Упэўненыя, філасафічныя, канцэптуальныя

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Графічны раман, графічныя аркушы з паэтычнымі краявідамі Мінска, ілюстрацыі да беларускай казкі і кніга-гульня… Думаю, пералічанага дастаткова для таго, каб зразумець: выпускнікі-графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з усёй сур’ёзнасцю падышлі да выбару тэмы дыпломных работ. Выпускнікі спецыяльнасці “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)” БДАМ сёлета здзівілі разнастайнасцю твораў. На аддзяленні “Скульптура” да абароны дыплома прыйшлі сёлета толькі двое студэнтаў.

/i/content/pi/cult/595/13231/7-1.jpgУпэўненыя ў сабе графікі

Графічны раман, графічныя аркушы з паэтычнымі краявідамі Мінска, ілюстрацыі да беларускай казкі і кніга-гульня… Думаю, пералічанага дастаткова для таго, каб зразумець: выпускнікі-графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з усёй сур’ёзнасцю падышлі да выбару тэмы дыпломных работ.

Маладыя спецыялісты прадэманстравалі сваё майстэрства ў валоданні рознымі тэхнікамі і матэрыяламі (афорт, акварэль, літаграфія, асфальт, камп’ютарная графіка, лінарыт), здольнасць ствараць са звычайных, усім знаёмых вобразаў нечаканую кампазіцыю альбо па-новаму пераасэнсоўваць класічны твор і надаваць яму сучаснае гучанне… Але майстэрства без пэўных асаблівасцяў характару — цярпення і ўседлівасці, напрыклад, — толькі палова поспеху. Графіка патрабуе ад майстра высокай канцэнтрацыі і самадысцыпліны.

Усе творы розныя, і ў кожным — адпаведная гісторыя і характар. Паэтычную серыю афортаў “Краявіды Мінска” прадставіла Крысціна Аўшава (кіраўнік — прафесар, дацэнт Валерый Славук). Яна паказала знаёмыя мясціны горада з лірычнага боку. Работы Крысціны напоўнены станам амаль цішыні, павольным жыццём… Мінск Крысціны паэтычны, а яна ў ім — назіральнік. Аўтар вылучае святлом сваіх герояў — Вялікі тэатр оперы і балета, “Мінскую браму” на Прывакзальнай плошчы… Добра, калі дыпломніца працягне шэраг работ, прысвечаных вядомай і адначасова невядомай сталіцы.

Акварэльныя ілюстрацыі да беларускай казкі “Баран — бок абадран” Лізаветы Міхадзюк (кіраўнік — загадчык кафедры, дацэнт Юрый Хілько) успрымаюцца як вельмі “цёплыя”, далікатныя. І гэта пры тым, што маладая мастачка знайшла для кожнага з герояў вострыя, выразныя і запамінальныя вобразныя характарыстыкі. Але гледзячы на работы, я злавіла сябе на тым, што мне чагосьці не хапае — не было адчування завершанасці. І сапраўды, на абароне Лізавета паказала яшчэ і кнігу-гульню, якая не гартаецца, а складваецца-раскладваецца. Такая рэч прыйшлася б даспадобы дзіцяці. І я адразу згадала выпадак падчас камандзіроўкі ў Маладзечна. У цягніках звычайна прадаюць розныя рэчы, у тым ліку кнігі і часопісы. Дык вось, адна жанчына, калі не памыляюся, за 80 тысяч рублёў набыла кнігу з кнопкамі… Мяне ахапіла нейкае расчараванне: навошта набываць малому кнігу, якая “самастойна” ўсё прачытае — толькі націсні на каляровую кнопку! А што ў такім выпадку павінна рабіць дзіця?.. Прыемна, што Лізавета прадумала ўсё да дробязяў — ад колеравай гамы да размяшчэння тэксту ў кнізе “з абадраным бокам”.

З тэмай дзяцінства звязана серыя лінарытаў “Сем гасцей” Настассі Хадакоўскай (кіраўнік — прафесар, дацэнт Валянціна Сідарава). У аснове серыі — успаміны Настассі пра час, праведзены ў вёсцы. Але якім чынам паказаць, здаецца, “неабсяжнае”?.. Што ні аркуш — новая форма з рэалістычнымі персанажамі: ганарлівым пеўнем, вялікімі гарбузамі, хітрай рыбай: менавіта так, у вялікіх памерах, успрымае дзіця наваколле, і гэта адчуванне змагла перадаць Настасся. Як мне падаецца, героі дыпломніцы выглядалі б добрым візуальным вобразам да казак.

Казачны свет змяняе рэалістычны. Ян Жвірбля зрабіў графічны раман паводле апавядання “Сваякі” Васіля Быкава (кіраўнік — Юрый Хілько). Ян цалкам захаваў тэкст пісьменніка, які набыў новыя сэнсы. Ян здолеў перадаць адчуванне напружанасці і атмасферу, якая ахутвае творы Быкава. І варта разумець: графічны раман — не комікс, а іншае, натуральнае візуальнае тлумачэнне класічных твораў.

Фантастычнасцю, нават брутальнасцю вылучаюцца графічныя аркушы пад назвай “Дванаццацігадовы каляндар” Кацярыны Бяляўскай. Героі на аркушах — жанчыны і мужчыны з жывёламі Усходняга календара — выразныя, “вострыя”, самаўпэўненыя. Кожная фігура, узор на целе людзей мае сімвалічны сэнс. Выпадковасці ў работах Кацярыны няма. Цікава, што стыль выпускніцы — усутыч да стылю кіраўніка яе дыпломнай работы Рамана Сустава. Кацярына — першая дыпломніца Рамана, і яму, на маю думку, пашанцавала з ёй.

Увогуле дыпломнікі кафедры “Графіка” паказалі сябе як сапраўдныя, канкурэнтаздольныя майстры, якія могуць уражваць гледача і заваёўваць прызнанне ў свеце.

Манументалісты-філосафы

Выпускнікі спецыяльнасці “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)” БДАМ сёлета здзівілі разнастайнасцю твораў.

Першай абаранялася Паліна Амельяновіч, якая прадставіла мазаікі “Ісус Хрыстос”, “Уладзімірская Маці Божая”, “Святая Троіца” да іканастаса царквы ў імя святых Касмы і Даміяна ў аграгарадку Вішнева Валожынскага раёна (кіраўнік — прафесар Уладзімір Зінкевіч). Дзяржаўная камісія на чале з народным мастаком Беларусі, скульптарам Іванам Міско мела магчымасць ацаніць творы выпускніцы непасрэдна на месцы, у храме.

А ў апошні дзень абароны можна было ўбачыць з густам выкананыя работы “Два берагі” Кацярыны Говен (кіраўнік — Уладзімір Зінкевіч) і “Горад” Віталя Друя (кіраўнік — дацэнт Ларыса Макатун). Першы прызначаны для аднаго сталічнага бізнес-цэнтра і зроблены ў тэхніцы ляўкас. У творы ўвасоблены барацьба дзвюх супрацьлегласцяў — светлых колераў і цёмных ліній і плямаў, і адначасовае іх з’яднанне. Работа абстрактная, але ў ёй адчуваецца дынаміка, рух. “Горад” — прасторны, свабодны, не замкнёны. Дыпломны праект — трыпціх для інтэр’ера медыцынскага цэнтра. На абароне быў прадстаўлены макет і адна частка выкананая ў матэрыяле. Абедзве працы вельмі далікатныя, мяккія і прыемныя па каларыце, мяркую, яны выдатна ўпішуцца ў сучасныя інтэр’еры.

У супрацьлегласць ім — “Паралелі” Ігара Гаменюка (кіраўнік — дацэнт Дзяніс Чубукоў): выкананае з металу дэкаратыўнае пано ў выглядзе круглага ажурнага веера для басейна прыватнага будынку. Твор вылучаецца ўніверсальнасцю і пасуе сучаснаму інтэр’еру офіса, жылога памяшкання, адукацыйнай установы. Дынаміку кампазіцыі надаюць арыгінальныя пераходы ліній, формаў, святлоценевыя эфекты.

Вольга Куваева (кіраўнік — Уладзімір Зінкевіч) зрабіла мазаічнае пано з элементамі вітража для Рэспубліканскага клінічнага цэнтра. Жоўта-сіне-зялёнае пано ў тэхніцы ф’юзінг “Глыбіня часоў” будзе знаходзіцца насупраць басейна.

Серыя карцін “Чацвёраевангелле” (“Дабравешчанне”, “Хрышчэнне”, “Тайная вячэра”, “Укрыжаванне”, “Уваскрашэнне”) Івана Аношкі (кіраўнікі — старшы выкладчык Вольга Мельнік-Малахава, выкладчык Антон Бельскі) стваралася як праект для інтэр’ера капэлы святога Лаўрэнція ў Вантаа (Фінляндыя). Цалкам уся серыя, на жаль, прадстаўлена не была, але паводле трох работ можна зрабіць выснову: Іван справіўся з пастаўленай задачай.

Скульптары-канцэптуалісты

На аддзяленні “Скульптура” да абароны дыплома прыйшлі сёлета толькі двое студэнтаў.

Скульптурная кампазіцыя на міфалагічны сюжэт “Каўчэг” (шамот, дрэва, бронза) Сяргея Каледзюка (кіраўнік — дацэнт Сяргей Логвін) складаецца з двух элементаў: гары і каўчэга. Каўчэг, які нагадвае форму далоні, што з’яўляецца сімвалам напрамку і захавання, пераможна ўзвышаецца над гарой. Твор азначае пераадоленне. У сучаснай скульптуры часта можна заўважыць дэкаратыўнасць, статычнасць, засяроджанасць. Існуюць творы, так бы мовіць, “адкрытыя” да ўспрымання — ёсць у іх штосьці сяброўскае. “Каўчэг”, як мне падаецца, меланхалічны: ён не аддае, а збірае пачуцці, тут ёсць адзінота, і разам з тым трываласць і спакой. Таму кампазіцыя, магчыма, добра сябе будзе адчуваць у закрытых памяшканнях, дзе зможа стварыць спакойную атмасферу. На вуліцы ёй будзе няўтульна.

Куратарскі праект атрымаўся ў Максіма Макарэвіча. Кампазіцыю “Парад планет” (кіраўнік — той жа Сяргей Логвін) дапаўняў задні план — мазаіка, зробленая яго жонкай Палінай Амельяновіч. Яна ўжо паспела абараніць свой дыпломны праект. Кампазіцыя Максіма і твор Паліны выглядалі гарманічна і стыльна.

Калі не ведала, як называецца кампазіцыя Максіма, спрабавала правяраць свае асацыяцыі. Што я бачу? Некалькі твараў рознай формы і настрою. Усе яны індывідуалізаваныя, разнастайныя па форме і зробленыя з дрэва, штучнага каменю, туфу, пластыку. Спалучаючы іх у адным творы, дыпломнік стварае запамінальныя скульптурныя вобразы. І першае слова, якое прыйшло ў галаву, — “стан”. Што ж, кожная планета, як і чалавек, вылучаецца не толькі паводле памераў і формы, але і паводле адметнага стану…

Тое, што выпускнікі ў гэтым годзе моцныя, адзначылі і выкладчыкі. Загадчык кафедры скульптуры, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Уладзімір Слабодчыкаў кажа так:

— У сучасным мастацтве першаснае — ідэі, канцэпцыі. Зараз скульптары прымяняюць розныя пластычныя матэрыялы, і гэтыя работы будуць запатрабаванымі. Многае залежыць ад індывідуальных здольнасцяў студэнтаў. Задачай выкладчыкаў з’яўляецца тое, каб яны заставаліся сабой, мелі індывідуальнасць. Можна, канешне, і капіраваць, але важна — развіць адчуванне індывідуальнай пазіцыі мастака. А галоўнае — пазнавальнасць. Лічу, гэта задача зараз паспяхова выконваецца акадэміяй. Што мы бачым? Скульптары запатрабаваныя, усе маштабныя дзяржзаказы выконваюць нашыя выпускнікі. У сімпозіумах, пленэрах, міжнародных выставах таксама прымаюць тыя, хто вучыўся ў акадэміі. Але ж ці ёсць нешта адметнае ў творах выпускнікоў менавіта гэтага года? Вынікі сёлетняй абароны дыпломных работ падвёў старшыня Дзяржаўнай камісіі, народны мастак Беларусі Іван Міско:

— Ніякіх асаблівасцяў выдзяляць не трэба — штогод творы непаўторныя, яны і не могуць быць аднолькавыя. Што да дыпломных праектаў, то графіка заўсёды на высокім узроўні. У гэтым годзе добрая скульптура, асабліва работа Максіма Макарэвіча “Парад планет”. Ён не пайшоў па слядах традыцый, а паклікаў за сабой у касмічную прастору, пайшоў далей. На жаль, знікла тэматычная карціна. Звязана гэта з тым, што няма заказу. А толькі на тэматычнай карціне мастак можа “раскрыцца”… Турбуе і скульптурная пластыка. Дзе яна сёння ў Мінску?..

Вынікі падведзены. Пытанні пастаўлены. Адказваць на іх тым, хто будзе абараняць дыпломныя працы ў наступным годзе і сёлетнім выпускнікам ужо ў працоўнай дзейнасці.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст