ЦЭНТРАЛЬНАЯ ПАДЗЕЯ ГОДА КУЛЬТУРЫ

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Сімвалічна, што “Славянскі базар у Віцебску” адзначае юбілей менавіта ў Год культуры: гэты Міжнародны фестываль мастацтваў праходзіць у 25-ы раз — і чвэрць стагоддзя настройвае не толькі на ноу-хау, але і на падвядзенне некаторых вынікаў і вызначэнне перспектыў.

/i/content/pi/cult/595/13222/1-1.jpgУ сваім выступленні падчас урачыстага адкрыцця фестывалю Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— Самае галоўнае, што кожны год фестываль дорыць мільёнам людзей сапраўднае, шчырае, душэўнае свята — свята дружбы, радасці, весялосці, творчасці, якое доўга жыве ў нашых сэрцах. Яно спалучае ў сабе класіку і сучаснасць, павагу да традыцый і свабоду мастацкага пошуку.

Згадваючы тыя здабыткі, што займеў Віцебск, Беларусь і свет цягам чвэрці стагоддзя фестывалю, Прэзідэнт адзначыў стварэнне ўнікальнага амфітэатра са смелымі сцэнічнымі навацыямі. Таксама фестываль адкрыў сотні талентаў, даў пуцёўку ў жыццё масцітым артыстам, маладым выканаўцам і зусім юным талентам, ператварыў горад Віцебск не толькі ў сучасную культурную сталіцу Беларусі, але і ў фестывальную сталіцу свету са штаб-кватэрай Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Здабытак “Славянскага базару…” і ў прыцягненні ў Беларусь тысяч турыстаў, умацаванні яе станоўчага іміджу, ажыўленні эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Віцебшчына — адзін з унікальных цэнтраў славянскай духоўнасці, дзе існуе доўгая бесперапынная традыцыя культурнага будаўніцтва, творчага стварэння. Яна ідзе каранямі ў часы Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і працягваецца па гэты дзень, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Тут нараджаліся новыя мастацкія напрамкі і фарміраваліся вядомыя школы майстэрства. Нямала знакамітых дзеячаў культуры родам з Прыдзвінскага краю. Прэзідэнт, у прыватнасці, згадаў такіх дзеячаў культуры і мастацтва, як кампазітар Анатоль Багатыроў, пісьменнікі Міхась Лынькоў, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка, драматург Аляксей Дудараў, мастакі і скульптары Юдаль Пэн, Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, Андрэй Бембель, Заір Азгур. “Гэта вытокі нашага мастацтва, якім мы ганарымся”, — падкрэсліў беларускі Лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты юбілейны форум стаў цэнтральнай падзеяй аб’яўленага ў Беларусі Года культуры. “Гэта свята ўвасабляе наша духоўнае багацце, адкрытасць і цікавасць да культуры розных народаў. Нездарма мы аб’ядналіся калісьці — тры брацкія краіны — Беларусь, Расія і Украіна. Мы сталі ядром фестывалю і на працягу гэтых гадоў з розным поспехам, калі шчыра гаварыць, дэманструем гэта культурнае адзінства”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“У нашых дзяржавах асаблівае значэнне надаецца развіццю нацыянальнага мастацтва, беражліва захоўваюцца традыцыі і творчыя дасягненні папярэднікаў. Таму мы па праве можам заявіць, што гэтыя тры краіны — Беларусь, Расія і Украіна — цытадэль традыцыйнай культуры”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фестываль — равеснік суверэннай Беларусі, паколькі зрабіў свае першыя крокі ў год атрымання рэспублікай незалежнасці. “Ён развіваецца разам з краінай, і ў ім, як у люстэрку, адбіваецца кожны этап станаўлення маладой дзяржавы”, — сказаў Прэзідэнт.

Як ніколі многа было тых, хто атрымаў узнагароды. Кавалерамі ордэнаў Францыска Скарыны сталі вядучыя самых значных фестывальных праграм — заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіч і Аксана Антанюк з Украіны. Спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” былі адзначаны народны артыст краіны Міхаіл Фінберг і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Лаўрэатамі прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва сталі народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, кампазітар Алег Елісеенкаў і паэт Іван Юркін — за песенны альбом “Дзе каліна цвіла”, група аўтараў помніка Свяцейшаму Патрыярху Алексію ІІ у Мінску: архітэктар, протаіерэй, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Фёдар Поўны, скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Ігар Марозаў, а таксама народны артыст СССР Уладзімір Федасееў.

