Падарожжа, што развярэдзіла сэрца

№ 41 (1271) 08.10.2016 - 14.10.2016 г

Экспрэс-тур з V.I.P.- земляком: Гомель / У хоры — не толькі дзядулі, у бібліятэцы збіраюць аўтографы, а культуры патрэбна прасоўванне
Гэта паездка планавалася з год: мы амаль дамаўляліся, але ў апошні момант усё зрывалася. Аднак, нягледзячы на неверагодную занятасць, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, мабыць, самы папулярны і запатрабаваны сучасны беларускі кінаартыст Павел Харланчук-Южакоў дадзенае ім абяцанне стрымаў і сустрэў мяне ў горадзе сваіх дзяцінства ды юнацтва. У падзяку я бязлітасна праэксплуатаваў яго, прастуджанага, у забегу па ўстановах культуры, з якімі ў яго было нешта звязана больш за 15 гадоў таму.

/i/content/pi/cult/607/13497/1-2.jpgАб ролі дрылёў у культуры

У дзяцінстве асаблівай схільнасці да чаго-небудзь творчага ў нашага героя не было. Што секцыі каратэ ды барацьбы, што выпальванне — прыхільнасці размяркоўваліся раўнамерна. Але ў гурток выразнага чытання Дома піянераў і школьнікаў Навабеліцкага раёна Гомеля нейкім чынам Павел патрапіў. Успаміны пра тое, наколькі выразна і пра што менавіта ён там чытаў, практычна начыста сцерліся з памяці Паўла Аляксандравіча (“нешта пра маму ды 8 сакавіка, відаць”). У 1987 годзе ў школу № 2, дзе навучаўся хлапчук, зазірнуў Валерый Курдзюмаў, які набіраў хлопцаў ды дзяўчат у тэатр лялек Дома культуры “Гомельдрэў” (так тады называўся Палац культуры “Беліцкі”). “Хлопцы пайшлі і я пайшоў”, — вось і ўся цяга да прыгожага. Адну лялечную пастаноўку — “Гусяня” — тэатр выпусціў, пасля чаго трансфармаваўся ў эксперыментальны тэатр “Сінтэз”, у якім ставіліся п’есы, спявалі, танцавалі, займаліся пластыкай, пантамімай. І літаральна з першых жа спектакляў (“Муха-цакатуха”, “Тараканішча” — з алюзіямі на таталітарныя грамадствы, “Мартышкін дом”...) новаўтварэнне стала грымець — шмат у чым дзякуючы таленту, несуцішнасцi, падзвіжніцтву яго кіраўніка. Паездкі па былым Саюзе, прадстаўленне дзіцячай творчасці за мяжой, званне “ўзорны”— гэта ўсё “тады”. Але ж “Сінтэз” і сёння ў нядрэннай форме і гэтак жа ўзначальвае яго Валерый Пятровіч. З самадзейнага тэатра, скончыўшы школу, Павел амаль наўпрост трапіў у Гомельскі абласны драматычны тэатр. Хоць па-ранейшаму пра нешта творчае сур’ёзна не думаў.

— Мама прапаноўвала ісці ў стаматолагі, — здзіўляе мяне акцёр. — Але тут у школу-інтэрнат, дзе яна выкладала рускую мову ды літаратуру, прыйшоў тагачасны галоўны рэжысёр драматычнага Уладзімір Караткевіч, які шукаў цікавую моладзь. І мама мяне ўгаварыла, маўляў, схадзі да яго, раптам сапраўды талент маецца?

— Уладзімір Аляксандравіч бываў на нашых спектаклях, — дапаўняе Курдзюмаў. — Думаю, Караткевіч Паўла у іх і адзначыў.

У тым жа 1995 годзе ён паступіў на завочнае акцёрскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (у Паўла ёсць і рэжысёрская адукацыя). А ў 2002-м перабраўся ў Мінск на сталае месца жыхарства ды працу (першай сталічнай трупай для яго стаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага).

