Адкуль “мёртвая зона”?

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

На тыдні інтэрнэт абляцеў здымак: сербскія музыканты выступаюць ля сталічнай Ратушы перад пустой плошчай. Ёсць варыянт з іншага ракурсу, але плошча пустая.

/i/content/pi/cult/593/13198/2-2.jpg

Гэты "няёмкі" кадр Вольгі Сталяровай з яе старонкі ў "Facebook" і выклікаў шквал абурэння мінчан.

Канцэрт быў запланаваны ў рамках Дзён Бялграда ў Мінску. Можна колькі заўгодна распавядаць пра нязручны час для канцэрта, спёку і працоўны дзень, але ж лета, многія мінчане ў адпачынках, стае і турыстаў, якія маглі б падысці паслухаць замежных выканаўцаў. Каб ведалі пра іх выступленне…

Спецыяльна пагартала стужку навін за тыдзень: сяя-тая інфармацыя пра Дні Бялграда ў сталіцы знаходзіцца, але ўся яна тычыцца афіцыйнай часткі мерапрыемстваў. Дзелавы візіт сербскай дэлегацыі, перамовы старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца з мэрам Бялграда Сінішай Малі, адкрыццё бізнес-цэнтра, а таксама выставы Ніколы Тэсла і турніра па шахматах у Ратушы — і ні слоўца пра культурную праграму і музычныя мерапрыемствы. Можа, разлічвалі, што мінакоў будзе дастаткова? Мне ж падаецца, трэба было засяродзіць увагу на падзеі, каб людзі задумаліся, а ці не завярнуць ім адмыслова на тую плошчу Свабоды. А як здагадацца, што ў некалькіх сотнях метраў нешта адбываецца?

Гэты выпадак — не адзіны, калі інфармацыі пра выступленні ў рамках Дзён культуры іншых краін альбо пра айчынныя культурныя мерапрыемствы, арганізаваныя з удзелам дзяржструктур, амаль не было. Здавалася б, сёння кожны ведае, што ў канцэпцыю любой імпрэзы павінны закладвацца такі складнік, як рэклама, але я сама колькі разоў натыкалася ў банер мерапрыемства (фестываль армянскай культуры, Дня Расіі і гэтак далей) ужо на самой пляцоўцы, дзе і так ужо ўсё зразумела…. Можа, лепш хаця б па адным штэндары (пластыкавым шчыце) размясціць у людных месцах, напрыклад, на прахадных вуліцах хаця б за тыдзень? Сапраўды, спадары адказныя работнікі, падыход "праінфармуем напярэдадні" — проста выдае дылетанцтвам. Але так яно і дзеецца, як правіла...

На жаль, часткай работнікаў культуры і чыноўнікаў PR-тэхналогіі дагэтуль не ўспрымаюцца патрэбным фактарам у прасоўванні свайго прадукту, у тым ліку канцэртных мерапрыемстваў. А потым толькі рукамі разводзяць, бачачы пустую залу… У гэтай сувязі ўжо не такім дзіўным выглядае выбар месца правядзення рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе”, што прымеркавана Міністэрствам культуры да Года культуры. Падземны гандлёвы цэнтр “Сталіца” не назавеш мёртвай зонай — выступленні заўсёды будуць мець гледачоў, хаця б і з ліку выпадковых пакупнікоў. Урэшце, тое спрацавала сапраўды, а на апошніх канцэртах студэнтаў і навучэнцаў ВНУ і сярэдніх спецыяльных устаноў прыходзілі “па завядзёнцы”. А вось пад канец адкрыцця яе на плошчы Свабоды было, мякка кажучы, не шматлюдна. Чаму? Бракавала масіўнай (і не за два дні) папярэдняй рэкламы.

Асабліва шкада глядзець на здымак з адзінокімі сербскімі музыкантамі перад пустэчай плошчы, ведаючы, што мінчане любяць опэн-эйры і горача іх падтрымліваюць! Падчас “Джазавых вечароў ля Ратушы” ці іншых вялікіх імпрэз назіраем натоўп. Многія меламаны прыходзяць з турыстычнымі дыванкамі ці сідушкамі, а некаторыя нават з паходнымі крэсламі, у залежнасці ад надвор’я захутваюцца ў коўдры ці бяруць вееры. У чым сакрэт масавасці? У рэкламнай хвалі, што прайшлася і ў мас-медыя, і ў сацыяльных сетках, і ў метро. Карацей, рэкламуйце сябе! І да культуры пацягнуцца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"