Культурныя ракурсы

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Надвор’е не цешыць, але знешнія шэрасць і непагадзь не павінны ўплываць на актыўнасць і настрой чытачоў “К”. Газета, як і раней, чакае лістоў з усёй краіны пра тое, што адбываецца ў сферы.

/i/content/pi/cult/607/13498/11-1.jpgЗ 11 па 15 кастрычніка ў Магілёве пройдзе V Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім аблвыканкамам, Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай працы. Мэты форуму накіраваны на развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей, абмен культурнымі і духоўнымі каштоўнасцямі, вопытам работы па захаванні і актуалізацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, папулярызацыю лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнай, сусветнай культуры і мастацтва. Удзел у форуме прымуць вучоныя і спецыялісты па вывучэнні фальклору з больш чым 10 краін свету, а таксама дырэктары абласных цэнтраў народнай творчасці, спецыялісты ўстаноў культуры абласцей рэспублікі.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа паведамляе, што 28 верасня ў Мінску адбыўся вечар, прысвечаны Міжнароднаму дню перакладчыка. Вядома, што творы класіка перакладзены на 40 моваў свету, а сам пісьменнік зрабіў беларускамоўнай пушкінскую “Палтаву”, некаторыя творы Лермантава, Шаўчэнкі, Тычыны. На мерапрыемстве гучалі французскія песні ў выкананні ансамбля “Каравэла” сталічнай гімназіі № 8, творы Коласа на англійскай, нямецкай і, зноў жа, на французскай мовах, а таксама пераклад песняра з Рабіндраната Тагора “Скажы мне, мой любы…” у выкананні заснавальніка і кіраўніка Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” Галіны Дзягілевай.

У сераду ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё фотавыставы "Кніжныя людзі" ў рамках IV Міжнароднага кангрэсу “Бібліятэка як феномен культуры”. Фотапраект быў задуманы і ажыццёўлены калектывам Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі як творчая форма прасоўвання чытання і папулярызацыі літаратуры. Бібліятэкары ў сваім праекце выкарысталі гістарычныя касцюмы і стылізаваныя элементы, стварылі ўнікальную фотагалерэю партрэтаў знаёмых усім літаратурных герояў: міс Марпл, Астапа Бэндара, булгакаўскай Маргарыты, Алісы з краіны цудаў, коласаўскага Андрэя Лабановіча і іншых. Адгукнуліся на ідэю і рэалізавалі яе гомельскія фатографы Святлана Лазарэнка і Андрэй Маісейкаў.

Мінская дзіцячая бібліятэка № 8 на сваёй невялікай плошчы экспанавала сем цудаў бібліятэк: макет Нацыяналкі, зроблены з кніг, кніжны дождж — інавацыйную выставу новых выданняў, вёску казачных герояў, фонд незвычайных кніг (музычных, з махнатымі старонкамі, кнігі-пазлы, з 3D-малюнкамі, кнігі на кольцах, з выразанымі старонкамі, аб’ёмнымі малюнкамі), бібліяцацкі, берасцяныя граматы і бібліятэчнага дамавіка — Стэлажнага, — які дбае пра стан літаратуры, абсталявання, а таксама забаўляе дзяцей. Яны, у сваю чаргу, пазнаёміліся са шматлікімі цікавосткамі з бібліятэчнага свету. За інфармацыю дзякуем бібліятэкару Марыне Петрашкевіч.

Васіль Каткавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама, узгадаў пра Дзень работнікаў культуры, што заўтра адзначаюць у краіне, а разам з ім і сваіх паважаных калег з розных куткоў Беларусі, тых, хто плённа працуе або знаходзіцца на заслужаным адпачынку і тых, каго даўно ўжо няма з намі. Васіль Заруба, Валерый Гейхман, Анатоль Акушэвіч, Рыгор Бысюк, Марыя Паляк, Уладзімір Шаляговіч, Васіль Налівайка, Уладзімір Самсонаў, Аляксандр Рамановіч, Уладзімір Шулякоўскі, Яўген Сушко, Святлана Беразоўская, Людміла Дударава, Сяргей Агіевіч, Вікенцій Адамовіч. “Сёння, у наш складаны час, галоўнае захаваць сваю адметнасць і непаўторнасць і зрабіць усё, каб нацыянальная культура стала галоўным ідэалагічным аспектам дзейнасці кожнага рэгіёна”, — падкрэсліў Васіль Сцяпанавіч.