Вось так мы і сядзелі ў кабінеце дырэктара “Беліцкага” Аляксандра Бандарэнкі: Павел Аляксандравіч згадваў, дыктафон запісваў, я слухаў ды адначасова спрабаваў больш карэктна сфармуляваць пытанне пра сённяшні дзень Палаца, знешні выгляд якога крыху ўвёў у ступар. Заляпаныя пабелам абабітыя прыступкі, несамавітая шыльда з назвай установы, упрытык плот. Унутры, такое ўражанне, дзе-нідзе задуманы рамонт. Нарэшце, фармулюю...

— Так, на першым паверсе ідзе рамонт, — пацвярджае Аляксандр Сяргеевіч, які кіруе Палацам тры гады. — Але я перакананы, што не месца фармуе чалавека, а чалавек месца. Канферэнц-залу зрабілі, калектывы нашы (а ўсяго іх у Палацы трыццаць) паспяхова выступаюць за мяжой. У краіне пастаянна займаем першыя месцы на конкурсах, як той жа хор ветэранаў, дзе спяваюць нават 90-гадовыя. Ёсць народны хор “Галасы Палесся”, дыксіленд, “Vasabi Jazz Band”.

Спадар Бандарэнка не прыхоўвае, што ёсць праблемы з сістэмамі ацяплення (з-за гэтага не так шмат у ПК займаецца дзяцей), з рамонтам будынка наогул, які адбываецца перманентна і касметычна галоўным чынам сіламі саміх супрацоўнікаў. Калісьці ААТ “Гомельдрэў” з прычыны таго, што не магло трымаць гэты ведамасны Палац, перадало яго на баланс горада. На жаль, і ў яго няма такіх сродкаў, каб прывесці тут усё ў поўны парадак адразу.

— Хтосьці можа сказаць, што ў паўруінах працуем, — гарачыцца Бандарэнка. — А традыцыі захавалі, мы патрэбныя на любых мерапрыемствах. Я не разумею, калі пачынаюць плакацца па тым, як дрэнна жыве беларуская культура. Нармальна яна жыве! У рэальных умовах. Мае людзі дрылямі на рынку не гандлююць, яны вядуць і свае гурткі, і яшчэ нешта ў культуры аплачвальнае я ім знаходжу, тыя ж дадатковыя канцэрты. У нас не фарбай пахне, а творчасцю!

Павел Аляксандравіч тыкае пальцам у столь: “Паверхам вышэй калісьці рэпетаваў гурт “Gods Tower”, а наогул, калі за кожную выхаваную ў Палацы творчую асобу ўзяць грошы з тых устаноў культуры, у якіх яны зараз на першых ролях, то ПК даўно ўжо мог бы дазволіць сабе новы, сучасны будынак”. “Знакаміты вакальна-інструментальны ансамбль “Сіняя птушка” быў створаны ў гэтых сценах, праўда, зваўся ён спачатку інакш”, — заўважае Аляксандр Бандарэнка.

Пры ўсім ідэалізме ён прызнае, што ў плане развіцця перспектывы ПК выглядаюць не надта выразна. Напрыклад, таму, што размяшчаецца Палац далёка не ў цэнтры горада, касавыя гастралёры сюды не едуць, “капусту” ў ім не “ссячэш” і стаўка на яго з гэтай прычыны не робіцца. Пастановачныя сродкі не вылучаюцца. “Самі зарабляем, з дапамогай, дапусцім, фестывальна-святочных праектаў, якія ў нас у прыярытэце, — скажам, навагоднія прадстаўленні ў вёсцы Бабкiёжкiна (на тэрыторыі аграсядзібы “Будзьма”)”. Палац хацеў бы праводзіць больш выязных мерапрыемстваў — у блізкіх да Гомеля вёсках, аднак уласнага транспарту ва ўстанове няма. “Я нейкі час працаваў начальнікам аддзела культуры ў Веткаўскім раёне, дык у мяне быў там цэлы аўтапарк...”

