Поплеч з рыцарамі

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Актрыса Вольга Куляшова пра бацьку — народнага артыста, адкрыццё Караткевіча і прафесію
26 чэрвеня народнаму артысту Беларусі, акцёру-коласаўцу Уладзіміру Куляшову споўнілася б 75. Амаль 17 гадоў прайшло з таго дня, як ён пайшоў з жыцця, але калегі па сцэне, прыхільнікі яго магутнага таленту прыгадваюць майстра сцэны і вобразы, створаныя ім. Успамінамі пра бацьку падзялілася з намі яго дачка, актрыса Коласаўскага тэатра Вольга Куляшова. Гэты год стаў знакавым для яе сям’і: у студзені адзначыла сваё 75-годдзе маці, артыстка Ніна Левашова, ды і сама Вольга Уладзіміраўна зусім хутка, у жніўні, адзначыць сваю круглую дату.

/i/content/pi/cult/593/13178/14-2.jpg— Мая матуля — выдатная апавядальніца, знаўца фальклору. Мяне з братам выхоўвалі на казках, а песенька на ноч — гэта як абавязковы рытуал. Калі мы ўжо крыху падраслі, да выхавання падключыўся бацька. Паэмы Лермантава “Мцыры”, “Дэман”, “Барадзіно” ён чытаў так жыва, так эмацыйна, што хутка і мы, дзеці, паўтаралі следам за ім гэтыя радкі, як мантры. Потым былі Пушкін, Ясенін і, вядома ж, улюбёны ім Маякоўскі. Чытальнік ён быў адметны! Прычым здавалася, што яму ўсё адно, перад кім ён выступае: перад вялікай аўдыторыяй, ці ў хатняй абстаноўцы перад малалетнімі слухачамі: аддача тая ж. Памятаю вельмі яркі эпізод з дзяцінства ў час святкавання 1000-годдзя Віцебска. Бацька вядзе мяне за руку па шыкоўна ўпрыгожаных вуліцах. Ён поруч такі шчаслівы, такі прасякнуты святлом. Уваходзім праз службовы ўваход у тэатр: паўсюль шчаслівыя твары. Узнімаемся на шосты паверх, там вялізнае памяшканне, дзе зазвычай працуюць мастакі. Вокны расчынены, а на падваконнях шчыльна сядзіць, як вераб’і, звесіўшы ногі на дах, шумная тэатральная арцель. Нехта тут жа мяне падхоплівае і ўсаджвае побач. Адтуль відаць Кіраўскі мост, запоўнены людзьмі. А па Дзвіне плывуць плыты, на адным з якіх — княгіня Вольга са сваёй дружынай. Усё гэта мне тлумачыць з-за спіны бацька. А побач радасна гамоняць людзі, частуюцца, смяюцца. І я адчула, што сям’я — гэта не толькі бацькоўскі дом, а яшчэ і тэатр. Цяпер, праз гады, я разумею, што тое шчасце, якім быў прасякнуты тата і ўсе астатнія коласаўцы, тлумачыліся не толькі святам, але і вялікім духоўным уздымам, што быў звязаны з прыходам у тэатр Уладзіміра Караткевіча. У тэатры толькі што прайшла прэм’ера “Званоў Віцебска”, прымеркаваная да юбілею горада. Гэта была, вядома, мастацкая з’ява. І творчы багаж бацькі папоўніўся яшчэ адной знакамітай роляй, супрацоўніцтвам з выдатным пісьменнікам, якое неўзабаве, праз пяць гадоў прадоўжыцца, калі Коласаўскі тэатр увасобіць трагедыю “Кастусь Каліноўскі”, дзе Уладзімір Куляшоў створыць цэнтральны вобраз. Я ганаруся тым, што лёс звёў гэтых двух выдатных асоб, блізкіх па адносінах да мастацтва і жыцця. Маё ж асабістае адкрыццё Караткевіча адбылося напрыканцы 1970-х, калі ўвесь тэатр запоем чытаў яго раман “Дзікае паляванне караля Стаха”, надрукаваны ў часопісе “Нёман”. Не выключэннем стала і мая сям’я. На жаль, я, з прычыны свайго юнага ўзросту, не бачыла такія выбітныя пастаноўкі, як “Званы Віцебска” і “Кастусь Каліноўскі”, але спадзяюся, што тэатр знойдзе магчымасць набыць тэлевізійны запіс гэтых спектакляў, каб паказаць іх акцёрскай моладзі. За 35 гадоў бацька стварыў больш за 100 сцэнічных вобразаў, але прайшоўшы частку свайго творчага шляху паплеч з Караткевічам, зразумеў, што ён, рускі чалавек з берагоў Волгі, невыпадкова апынуўся тут, на гэтай зямлі, у гэтым тэатры. Да апошніх дзён яго жыцця я бачыла ў ягоным кабінеце партрэт Кастуся Каліноўскага. Прыгожы чалавек з адкрытым тварам і адкінутай назад пасмай валасоў. Яны былі сапраўды вельмі падобныя з бацькам. Толькі потым я зразумела, чаму ён так доўга не развітваўся з гэтым партрэтам, спярша ў тэатры, а пасля і дома. Ён быў свайго кшталту сімвалам, які звязваў бацьку з гэтай зямлёй, з гэтай сцэнай. А яшчэ я згадваю, з якой любоўю і пашанай тата ставіўся да сваіх блізкіх. Яго вельмі хвалявала і ўсцешвала, калі я прыходзіла глядзець спектаклі, дзе ён іграў. Сам сустракаў мяне на службовым уваходзе, чакаў, быццам рыцар. Гэта было вельмі кранальна. Я цяпер разумею, што для яго было вельмі важна ўбачыць у зале родныя вочы. А ён жа сам быў вельмі суровым, бязлітасным крытыкам, у тым ліку і да сябе самога. З цягам часу бацька стаў часцей са мной гутарыць, размаўляць пра тэатр, кнігі, нейкія жыццёвыя уражанні. Наступіў момант, калі я стала для яго раўнацэннай суразмоўцай. Ён па-філасофску глядзеў на рэчы, казаў, што жыццё — гэта пастаянны выбар, і я павінна зрабіць яго сама, бацька не можа за мяне вырашаць.

