50 на 50?

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Вяртаючыся да надрукаванага / Яшчэ раз пра гастролі гомельскай “Маладзёжкі” ў Мінску
Гастролі абласных тэатраў у сталіцы — заўжды добра. Апрыёры. Але пытанне: што везці? У разліку на крытыкаў (а дзе гарантыя, што яны прыйдуць?) ці на публіку, больш дакладна — кантынгент пэўнай тэатральнай пляцоўкі? Дык мо праславутыя “50 на 50”?

/i/content/pi/cult/607/13510/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Мой легиянер". / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Як ні дзіўна, але з трох спектакляў Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, які літаральна адразу пасля сталічных гастроляў патрапіў у навіны праз гучную (таму што нечаканую) змену кіраўніцтва, я вылучыла б найперш дзіцячы, які не прэтэндуе ні на “авангард” тэатральных формаў і жанраў, ні на рэвалюцыйны творчы эксперымент, ні на закручаную філасофскую сімволіку, — “Храбрае сэрца”. Пры ўсёй адсутнасці пералічанага, у ім няма і налёту эстэтычнай састарэласці, вельмі часта ўласцівай казкам для дзяцей. Садзейнічае гэтаму не толькі музычнае афармленне з элементамі джаза, але і праца мастака Святланы Макаранка: умоўныя дрэвы на задніку, але добра аформленае азярцо-балота з камышом, прыдатнае нават для афармлення “жывога кутка” прыроды ў офісных умовах. У сцэнічных строях жывёлаў бывае цяжка знайсці неабходную гармонію паміж элементамі сучаснага адзення (пажадана яшчэ і “модненькіх прыкідаў”) і пазнавальнасці вобразаў. Дый самі абліччы звяроў — на што павінны арыентавацца? На іх “мульцяшныя” ўяўленні — ці больш блізкія да рэчаіснасці, часта не вядомыя цяперашняй дзятве? У спектаклі гэтыя праблемы вырашаны бліскуча. Воўк (Віталь Сазонаў) паўстае гэткім стыльна апранутым, “інтэлігентным хуліганам”, што шукае свой абед з нажом і відэльцам у руках. Заяц (Дзмітрый Попчанка) — барадата-таўставата-нягеглы, у модных (асабліва некалькі гадоў таму) штанцах, але з незразумелымі “вушкамі” на шапцы, падобнымі да звялых морквінаў. Іншая справа — яркая “першая прыгажуня” Вавёрка (Лізавета Астрахава), сапраўдную адсутнасць густу якой выдае жудасны хвост (між іншым, менавіта ім і захапляюцца персанажы спектакля), які нагадвае вялікіх памераў пафарбаваную авоську-сетачку для гародніны. Ну, а Сароку невыпадкова называюць у спектаклі “птушкай-піяніна”: гэта, па сутнасці, вобраз настаўніцы — у строгіх чорна-белых колерах, але з адметнай пелярынай у спалучэнні з брыджамі.

Пайшоўшы крыху далей за п’есу Міхаіла Барценева, рэжысёр Міхаіл Краснабаеў мог бы зрабіць сапраўдны сямейны спектакль, які так і напрошваецца пры дадзеным сюжэтным разгорце: Вавёрачка хоча сябраваць толькі з самым смелым, імгненна змяняючы сяброўскае кола ў адпаведнасці з “новымі абставінамі”. Чым не жыццёвая сітуацыя? Але нас чакае традыцыйны хэпі-энд, які пры такім раскладзе насамрэч трансфармуецца ў трагедыю: бедны Заяц, ён ніяк не ўцяміць, што Вавёрачка кахае не яго, а… пэўныя ягоныя якасці (у жыцці гэта часцей прыгажосць, пасада, грошы, кватэра — што заўгодна, акрамя, уласна, канкрэтнага чалавека).

Каханню былі прысвечаны два іншыя спектаклі Гомельскага маладзёжнага. Найперш гэта “Дзе адступае каханне…” паводле п’есы “З каханымі не расставайцеся” Аляксандра Валодзіна (між іншым, ураджэнца Мінска). У пастаноўцы вельмі таленавітага, шмат у чым знакавага беларускага рэжысёра Якава Натапава зроблена ўсё, каб сцэнічны аповед спадабаўся моладзі: і элементы экзістэнцыі, калі ўсё дзеянне ўспрымаецца плодам хваравітай свядомасці гераіні, літаральна на мяжы жыцця і смерці, і нават з’яўленне ў адной са сцэн масак, што ператвараюць герояў ледзь не ў вампіраў-упыроў-ажылых мерцвякоў. Але сцэна сапраўднага савецкага абсурду (з’яўленне жанчыны, якая распавядае пра немагчымасць знесці ўзведзеную калісьці ў кватэры сцяну), дзе праз сімволіку найбольш яскрава выяўлена тэма чалавечай адзіноты і непаразумення, тут скарочана. І на першы план выходзіць тое, як п’еса з усіх сваіх сіл супраціўляецца “асучасніванню”. І — перамагае.

У яшчэ адным спектаклі таго ж Натапава “Мой легіянер” паводле п’есы Ксеніі Драгунскай прыцягваюць спевы Зоі Гарынай. Пры немагчымасці паўтарыць спеўнае аблічча Эдыт Піяф (тэатр — гэта не шоу двайнікоў і не тэлепраект кшталту “Адзін у адзін”), у некаторых момантах адбываецца магія сапраўднага пераўвасаблення: яшчэ крыху — і мы канчаткова паверым (хаця такія задачы і не стаяць, нас адпачаткова пераконваюць, што гэта толькі фантазіі, “гульня”), што бачым і чуем “французскага верабейку”, хай і ў “перакладзе” — ва ўсіх сэнсах. Але спектаклю ў цэлым не хапае густу, відовішча раз-пораз скатваецца да камедыйнасці, іншых непатрэбных тут рэчаў. Пэўна, касу гэта і збярэ — сярод пэўнай катэгорыі гледачоў. Толькі дзеля чаго?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"