Паплач пра яго…

Кінатэатр “Мір” выглядае цукерачкай, нібы казачнай хаткай, — светлы, акуратна аформлены, здаецца, што і паветра ў ім асаблівае. Чатыры гады таму будынак быў капітальна адрамантаваны ды абсталяваны самай сучаснай тэхнікай. Прыстойных памераў бар, V.I.P.-зала на 6 месцаў, відэазала — на 30. Павел праводзіць рукой па крэслах залы вялікай:

— Я сядзеў яшчэ на драўляных. Плаціў 10 капеек на дзіцячы сеанс і глядзеў з сябрамі “Кінг-Конг жывы”. Плакалі, вядома, але слёзы хавалі. З бацькам неяк прыйшлі проста паглядзець фільм, не ведаючы, які менавіта будзе дэманстравацца. Паказвалі “Мяне клічуць Арлекіна”. А ў ім пара сцэн не для сярэдняга школьнага ўзросту. Выйшаўшы з залы, стараліся нейкі час адзін на аднаго не глядзець. Кажуць, што з наведваннем кінатэатраў у рэспубліцы справы цяпер ідуць не ідэальна, у тыя гады (пачатак 1990-х) было наогул дрэнна...

Сёння і ў “Міры” ў будні часам адмяняюцца дзённыя паказы — бiлеты не разыходзяцца (наганяюць “вал” за кошт выхадных). Ёсць “засада” з наведваннем сеансаў, якія заканчваюцца позна, калі перастаюць курсіраваць некаторыя маршруты грамадскага транспарту, і з беларускай кінапрадукцыяй, але крытычнай сітуацыю з гледачом тут не лічаць. Наадварот, як паведаміў дырэктар КУП “Кінатаўр” Мікалай Старасценка (прадпрыемства гасразліковага), у падпарадкаванні якога, акрамя “Міра”, знаходзяцца яшчэ кінатэатры імя Калініна ды “Кастрычнік”, сёлета ў іх пабывала 527 тысяч чалавек. Прыбытак склаў (у недэнамінаваных рублях) 15 мільярдаў, тэмп яго росту ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года — 132 %.

— Калі будуць касавыя фільмы, пойдуць аншлагі ды прыбытак, — кажа Мікалай Пятровіч. — Але мы не сядзім склаўшы рукі ў чаканні блокбастараў. Падрыхтавалі, да прыкладу, з партнёрамі трансляцыі сусветных культавых тэатральных, оперных, балетных пастановак. Гледачы, наколькі бачу, задаволены паслугамі, якія ім прапануюцца. Толькі просяць больш ладзіць сустрэч з замежнымі акцёрамі, але тое — надта затратна.

Перыядычна ў “Міры” ладзяць выставы карцін, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, літаратурныя мерапрыемствы, святы для дзяцей.

Я радуюся за “Мір”, а Паўла "катую" наконт айчыннага кінематографа.

— За апошнія гады была і пара айчынных праектаў, якія можна занесці ў актыў студыі, — адказвае ён. — Але калі ў “Беларусьфільма” нешта і з’яўляецца з годнага ўвагі, дык найчасцей як выключэнне — гэта значыць як бесперабойная, заўсёды якасная машына ён не працуе. А яшчэ перастаюць здымацца казкі, дзіцяча-юнацкі кантэнт знікае. Або рэжысёры маладыя ёсць, якія робяць класнае незалежнае кіно, а ў дзяржаўнае з іх прабіваюцца адзінкі, і тое чамусьці там хутка пачынаюць буксаваць, у выніку — вяртаюцца ў андэрграўнд. Не магу паверыць і ў тое, што няма добрых сцэнарыяў, але многае з таго, што перамагае на спецыяльных конкурсах, асабіста ў мяне даверу не выклікае. Парадокс: усяго паасобку ў нашым кіно хапае — цікавых рэжысёраў, артыстаў, тэхнічнага персаналу найвышэйшага ўзроўню, моцных прафесійных мастакоў і гэтак далей, а сабраць усё разам у нешта годнае атрымліваецца вельмі рэдка. Таму і залы на беларускіх стужках пустуюць. І мы вельмі залежныя ад расійскага кінавытворцы, абслугоўваючы яго. І не ўкладваем у сябе, што вядзе да страты твару свайго, да дэградацыі беларускага кінамастацтва. І вядзе. Колькі праблем сёння ва Украіне, а якая “дзвіжуха” там у нацыянальнай культуры! І іншае — няма разумення таго, як працаваць з гатовым прадуктам, прасоўваць яго, раскручваць.

