Навацыі кодэксу

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

24 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны прынялі ў другім чытанні праект Кодэкса Беларусі аб культуры. А 30 чэрвеня дакумент быў ухвалены ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыла “К” намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская, у прынятым Кодэксе аб культуры змяшчаецца шэраг навацый.

— Па-першае, адзначу ўключэнне ў праект Кодэкса аб культуры нормаў новага акта Прэзідэнта — Указа ад 14 снежня 2015 года № 485 “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў”, — адзначыла Наталля Кучынская. — Згодна з праектам Кодэкса прадугледжваецца стварэнне пры аблвыканкамах і Мінскім гарвыканкаме так званых археалагічных камісій (камісій па археалагічных аб’ектах і археалагічных артэфактах), якія будуць прымаць рашэнне аб аднясенні выпадкова выяўленага матэрыяльнага аб’екта да археалагічнага аб’екта або археалагічнага артэфакта.

Таксама Кодэксам замацоўваецца абавязковасць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць прафесійна і выпадкова выяўленых археалагічных артэфактаў ды забараняецца грамадзянскі абарот археалагічных артэфактаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў, вызначаных праектам Кодэкса. Што да ажыццяўлення пошуку археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў з выкарыстаннем металашукальнікаў, геарадараў, іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў, дык ён дазваляецца толькі асобам, на імя якіх Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі выдадзены дазвол на права правядзення археалагічных даследаванняў.

— Па-другое, у праект Кодэкса ўключаны палажэнні Законаў аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве (артыкул 16), аб альтэрнатыўнай службе (артыкул 164), аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці (артыкул 116), — зазначыла Наталля Кучынская. — Акрамя таго, у сувязі з заканчэннем тэрміну прыватызацыі з праекта Кодэкса выключаны палажэнні, якія датычаць суб’ектаў прыватызацыі жылога памяшкання, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Як падкрэсліла Наталля Кучынская, у праект Кодэкса ўвайшлі нормы 5 указаў Прэзідэнта, і дзеля адпаведнасці сучаснаму моманту некаторыя з іх у працэсе работы над праектам былі скарэктаваны.

Так, адбылася карэкцыя тэрмінаў і ўмоў вяртання ўваходных білетаў (па ініцыятыве грамадзяніна — за 1 каляндарны дзень), а таксама тэрміну, у які арганізатар мае права адмовіцца ад правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства (1 каляндарны дзень); прадугледжваецца магчымасць вяртання ўваходных білетаў у выпадку змянення складу ўдзельнікаў ці змянення месца і часу правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства (не пазней за сем каляндарных дзён з дня падачы заявы выплачваецца кампенсацыя кошту білета ў поўным памеры); пашыраны пералік падстаў для адмовы ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (за парушэнне тэрміну выплаты кампенсацыі пры адмене мерапрыемства, па заключэнні мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні, пры падачы падложных або несапраўдных дакументаў).

Кодэксам прадугледжваюцца новыя працэдуры: выдача дубліката прафесійнага сертыфіката творчага работніка ў выпадку яго страты, узгадненне Міністэрствам культуры навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях; выдача дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях.

— Акрамя таго, многія палажэнні праекта Кодэкса па іншых пытаннях перагледжаны і ўдакладнены, — паведаміла Кучынская. — Так, Кодэкс дапоўнены новымі артыкуламі: аб недапушчэнні пагаршэння ўмоў утрымання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Вызначаюцца патрабаванні да размяшчэння на тэрыторыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў гэтых зонах аховы нестацыянарных аб’ектаў гандлю і нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання, а таксама размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы; аб прыняцці ў эксплуатацыю нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, на якой выконваліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.

У параўнанні з дзейсным законам аб музеях і музейным фондзе ў праекце прадугледжаны больш сур’ёзныя патрабаванні да стварэння музеяў (абавязковае патрабаванне — магчымасць увядзення штатнай адзінкі (адзінак) музейнага работніка), спрашчаецца парадак стварэння музеяў-запаведнікаў і музеяў пад адкрытым небам (не патрабуецца прыняцця рашэнняў Прэзідэнта Беларусі або Савета Міністраў краіны). Таксама ў адрозненне ад дзейснага закона аб народнай творчасці, народных промыслах (рамёствах) да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў можа быць аднесена прадукцыя не толькі індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў і арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, але і іншых юрыдычных асоб, і ім таксама можа аказвацца падтрымка.

Кодэксам уводзіцца паняцце цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў і даецца яго вызначэнне (гэта культурныя мерапрыемствы, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў і поўнасцю або часткова фінансуюцца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, артыкул 209), што адпавядае практыцы фінансавання культурных мерапрыемстваў. Да слова, да культурнай дзейнасці аднесена аказанне метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці. Акрамя таго, Кодэксам удакладнена кампетэнцыя Міністэрства культуры па каардынацыі дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў (ажыццяўляецца на практыцы), а таксама падрыхтоўцы (перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі) педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"