Раяльна і сюітна

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Міжнародны дзень музыкі, які святкуецца 1 кастрычніка, адзначылі і ў Беларусі. У сталічнай філармоніі ў рамках Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета выступаў знакаміты піяніст, народны артыст Расіі Мікалай Луганскі. А Вялікі тэатр прымеркаваў да свята праграму “Музыка на ўсе часы”.

/i/content/pi/cult/607/13501/12-1.jpg

Дырыжор Хобарт Эрл, Аксана Волкава і Далі Гуцарыева. / Фота прадастаўлена тэатрам

Мікалай Луганскі выступаў з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, за пультам якога стаяў запрошаны расійскі дырыжор Аляксей Шацкі. У другім аддзяленні выконвалася рахманінаўская “Рапсодыя на тэму Паганіні”, потым саліст шмат іграў “на біс”. Пачаўся ж канцэрт з сімфанічнай паэмы “Прэлюды” Ліста, дзе сакавіта, надзвычай “цялесна” гучалі струнныя з падкрэсленымі тэмбрамі віяланчэляў і кантрабасаў, магутна наступалі медныя. А заўважнае ў некаторых момантах крыху хісткае “плаванне” валторнаў толькі спрыяла хвалевай драматургіі, выяўляючы нястрымныя пошукі, што вядзе рамантычны герой. На ролю апошняга мог прэтэндаваць і сам дырыжор (дарэчы, канцэртуючы скрыпач) — з амаль піяністычнай кісцю, доўгімі пальцамі, што быццам ствараюць музыку адно рухамі. Аркестр быў добра збалансаваны, скрозь усю яго моц без асаблівых праблем прарываліся капежныя струменчыкі арфы, а выразныя фразы струнных ледзь не выціскалі слязу ва ўдзячных слухачоў.

У Трэцім канцэрце Пракоф’ева ўсе позіркі скіраваліся на саліста, які пазіцыянаваў сябе не столькі адзіным лідарам, колькі, адпаведна партытуры, годным партнёрам агульнага музычнага кангламерата. Луганскі нідзе не выпінаў сваю партыю, падзяляючы складаную фактуру на “раяль і ўсё астатняе”. Ён уступаў не столькі ў спаборніцтва, колькі ў дыялогі на роўных (у тым ліку, з кастаньетамі), ахопліваючы ўсе фарбы фартэпіяннага тэмбра. Не злоўжываючы сухімі гучаннямі, іграў па-руску ярка, маляўніча: востра, з трывожным рокатам, іранічна-казачна, задзірыста, кірмашова, “крыштальна” — у кожным раздзеле па-новаму. У шалёных пасажах была чуваць кожная нотка, лірычныя ж тэмы нідзе не рамантызаваліся, застаючыся прыналежнымі да ХХ стагоддзя і пракоф’еўскага стылю. Аркестру, магчыма, часам не хапала сінхроннасці. Не, ён не “квакаў”, імкнучыся патрапіць у ноту з салістам, але, здавалася, і не дыхаў разам з ім, пакідаючы ўражанне, што гэта піяніст “прыстасоўваецца” да аркестрантаў, а не наадварот.

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі святкаваў Дзень музыкі з большай урачыстасцю. Перад пачаткам канцэрта “Музыка на ўсе часы” у фае грала трыа “Ларэлея”, складзенае з флейты, скрыпкі і віяланчэлі. У вельмі працяглым па часе антракце (бо сцэну, занятую аркестрам, трэба было падрыхтаваць да балетнага спектакля “Карміна Бурана”) — ансамбль струнных “Серэнада”. Так што замест аднаго заяўленага канцэрта публіка атрымала адразу тры, нічым не горшыя адзін за другі.

Вядома, з цікавасцю чакалася выступленне юнай расійскай віяланчэлісткі, лаўрэата Міжнароднага конкурсу імя Сяргея Кнушавіцкага Далі Гуцарыевай (дзякуючы яе ўдзелу на канцэрт адгукнуліся расійскія СМІ). Цікавасць узрастала і таму, што ў нас моцная віяланчэльная школа, прадстаўленая найперш выхаванцамі Уладзіміра Перліна, і таму, што менавіта для Далі была створана Сюіта Канстанціна Баярскага — брытанска-расійскага скрыпача і кампазітара, канцэртмайстра аркестра Каралеўскага опернага тэатра Ковент-Гардэн у Лондане.

Асаблівы настрой стварыла і сцэнаграфія, пазычаная з карціны царскага балю ў “Пікавай даме” Чайкоўскага, і “Святочная ўверцюра” Шастаковіча, што на ўсю моц дэманструе кампазітарскі талент гэтага легендарнага творцы, які выявіўся нават у падобным “заказным” творы, прымеркаваным да адкрыцця ў 1954 годзе фантана на ВДНГ. Такое атачэнне патрабавала адпаведнага ўзроўню і ад згаданай сюіты для голасу, віяланчэлі і аркестра, і ад першага ў Беларусі яе выканання. А між тым, музыканты былі пастаўлены ў складаныя ўмовы. Твор прызначаўся для сапрана, а салісткай павінна была выступіць наша сусветна знакамітая мецца Аксана Волкава. Вакальную партыю адаптавалі, але гэта пацягнула за сабой і некаторыя змены ва ўсім творы цалкам. Той жа віяланчэлістцы са спрытнасцю прафесіянала трэба было прыстасавацца да ўнесеных змяненняў, але ўсе дапамагалі ёй справіцца са складанай партыяй. А дырыжор Хобарт Эрл, раз-пораз спускаючыся з подыуму, уласнаручна пераварочваў ёй нотныя старонкі. Ураджэнец Венесуэлы, ён вучыўся ў Шатландыі, Ірландыі, Англіі, ЗША, Аўстрыі і ўжо 15 гадоў узначальвае аркестр Адэскай філармоніі. А да нас патрапіў упершыню, у поўным сэнсе выратоўваючы сітуацыю, бо напярэдадні канцэрта захварэў запрошаны правесці праграму іншы дырыжор.

Публіка не здагадалася ні пра якія “падводныя камяні” і неспрыяльныя абставіны. А голас Аксаны Волкавай, у той вечар асабліва кранальны, багаты на абертоны і мяккае ззянне аксаміту, і дагэтуль гучыць у вушах. Адно бянтэжыць: гледачоў, магчыма, магло быць больш, каб больш актыўна падкрэслівалася, што пасля “будуць танцы” — не канцэртнае, а балетнае, пастаўленае 33 гады таму Валянцінам Елізар’евым увасабленне “Карміны Бураны”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"