І зноў аб прасоўванні

У Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Герцэна грузіўся кнігамі мікрааўтобус, які павінен быў развезці новыя паступленні па астатніх гомельскіх бібліятэках. У пачатку матэрыялу я схітраваў, бо сюды Павел Аляксандравіч у юнацтве не завітваў ні разу: ён наведваў “раёнку”, ды і тое не часта, бо ў сваёй хаце разнастайнай літаратуры яму хапала. Але ў ЦГБ яе дырэктар Таццяна Уласава, якая ўзначальвае і Дзяржаўную ўстанову “Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля” (яна размяшчаецца ў тым жа будынку, што і “цэнтралка”), распавяла нам пра тое, што адбываецца са сярэднестатыстычнымі бібліятэкамі наогул.

З ЦГБ нічога дрэннага, таму што глядзіцца яна казачна, з мноствам тэхнічных наваротаў, сучасным абсталяваннем, там усё прадумана да дробязяў і ўсё, як кажуць, для народа.

— Шчыра прызнаюся, беларускую мову я да нейкага моманту... нават не любіў, — адкрыта гаворыць акцёр. — Маім улюбёным пісьменнікам і па гэты дзень з’яўляецца Гогаль. Але калі, пасталеўшы, пад уплывам тэатральнай атмасферы, што называецца, нырнуў як след у гісторыю Беларусі, у яе мову, культуру, то ўсё гэта вельмі хутка адбілася на маім ўнутраным свеце (мая сям’я — беларускамоўная, уключаючы жонку, што родам з Мурманска). І бяда, што акрамя абоймы ў 15 — 20 класікаў, беларусы больш нікога са сваіх пісьменнікаў па вялікім рахунку не ведаюць. Але, пэўна, гэта не такая ўжо праблема для нас…

Таццяна Савельеўна падзяляе неспакой Паўла Аляксандравіча і звязвае непапулярнасць беларускай літаратуры таксама і з тым, што яе не ўмеюць прасоўваць, у добрым сэнсе навязваць чытачу. “На арэхі” ад дырэктара дастаецца СМІ, якія, адгукнуўшыся на нейкія даты, падзеі, новыя творы, вельмі хутка забываюць пра тых, каго яны “прыручылі”, далей не рухаюць імёны ў народ. Спадарыня Уласава наракае і на тое, што ў грамадстве няма сур’ёзных абмеркаванняў, дыспутаў, спрэчак вакол літаратуры. У ЦГБ ж беларускае пашыраюць здаўна і стала. Ужо дваццаты год тут праводзяцца пасяджэнні літаратурна-мастацкага салона “Сустрэчы на Замкавай”, у яго рамках праходзяць прэзентацыі, вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі. Як вынік — запатрабаванасць іх кніг. Праўда, канстатуе дырэктар, кола аматараў, што выбіраюць беларускае, не надта шырокае.

— Дык як, на ваш погляд, жывуць шараговыя бібліятэкі, Таццяна Савельеўна? — як бачыце, я не забыўся пра сярэднестатыстычныя ўстановы.

— І яны, і мы сапраўды ператвараемся ў культурна-забаўляльныя цэнтры. “Б’емся” любымі сродкамі за наведванне, за яго бясконцы рост. А, значыць, нехта дадае і тых “аддаленых карыстальнікаў”, хто на пяць секунд выпадкова зайшоў на сайт бібліятэкі. Выдумляюцца формы ўцягвання наведвальнікаў, “за вушы” прыцягнутыя да кнігі, не тое, што нашы “Музей аўтографа” або “Бiблiяноч” — апошняя была прысвечана Яну Баршчэўскаму і яго “Шляхцічу Завальню...”, калі ўсё памяшканне ператварылася ў iмпрэзу-квэст, па афармленні, пастановачна звязаную з творам.