У Бабруйску ў верасні зрабілі стаўку на прафесійныя святы. Таму ў рамках акцыі “У гэты святочны час” мастацкія калектывы горада падарылі супрацоўнікам следчага камітэта, работнікам лесу і машынабудавання, установам адукацыі і культуры добры настрой. “Вядома, традыцыя займее працяг”, — паведаміла Ірына Аўсяннікава, метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў.

Народны фальклорны гурт вёскі Ахонава, што ў Дзятлаўскім раёне Гродзеншчыны адзначае восенню 30 гадоў. Гэты калектыў вядомы не толькі за межамі свайго рэгіёна: ён выступаў і ў Мінску, і ў Гродне, і ў Лідзе. Неаднаразова ўдзельнічаў у тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”. Творы з рэпертуару гурта ўвайшлі ў кнігу Тамары Варфаламеевай “Песні беларускага Панямоння”.

А ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны (Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць) адзначылі Міжнародны дзень пажылых людзей. 1 кастрычніка адбыўся літаратурна-музычны вечар “Душы не хочацца спакою”, на які сабраліся чытачы-пенсіянеры, каб пагутарыць і атрымаць прыемныя ўражанні. Ліст пра тое мы атрымалі ад загадчыка ўстановы Алены Юневіч.

30 верасня ў Правамастоўскай сельскай бібліятэцы, як піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун, у рамках конкурсу “Год культуры крочыць па краіне” адбыўся вечар, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Падчас мерапрыемства гучалі творы беларускага класіка, вершы, прысвечаныя яго постаці.

“Чым адзначыўся верасень на Гомельшчыне, акрамя Дня беларускага пісьменства ды гарадскіх святаў? — задаецца ў сваім лісце пытаннем малодшы навуковы супрацоўнік Музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Алена Калугіна. — Днём памяці мастака Яўсея Маісеенкі ў Буда-Кашалёўскай мастацкай галерэі з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння”. Далей сталы пазаштатны аўтар “К” піша: “Прыязна сустракала гасцей дырэктар галерэі Людміла Жукава. Праграма мерапрыемства трымала ўвагу гледачоў. Многія з юнакоў і дзяўчат, што патрапілі на Дзень памяці Маісеенкі, дагэтуль не ведалі пра свайго знакамітага земляка амаль нічога. Вельмі ўдала, што супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь прывезлі фільм пра прыезд Яўсея Яўсеевіча на радзіму ў 1975-м. Чаго каштуе момант, калі маці Яўсея распавядала, чаму яе сын такі негаваркі: “Суседка казала: таму, што брахаць не ўмее”.

У зале прысутнічалі сваякі Маісеенкі. Дарэчы, у родзе пачалася дынастыя архітэктараў. Напрыклад, пляменнік Яўсея Яўсеевіча распрацаваў праект будаўніцтва галерэі ў Буда-Кашалёве. Цудоўна спявала артыстка Святлана Машкала з Пружан, з якімі ў галерэі партнёрскія сувязі. Госць з Санкт-Пецярбурга Валерый Выбаржанін, які ладзіць мастацкія пленэры на базе галерэі, падараваў карціну з выявай Маісеенкі пэндзля вучня мастака Сяргея Кічко. Бралі слова вядучы супрацоўнік НММ, даследчык мастацтва і асобы Маісеенкі Надзея Усава, прадстаўнікі мясцовай улады, гомельскі скульптар Дзмітрый Папоў, паэт Анатоль Зэкаў.

А мне з сумам згадаўся аўтограф ад 15 верасня 1977 года на манаграфіі мастака у гомельскім Музеі палацава-паркавага ансамбля. Маісеенка піша, што спадзяецца на персанальную выставу ў Гомелі. Дагэтуль і чакаем сустрэчы з яго карцінамі — прыкладам сапраўднага мастацтва. Мо тое і спраўдзіцца?”

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст