Аснова нацыі — крыніца плённых ідэй

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Адбылося свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Выступаючы на свяце, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў выключны характар гэтай традыцыйнай дзеі:

/i/content/pi/cult/595/13224/2-1.jpg— Паважаць не толькі сваю культуру, але і творчыя дасягненні іншых народаў — гэта рыса беларускага нацыянальнага характару. Мы беражліва захоўваем скарбы мінулага і з задавальненнем знаёмімся з мастацтвам нашых суседзяў. Думаю, у гэтым сакрэт міралюбнасці і ўзаемаразумення, якімі славяцца беларусы.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што такое стаўленне да жыцця — надзейная абарона ад міжнацыянальнай, рэлігійнай варожасці і іншых дэструктыўных з’яў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтым годзе на свята “Александрыя збірае сяброў” прыбыла вялікая колькасць людзей. “За кароткі тэрмін літаральна на нашых вачах сціплая сустрэча землякоў на беразе Дняпра паступова ператварылася ў маштабны фестываль народнай культуры, — адзначыў беларускі лідар. — Сапраўды, апошнім часам і ў нас, і ў суседніх краінах расце цікавасць да сваіх каранёў і вытокаў нацыянальнай культуры”.

Асабліва важна, на думку Аляксандра Лукашэнкі, што і моладзь імкнецца даведацца больш аб гісторыі роднага краю і авалодаць азамі традыцыйных промыслаў. “У цудоўным, чыстым куточку Магілёўшчыны магутны Днепр аб’яднаў майстроў і аматараў народнага мастацтва з Беларусі, Расіі і Украіны, а сама Александрыя стала месцам дружалюбных сустрэч і пляцоўкай для народнай дыпламатыі”, — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы: “У гэтым годзе да нас далучыліся прадстаўнікі нашай суседняй Літвы, дзе ў канцы чэрвеня адзначаюць Янаў дзень. Спадзяюся, прыезд літоўскіх гасцей пакладзе пачатак новай традыцыі — запрашаць на наша свята прадстаўнікоў іншых краін, у якіх ёсць сваё Купалле. Гэта стане ўкладам Беларусі ў захаванне творчай разнастайнасці народаў планеты, умацаванне дружбы паміж народамі. Папулярнасць фестывалю ў Александрыі год ад году расце, надышоў час ставіць перад сабой высокія задачы”.

Беларускі лідар таксама звярнуў увагу, што ў Год культуры гэта свята набывае асаблівы сэнс:

— Паколькі менавіта традыцыйная культура з’яўляецца духоўнай асновай нацыі, яна была і застаецца невычэрпнай крыніцай натхнення і плённых ідэй, якія так патрэбны сённяшняму мастацтву. Свята “Александрыя збірае сяброў”, сапраўды народнае па сваім духу, дае магчымасць праявіць сябе сотням адораных людзей. А бачачы шчырую цікавасць гледачоў да выступленняў артыстаў і майстар-класаў умельцаў, магу меркаваць, што яркіх талентаў у нас становіцца ўсё больш.

Прэзідэнт заўважыў, што на свяце “Купалле” ў Александрыі было прадстаўлена не ўсё, што ёсць у Беларусі, але самае яркае прысутнічала: і рамёствы, і творчасць.

— Нам трэба паклапаціцца аб тым, каб кожны год ці то “Славянскі базар”, ці то гэты фестываль напаўняўся чымсьці новым. Тады будзе дынаміка росту. Мы павінны зрабіць усё, каб гэта свята з кожным годам было ярчэйшым і ярчэйшым, — сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.

Калі на мінулым тыдні паведамлялася пра меркаваныя 100 тысяч удзельнікаў, дык факт уразіў яшчэ больш: Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы паведаміў пра 110 тысяч гасцей “Купалля-2016”. Сярод гасцей свята можна было сустрэць шэраг вядомых асоб, сярод якіх віцэ-прэм’еры беларускага Урада Наталля Качанава і Міхаіл Русы (дарэчы, старшыня аргкамітэта свята), намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў (а таксама яго першы намеснік Ірына Дрыга і намеснік Васіль Чэрнік), міністр інфармацыі краіны Лілія Ананіч.

Так, Наталля Качанава, абвяшчаючы адкрыццё свята, назвала яго нацыянальным здабыткам, нацыянальным культурным сімвалам, які накіраваны на развіццё і захаванне нашых традыцый і культуры. “Тут сустракаюцца людзі розных пакаленняў, краін, нацыянальнасцяў. У кожнага ёсць магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю, вопытам, дакрануцца да вытокаў культуры, якая аб’ядноўвае нашы славянскія народы… Вельмі важна, каб яны перадаваліся маладому пакаленню. Толькі пры гэтай умове мы зможам упэўнена глядзець у будучыню”.

