымі. Але можна зразумець кіраўніцтва тэатра, якое па ўсіх правілах праславутай беларускай гасціннасці вызваляла вялікую сцэну найперш для гасцей. Затое цяперашні фестывальны спектакль пераўзыходзіў ранейшы гастрольны па акцёрскіх работах маладых артыстаў. У тым, што гэта заслуга менавіта пастаноўшчыка, а не выключна даных творчай моладзі, можна было пераканацца, калі наступным вечарам адзін з самых яркіх удзельнікаў спектакля выйшаў абвяшчаць гасцей без папярэдняй “рэпетыцыі з рэжысёрам”: куды падзелася ўсё моўнае майстэрства і неверагодная сцэнічная прыцягальнасць?

Ды ўсё ж галоўнай праблемай, з якой сутыкнуліся пастаноўшчыкі, было “супраціўленне матэрыялу”. П’еса Людмілы Разумоўскай, узнікнуўшы на мяжы 1970 — 1980-х, хаця і была некаторы час забаронена, адпавядала тагачасным ідэалістычным поглядам на жыццё. Сёння той тэкст успрымаецца зусім іначай. Калі ўдумліва ў яго ўчытацца, настаўніца аказваецца не пацярпелай, а адной з галоўных вінаватых: яна нічога не ведае пра сваіх вучняў, не змагла ні даць ім ведаў (ніводнага рашэння ва ўсёй кантрольнай — красамоўны паказальнік), ні “павесці за сабой”, каб усю іх энергію, вынаходлівасць, хуткую рэакцыю, уменне імгненна прымаць рашэнні направіць у іншае рэчышча і не дапусціць учынкаў, за якія камусьці з іх потым будзе сорамна. Праблема пераацэнкі каштоўнасцей, пры якой павінна быць праведзена мяжа паміж сапраўднай і ўяўнай духоўнасцю, народжанай сістэмай падвойных стандартаў і пустых, не падмацаваных жыццём лозунгаў, у спектаклі вырашана не была. Таму такім замілавана меладраматычным (а на справе — жудасным у сваёй безвыходнасці) успрымаецца фінал: праз гады настаўніца ледзь не “з любоўю” згадвае былое здарэнне. І, як няцяжка зразумець, усё гэтак жа выкладае ў школе, ніколькі не змяніўшы сваіх педагагічных метадаў і ідэалістычных поглядаў на жыццё, якія калісьці не вытрымалі праверку на трываласць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"