Нямала мерапрыемстваў адбылося з удзелам Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Георгія Рапоты, у тым ліку ў Дзень Саюзнай дзяржавы, які на фестывалі прайшоў учора. Паводле традыцыі, былі ўскладзены кветкі да вечнага агню на плошчы Перамогі. Дзяржаўныя дзеячы, у тым ліку міністр культуры краіны Барыс Святлоў, наведалі Вялікалятчанскі дзіцячы дом, Музей-сядзібу Ільі Рэпіна ў Здраўнёва, дзе адбылася выстава “Магія ўсходняга пэндзля”. Пад эгідай Саюзнай дзяржавы быў зладжаны беларуска-расійскі пленэр юных мастакоў. Галоўным удзельнікам канцэрта “Саюзная дзяржава запрашае…” стаўся Акадэмічны ансамбль песні і пляскі Расійскай арміі імя Аляксандрава.

Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” адбыліся спецыяльная сесія Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WAF) і ІІ Міжнародная канферэнцыя арганізатараў фестываляў “Фестывальны рух. Традыцыі. Інавацыі”. Сёлета шэрагі WAF, якая год таму пачала фарміравацца вакол нашага “Славянскага базару…”, папоўніліся яшчэ васьмёркай фестываляў, што праходзяць у Ізраілі, Босніі і Герцагавіне, Латвіі, Літве, Італіі. У прыватнасці, членам асацыяцыі стаў знакаміты фестываль у Сан-Рэма, які па-добраму можа зайздросціць цяперашняй папулярнасці віцебскага фэсту. Дый на самой канферэнцыі разглядаліся найперш магчымасці папулярызацыі фестываляў — у тым ліку, праз асацыяцыю. Не выпадкова сярод планаў — распрацоўка новага інтэрнэт-сайта WAF, стварэнне асобнага праекта, які будзе збіраць пераможцаў усіх конкурсаў, што праводзіліся форумамі асацыяцыі. Але ўжо сёння відавочны плён ад стварэння WAF: ідзе абмен вопытам, чацвёра нашых выканаўцаў паўдзельнічалі ў іншых фестывалях і конкурсах на ільготных умовах.

25-ы “Славянскі базар…” сабраў рэкордную колькасць краін-удзельніц — 45, упершыню ў фестывалі прадстаўлена Калумбія, якая даслала свайго канкурсанта. Усяго ўдзельнікаў форуму сёлета будзе амаль пяць з паловай тысяч чалавек, адных толькі журналістаў акрэдытавана больш за пяцьсот. Як справядліва адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, “пазыўныя “Славянскага базару ў Віцебску” — “візітоўка” не толькі фестывалю, але і ўсёй краіны”. На адрас СМІ неаднаразова выказваліся словы падзякі, уручаліся ўзнагароды. Асабліва прыемна, што на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця фестывалю яго дырэктар — генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Аляксандр Сідарэнка выказаў асаблівую падзяку “К” за глыбокія аналітычныя матэрыялы, прысвечаныя фестывалю і праблемам развіцця беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле.

Навацыямі юбілейнага форуму сталі ўзняцце фестывальнага сцягу, шэсце ўдзельнікаў, перайменаванне Алеі зорак у Плошчу, а таксама адкрыццё своеасаблівай Кнігі рэкордаў фестывалю. Першай унесенай у яе падзеяй павінен стаць заўтрашні вершамарафон, які збярэ тысячу вершаў пра Віцебск і будзе працягвацца ўвесь дзень — як папярэдне падлічылі арганізатары, каля 14 гадзін. Можна дадаць і тое, што ўпершыню гала-канцэрт адкрыцця ішоў у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным. Упершыню ў час адкрыцця на вялікіх экранах Летняга амфітэатра мы ўбачылі не толькі зорных артыстаў, але і “нябачную” для публікі каманду, якая рыхтуе фестываль.

Як заўсёды прыгожай была цырымонія адкрыцця Зоркі на цяпер ужо не алеі, а Плошчы лаўрэатаў перад Летнім амфітэатрам. Урачыстыя прамовы і віншаванні ў гонар Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам былі аздоблены адметным танцавальным нумарам: дзяўчынкі з заслужанага аматарскага ансамбля “Лявоніха” танчылі з залатымі ноткамі ў руках, часам “ператвараючы” іх сваімі рухамі ў саксафоны, а артысты маладзёжнага тэатра “Колесо” на хадулях ігралі ролі дырыжора і музаў-анёлаў. Міхаіл Фінберг, у сваю чаргу, паабяцаў падрыхтаваць у пачатку наступнага канцэртнага сезона новую праграму аркестра — “Зорка”, прысвечаную яго лепшым музыкантам.

Фестываль працягваецца! Сёння канкурсанты, якія прайшлі ўчарашні паўфінал, праспяваюць у першы дзень фіналу свае славянскія хіты. Заўтра, у другі дзень фіналу, — свае фестывальныя хіты. А ў панядзелак, калі фестываль будзе афіцыйна закрывацца, мы даведаемся, хто якую прэмію атрымае — дарэчы, не толькі ў дарослым, але і ў дзіцячым конкурсах.

 

Магутная сіла яднання

Барыс СВЯТЛОЎ, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:

— Гісторыя “Славянскага базара” пачалася з 1992 года. Асноўнымі тэмамі сёлетняга фестывалю сталі Год культуры і знакавыя падзеі 2016 года — 25-гадовы юбілей фестывалю і 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР Уладзіміра Мулявіна. Гэтыя ідэі праведзены скрозь усе фестывальныя мерапрыемствы — ад сцэнічнага афармлення канцэртных пляцовак да праграм фестывальных праектаў, колькасць якіх сёлета будзе каля 130-ці.

Немагчыма пералічыць усіх, хто спрыяў развіццю форуму. Ля вытокаў стварэння фестывалю стаялі такія легендарныя асобы, як народны артыст Беларусі і СССР Ігар Лучанок, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Фінберг — нязменны мастацкі кіраўнік Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”, невыпадкова адзначаны сёлета разам са сваім аркестрам спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Свае старонкі ў гісторыю “Славянскага базару ў Віцебску” залатымі літарамі ўпісалі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў дзеячаў культуры і мастацтва. Сярод іх Віктар Вуячыч, Нэлі Багуслаўская, Анатоль Ярмоленка, Васіль Раінчык, Аляксандр Ціхановіч, Ядвіга Паплаўская, Алена Спірыдовіч, Радзівон Бас і многія-многія іншыя.

У першы год свайго правядзення фестываль меў сціплую задачу — далучыць віцебскага гледача да песеннай творчасці славянскіх краін. Аднак ужо з 1995 года, калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў яго пад асабісты патранат, “Славянскі базар у Віцебску” пачаў называцца Міжнародным фестывалем мастацтваў. Яго галоўнай мэтай стала з’яднанне творчых сіл блізкіх па культуры краін і стварэнне мірнай супольнасці. Цягам свайго існавання фестываль мастацтваў у Віцебску ператварыўся ў сапраўдны форум сусветнай культуры і цяпер ніколькі не саступае еўрапейскім стандартам падобных мерапрыемстваў.

Гэты форум штогод акумулюе лепшыя дасягненні славянскай і еўрапейскай культуры, адкрывае новыя таленты. Пры гэтым фестываль не страчвае каларыту і сваёй асобай атмасферы “ўсенароднага свята”.

За мінулыя гады на “Славянскім базары…” пабывалі дзясяткі прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і народных майстроў з усіх кантынентаў. Яны пераканаліся, што Беларусь — гасцінная, працалюбівая, светлая краіна, якая спавядае хрысціянскія каштоўнасці. Бо ў дні фестываля яна становіцца своеасаблівым духоўным і культурным эпіцэнтрам, маяком, які прыцягвае да сябе мноства старых і новых сяброў, што з’язджаюцца да нас на свята і маюць магчымасць знаходзіцца ў гэтай надзвычай шчырай, сардэчнай атмасферы.

Культура і мастацтва розных краін і народаў — магутная духоўная сіла, якая задае напрамак дзяржаўнай палітыкі краін сусветнай супольнасці, стварае спрыяльныя ўмовы для захавання і развіцця міру ва ўсім свеце. Ад таго, як мы распарадзімся гэтай магутнай сілай мастацтва, шмат у чым залежаць лёсы свету. Талент павінен быць скіраваны на стварэнне дабра, чалавекалюбства, узаемапавагі і дапамагаць людзям спасцігаць глыбіні чалавечага быцця.

Да свайго юбілею “Славянскі базар у Віцебску” набраў надзвычай моцную сілу, якая хаваецца ў яго галоўнай ідэі — кансалідацыі, яднання славянскіх і іншых культур і народаў на аснове гуманістычных ідэй міру, дабра і стварэння.

Арганізатары ў чарговы раз пастараюцца здзівіць і парадаваць сваіх прыхільнікаў, гасцей фестывалю новымі, цікавымі праектамі, сустрэчамі з любімымі артыстамі. Упэўнены, што правядзенне ХХV юбілейнага фестывалю яшчэ больш замацуе наладжаныя брацкія сувязі паміж краінамі-ўдзельніцамі і будзе садзейнічаць усталяванню сяброўскіх адносін між славянскімі народамі, а таксама народамі Еўропы і Амерыкі.

Падчас фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" калектыву рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" была ўручана падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь за актыўную плённую працу мерапрыемстваў форуму. Таксама аналітычныя матэрыялы рэдактара аддзела "К" Надзеі Бунцэвіч і праца газеты на ўступнай прэс-канферэнцыі былі адзначаны дырэктарам фестывалю Аляксандрам Сідарэнкам. Дзякуем за ўвагу да нашай дзейнасці!

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"