У шараговых бібліятэках не хапае новых кніг — вылучаныя сродкі не дазваляюць набываць усё тое, што на слыху, што актуальна. Павольна ідзе аўтаматызацыя, абсталяванне камп’ютарнай ды аргтэхнікай, падключэнне да інтэрнэту: у “Сетку...” ўваходзіць 16 бібліятэк і толькі 5 з іх нармальна аўтаматызаваны, ва ўсіх астатніх камп’ютары “дыхаюць на ладан”. “У гэтым сэнсе мне проста сорамна за наш горад, — уздыхае дырэктар. — Пра інтэр’еры ды камфорт асобных “сярэднестатыстычных” бібліятэк, думаю, казаць будзе лішнім...”

Выконваючы абавязкі тэатра?

Не лішнім у заключэнні будзе пагутарыць пра тэатр. З 1995-га па 2002-гі год паралельна з вучобай у БДАМ Харланчук-Южакоў служыў у Гомельскім абласным драматычным тэатры. У мінулым годзе ён паставіў тут ваенную драму “Ён. Яна. Вайна” паводле аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”. 9 кастрычніка на сцэне ГАДТ — новы падарунак ад Паўла Аляксандравіча (з сурэжысёрам — вядомым пастаноўшчыкам і прадзюсарам Зміцерам Саладухам): прэм’ера п’есы “Безназоўная зорка”. (Калі вы глядзіце тэлевізар, дык чакайце яшчэ адну прэм’еру — расійскага серыяла “Анёл-ахоўнік”, у якім наш герой толькі зняўся.) Аб творчых дасягненнях ды планах тэатра не так даўно ў нашай газеце распавядаў яго мастацкі кіраўнік Сяргей Лагуценка, мы ж з выконваючым абавязкі дырэктара Сяргеем Гульчыным гутарылі, у асноўным, аб праблемах установы.

— Галоўная з іх, — кажа Сяргей Уладзіміравіч, — частая змена кіраўніка. Ён жа не проста збірае вакол сябе асобаў, а дае ім раскрывацца, з ім прыходзяць новыя пастаноўкі, старыя жывуць некалькі іншым жыццём. А калі кожныя два-тры гады ў тэатры надыходзіць чарговая нявызначанасць з дырэктарам, як цяпер, гэта згубна адбіваецца на творчым працэсе. Акцёры растрэнiроўваюцца, думаюць пра штосьці старонняе, самі спрабуюць быць адміністратарамі, узнікаюць інтрыгі… Ці ўсё наогул даходзіць да поўнай апатыі. Спектаклі тады выконваюцца па-іншаму, і публіка гэта бачыць, і перастае хадзіць у тэатр.

— Раздробленасць акцёрскай трупы я адчуў, адсутнасць зацікаўленасці ў тым праекце, які прапанавалі мы з Лагуценкам, — спачатку, — Павел Аляксандравіч падтрымлівае Гульчына. — Але да канца першага месяца працы нейкае пацяпленне паміж намі наступіла. Нельга сказаць, што я з такім ужо аптымізмам гляджу на хуткае акрыянне тэатра, але з піке ён паволі выходзіць.

Спадар Гульчын выконвае абавязкі дырэктара ўжо раз у пяты, адпаведна, больш-менш зразумела, у якой форме доўгі час знаходзіцца ўстанова. У барацьбе за гледачоў тэатр пускаецца ў вядомыя ўсім цяжкія, прапаноўваючы камедыі. Не ўсё добра з матэрыяльна-тэхнічнай базай, так, тэрмінова патрабуе прывядзення ў належны стан тырыстарная сістэма — сэрца энергетыкі тэатра, маюць патрэбу ў абнаўленні дэкарацыі, гардэроб.

"Стрэлкі" ад Паўла

— Наша падарожжа развярэдзіла штосьці ў мяне вось тут, — Павел Аляксандравіч прыкладае далонь да сэрца. — Адгукнулася і на прыемныя ўспаміны, і на тую не надта радасную інфармацыю, якую мы атрымалі. Не хочацца пераводзіць усе стрэлкi на дзяржаву, яна, зразумела, сутыкаецца са складанасцямі ў эканоміцы, але ўсё ж паболей бы ёй трэба надаваць увагі сваёй культуры. Магчыма, я буду залішне катэгарычным, але, як мне здаецца, не вельмі яна ў апошнюю верыць, сумняваецца, што ў культуру можна і неабходна ўкладаць…

Мінск — Гомель — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"