Тое, што мы захоўваем свае старадаўнія абрады і традыцыі Купалля, — прыклад вяртання да сваіх вытокаў. Але гэты зварот да вытокаў не можа не ўлічваць сучасныя тэндэнцыі. Гэта кажа, што культура не стаіць на месцы, яна развіваецца. Яскравы прыклад таму свята “Купалле”, якое праходзіць у Александрыі. Сучасная феерыя “Купальская казка” якраз і сведчыць пра перапляценне новых і старых тэндэнцый, якія знаходзяць увасабленне ў гэтым прыгожым беларускім свяце, выяўляючы ў мастацкай форме барацьбу и канкурэнцыю розных падыходаў, — зазначыў прэсе міністр культуры Барыс Святлоў. Ён таксама адзначыў новы падыход да арганізацыі выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Беларусі, Украіны і Расіі ў рамках “Горада сяброўства”.

Што наведвалі госці Александрыі? Вядома, завітвалі ў школу, у будынку якой ёсць музейныя пакоі, прысвечаныя, у тым ліку, самаму знакамітаму вучню — Аляксандру Лукашэнку. Упершыню працавала ў Александрыі і не магла не прыцягнуць увагу пляцоўка друкарскага двара з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое адзначым налета. Не абміналі наведвальнікі ўвагай маштабную выставу-кірмаш “Дняпроўскія сустрэчы на “Александрыйскім кірмашы” (з вуліцамі Мінскай, Кіеўскай і Маскоўскай, а таксама Гандлёвай), тэматычныя экспазіцыі “Сонечная саломка”, “Дрэва жыцця”, “Казкі і быліны агню і гліны”, “Дрыбінскія валёнкі”, павільён “Беларускі пачастунак” — і кожны раён Магілёўшчыны знайшоў там для сябе пазнавальны маркер традыцый. Вядома, як і было абяцана летась, прырос творчы праект Абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы “Купальскі пояс Магілёўшчыны”, прычым не толькі метрамі (а іх больш як 70 па стане на фестывальныя дні), але і творчым вынікам. А ён падмацоўваўся майстар-класамі ўмельцаў самых розных кірункаў — ад ткацтва, саломкапляцення, бондарства да ганчарства, актуальнай цяпер вышыўкі і шапавальства. Дарэчы, на вуліцах “Горада сяброўства” дзейнічалі і мабільныя творчыя групы, каб святочная атмасфера не абмінула нікога з гасцей. Дадамо, што Украіну тут прадстаўлялі майстры з Вінніцкай, Чарнігаўскай, Хмяльніцкай і Івана-Франкоўскай абласцей, а Расію госці з Браншчыны, Калужчыны, Ліпеччыны, Пскоўшчыны, Смаленшчыны, а таксама з Дзяржаўнага расійскага дома народнай творчасці.

Упершыню ў рамках свята “Купалле” адбыўся конкурс на лепшы касцюм Купаліша і Купалінкі. Удзел у конкурсе прынялі ўсе ўстановы культуры вобласці і канкурсанты з Мінска. Больш як 20 пар Купалінак і Купалішаў прадставілі на суд гледачоў і журы свае работы. Рэгламентам конкурсу на прэзентацыю касцюмаў адводзілася ўсяго толькі паўтары хвіліны. Касцюковіцкім удзельнікам Аляксандру Селіванаву і Наталлі Бяляцкай гэтага часу аказалася дастаткова, каб годна прадставіць свае касцюмы. Цудоўны голас Аляксандра гледачы ацанілі з першых акордаў песні “Ночка купальская”. Як паведамляе намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава, усяго праз некалькі хвілін абсалютнымі пераможцамі ў дзвюх намінацыях “Лепшы мужчынскі касцюм” і “Лепшы жаночы касцюм” былі прызнаныя касцюковіцкія ўдзельнікі.

Што да канцэртных праграм, дык у праекце “Александрыйскі карагод сяброў” паўдзельнічалі заслужаныя аматарскія калектывы і творчыя фарміраванні з найменнем “народны” з усёй Магілёўшчыны. А настрой на канцэртных пляцоўках свята стваралі зоркі беларускай, украінскай і расійскай эстрады. Вечаровая праграма ўяўляла з сябе відовішчны мюзікл “Купальская казка”, які стаў цэнтральнай падзеяй двухдзённага святкавання.