Планавы канцэрт

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

У тур са сваім журналістам... / Што выгадна ДК, негатыў да нашых і ці “прыдушвае” суперніцтва
Мы едзем у Дзяржынск Мінскай вобласці. Хто гэтыя “мы”? За стырном уласнага аўтамабіля — Аляксей Хлястоў, беларускі эстрадны артыст, побач з ім — яго канцэртны дырэктар Руслан Васільеў, на заднім сядзенні — гукарэжысёр кампаніі “Добры гук” Мікіта Трухан ды я, вядучы цыкла “У тур са сваім журналістам” у газеце “Культура”. У Дзяржынску нас сустрэне трэці чалавек “каманды Хлястова” — канцэртны менеджар Максім Алешка. І — публіка, якая прыйдзе на сумесны выступ Аляксея ды Іны Афанасьевай. Едзем, каратаем і без таго кароткі шлях гутаркай аб “справах нашых журботных”: калякаем пра выязную канцэртную дзейнасць айчынных спевакоў. Далучайцеся, яшчэ адно месца ў машыне ёсць...

/i/content/pi/cult/607/13503/13-1.jpgХто каго

Даваць рэгулярныя, убудаваныя ў нейкі план, сольныя канцэрты па краіне Аляксей Хлястоў пачаў са студзеня 2004 года.

— Што з тых часоў змянілася ў маiм гастрольным жыцці і вакол яго?.. — задумваецца артыст. — Тэмп яго павялічыўся: калі раней я даваў адзін выязны канцэрт у дзень, то цяпер за суткі магу выступіць тройчы, прычым — у розных населеных пунктах! Многія дамы культуры прывялі ў належны стан, ад некаторых з такіх проста “збянтэжанасць” бярэ — у добрым сэнсе гэтага слова. І самі будынкі выглядаюць выдатна, і абсталяванне са святлом у іх, наколькі гэта магчыма, адпавядае сучасным патрабаванням. Работнікі іх, калі абагульняць, таксама на сваім месцы. Не, усялякае, вядома, здараецца, напрыклад, калі прымаючы бок у нейкіх момантах “распісваецца” ва ўласнай бездапаможнасці, але ў цэлым тэндэнцыі да пагаршэння ў гэтым сэнсе няма.

А раздражняе Аляксея тое, што ў некаторых гарадах проста адмахваюцца ад беларускіх артыстаў: “Там наогул культурнае жыццё нібы памерла, такое ўражанне закрадаецца. Касы не працуюць, ніякіх афіш няма, з адміністрацыі ДК нікога знайсці немагчыма”. Зыходзячы са свайго туравага канцэртнага вопыту, Хлястоў ведае: чым далейшы ягоны выступ геаграфічна ад Мінска ды Мінскай вобласці, тым ён і арганізаваны будзе лепш. (Прыемныя “выключэнні” здараюцца, як у Дзяржынску, да прыкладу.) “Асобныя калясталiчныя кіраўнікі ўстаноў клубнага тыпу злёгку заелiся. Глядзіш у іх вочы, а там такая абыякавасць і да мяне як да артыста, і да сваёй працы. Вядома, кіраўнікам ДК выгадна пракатваць замежных артыстаў катэгорыі “A”. У іх цэннік на білеты нашмат вышэйшы, то бок і прыбытак у дамоў культуры іншы. А ёсць яшчэ выканаўцы катэгорыі “B”, “C”, якія таксама ў літаральным сэнсе адбіраюць грошы ў нашых. З камерцыйнага пункту гледжання адміністрацыі ДК маюць рацыю. Але няўжо ў некаторых такіх дзеячаў няма пачуцця адказнасці перад айчыннымі артыстамі, перад родным мастацтвам? Што, ім усё адно, што будзе з беларускай папулярнай музыкай праз пару-тройку гадоў? Бо нам у такой “барацьбе” з калегамі з-за мяжы не пакідаюць шанцаў на выжыванне. Я хацеў бы паглядзець, што сталася б з дырэктарам якога-небудзь украінскага цэнтра культуры, каб ён адмовіў у выступе ў сябе свайму музыканту на карысць замежнага. Вось дзе патрыятызм, здаровы, правільны, вось дзе падтрымка роднай культуры! А наш патэлефануе, выклянчыць мяне на дзень горада за зусім умоўны ганарар, а потым нос верне: “Нічога не магу зрабіць, у мяне хутка Стас Міхайлаў”. Усё, заслона, ніякага “фідбэка”. Часам складваецца адчуванне, што нас наогул за артыстаў не лічаць: “Давай, ідзі за тры рублі адпрацуй, табе складана, ці што?” Так і жывём”.

У Хлястова наступны механізм узаемадзеяння з магчымай прымаючай арганізацыяй: менеджары спевака сістэматычна манітораць сітуацыю з сольнікам па краіне, тэлефануюць у перспектыўныя, з іх пункту гледжання, установы культуры, высвятляючы, ці ёсць цікавасць да іх “патрона”. Калі такая маецца, менеджары выязджаюць на месца і ўзгадняюць усе крокі па правядзенні канцэрта (дзень, час, таймінг, кошт білетаў, размеркаванне прыбытку, рэклама, падтрымка ў СМІ), і кантакты гэтыя (асабістыя, па тэлефоне, праз інтэрнэт) не спыняюцца да гадзіны пачатку выступлення. Меншы працэнт ад выручкі ўстановы бяруць сабе, астатняе  — камандзе Хлястова (уключаючы боса) у адпаведнасці з прынятай дамоўленасцю. Асноўныя афішы замаўляюцца ды друкуюцца за сродкі “брыгады” (за іх жа грошы аплачваецца расклейка), дадатковыя (калі спатрэбяцца) — мясцовымі “аргамi”. А яшчэ Аляксеем выплачваюцца аўтарскія адлічэнні стваральнікам песень, падатак з канцэртнай дзейнасці. Страшна падумаць, што ў выніку дастаецца таму, хто нас сёння забаўляў. Таму ўсе спекуляцыі на тэму “а чаго гэта ён пад “мінусавую” інструментальную фанаграму выступае, а не з “жывым” складам?” смешныя. На жаль, такія рэаліі. У жніўні ды за палову верасня Хлястоў даў каля трыццаці канцэртаў (тры з іх разам з Афанасьевай), што яго вельмі радуе. У маі-ліпені ў яго было па 3 — 4 мерапрыемствы ў месяц. Добрымі ў плане фінансаў атрымаліся 2013 — 2014 гады, менш удалым — мінулы. Увогуле, вырашайце: ці лёгкае ды “самавiтае” жыццё беларускага артыста.

У апошнія паўтара-два гады заробак канцэртны служыць для Аляксея асноўнай крыніцай прыбытку. Праславутых карпаратываў стала менш, ды і наогул запрашаюць на іх сёння збольшага кавер-выканаўцаў. Некалькі гадоў таму як “іпэшнік” (якім ён з’яўляецца і дагэтуль, адначасова працуючы ў Маладзёжным тэатры эстрады (артыстам-вакалістам вышэйшай катэгорыі), спявак зарэгістраваў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, якое займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў. Аднак у 2013-м з-за не надта высокай рэнтабельнасці дзейнасць яго прыпыніў. Ён іграе ў Сучасным мастацкім тэатры — Пьетра ў спектаклі “Вар’яцкі трохкутнік” (для душы і таму што хочацца прымерыць на сябе маску драматычнага акцёра). Нядаўна пачаў здымацца ў серыялах — у эпізодах (але не ў ролі камеа), аднак распаўсюджвацца аб тым, што гэта ды ў каго гэта, пакуль не спяшаецца. “У свае 40 гадоў я стаў схільны да творчых “авантур”, — смяецца Аляксей.

Трымаліся моцна

...Дырэктар Гарадскога дома культуры Таццяна Чаган абдымае Хлястова ды нагадвае яму, што ў мінулым верасні ён адкрываў творчы сезон установы, адкрывае і гэты — юбілейны ў яе гісторыі, 55-ы. Аляксей у гэтым горадзе канцэртуе практычна кожны год і задаволены тым прыёмам, які яму аказвае ГДК. Задаволеная артыстам і Таццяна Іванаўна: “касу” ён збірае, да сваёй гастрольнай працы ставіцца адказна. Спявак і дырэктар удакладняюць апошнія нюансы: так, спадарыня Чаган прапануе праілюстраваць выступленні выканаўцаў відэашэрагам і, вядома, атрымлівае згоду.

Аляксей распяваецца: “Чаму ў якасці рэпетыцыйнай бяру “песняроўскую” “Вераніку” (на канцэрце буду яе спяваць)? Яна дазваляе акуратна разаграваць звязкі”. А касцяк яго праграмы складаюць правераныя часам шлягеры: “Адкажы мне, чаму...”, “Люблю цябе да вар’яцтва”, “Уварвацца ў неба”. Праз нейкі час Хлястова змяняе на сцэне Афанасьева, якая прыехала ў горад крыху пазней за яго. Надыходзіць яе чарга рэпеціраваць...

Іна і стартавала “тандэм-вечар”. З першага ж хіта (“Жемчуга”) аншлагавая зала пачынае ёй падпяваць, і такое перыядычнае харавое выкананне затым перакінецца на сэт Хлястова. “Сапраўдны мужчына”, — прадставіла Афанасьева партнёра, заканчваючы сваю 45-хвілінную праграму, і зоркі “далі” дуэтную песню “Трымай мяне”.

А завяршылася свята двух выканаўцаў “намбэр уан” на айчыннай поп-сцэне на ноце патрыятычнай — у фінале Хлястоў праспяваў гімн Усебеларускага народнага сходу: з крэслаў публіка паднялася. Па ўручаным артыстам кветках мною была зафіксавана нічыя, па апладысментах ды крыках “брава!” — таксама прыкладна роўнасць. Маленькая дзяўчынка з другога шэрагу больш танчыла ў праходзе пад кампазіцыі Аляксея, хоць аддзяленне Іны па тэмпе ды рытміцы песень было больш дынамічным. Яна шмат гутарыла з залай, мне нават здалося, ледзь перабрала з самаіроніяй. “Афанасьева ж без малога 30 гадоў на прафесійнай эстрадзе, адкуль у нашых мэтраў гэтыя... комплексы, ці што, схаваныя як бы за паўжартамi? Характарызаваць у самых прыгожых эпітэтах свае знешнасць ды голас на публіцы, каб атрымаць ад яе ўхвальную рэакцыю? Няўжо так “суперніцтва” з расійскімі гастралёрамі “прыдушвае”?” — спытаў я на зваротным шляху ў Аляксея. “Табе здалося, — адказаў той. — Мы з Інай сябруем вельмі даўно. Гэта абсалютна адэкватны, ураўнаважаны чалавек. Так, вельмі прыгожая жанчына, так, у яе шыкоўны голас. Ну, дык чаму пра гэта лішні раз у жартаўлівым тоне не паведаміць публіцы? Ведаеш, нас жа яе эмоцыі ох як сілкуюць. І лепш, натуральна, калі яны станоўчыя”.

З песень, выкананых Афанасьевай, асабліва адзначу кавер знакамітага “Жураўліка”: ад кананічнай пугачоўскай версіі засталіся мелодыя ды тэкст, а ў новай аранжыроўцы пераважаюць фанк-джазавыя адценні.

Адпрацаваўшы сваю частку, Іна памчалася на аўто ў Мінск. Аляксей жа, ледзь прыйшоўшы ў сябе пасля сваёй, працягласцю амаль у гадзіну, праграмы, саграваў гарбатай звязкі (“У выканаўцаў пры пастаянных выступах голас падсаджваецца, як у гэтым туры і ў Іны, і ў мяне. Чуеш?..” — Аляксей пагладзіў далонню горла). Затым выйшаў у фае і яшчэ хвілін 15 фатаграфаваўся з усімі ахвотнымі. Папярэджаных спеваком падчас канцэрта, што па яго завяршэнні пройдзе “фотасесія” з ім, аказалася шмат. Здымаліся сем’ямі і паасобку, бралі аўтографы, якія музыкант пакідаў на пласцінках, што прадавалiся тут жа (з дзясятак, напэўна, “сышло”).

Хоць праверце...

Што ў чарговы раз паказаў у прынцыпе радавы сольны (ну, паўсольны) канцэрт гэтага лірычнага выканаўцы за межамі Мінска? Што насуперак ходкай шматгадовай думцы некаторых журналістаў, музычных крытыкаў ды інтэрнэт-троляў, наш глядач нашу “топавую” сучасную эстраду любіць і негатыву да яе не адчувае. Пацвярджэннем таму служыць прыём, створаны дзяржынскай публікай артыстам. Чую галасы нязгодных, маўляў, так, чатырыста чалавек, якiя захоплена прымалі выканаўцаў, — гэта велічыня, але выбарка ўжо вельмі рэпрэзентатыўная, каб дапусціць такое абагульненне пра любоў і нелюбоў. Праверце, з’ездзіўшы з якім-небудзь вядомым сталічным поп-музыкантам за “кальцавую”, і вы пераканаецеся, што я маю рацыю. А вось пра якасць песеннага матэрыялу спрачацца, вядома, можна, трэба ды, напэўна, карысна. Асабліва скрозь прызму сусветнага шоу-бізнесу...

Мінск — Дзяржынск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"