***

— У школе я хацела стаць біёлагам, любіла прыроду, займалася ў гуртку юных натуралістаў і нават атрымлівала нейкія граматы. Пра тэатр думала менш за ўсё. У старэйшых класах зацікавілася паэзіяй, вядома, не без уплыву бацькоў. Аднойчы на ўроку мяне выклікалі пачытаць Блока. Я чытала 45 хвілін —выдала ўсё, што накапілася, з’явілася нейкае жаданне падзяліцца тым духоўным багажом, што прыйшоў да мяне ад бацькоў. Для настаўніцы і ўсяго класа гэта стала адкрыццём. Дарэчы, педагог, сама прыхільніца коласаўскіх акцёраў, і параіла паступаць у тэатральны. Бацька нічога пра тое не ведаў, маці таксама гэтага не вельмі жадала. У свой час, пасля першых роляў тут, я перайшла ў Альтэрнатыўны тэатр, хоць у мяне былі цікавыя работы, напрыклад, Мар’я Антонаўна ў “Рэвізоры”, які ставіў Барыс Эрын. Тут сышліся мы ўсе ўтрох: мама грала Ганну Андрэеўну, бацька — Осіпа. Але запрасілі ў Мінск, там фактычна сабраўся ўвесь наш курс, і гэты кліч аказаўся больш моцны. У 1999 годзе пайшоў з жыцця бацька, а ў 2003-м памёр Андрэй Андросік, мой кіраўнік курса. Гэта былі тыя два чалавекі, на якіх я магла абаперціся ў жыцці.

***

— Для нармальнай работы на сцэне патрэбен збалансаваны “рацыён”. Акцёру таксама важна паспрабаваць розныя жанры. Калі ён грае толькі камедыйныя ролі ды казкі, гэта ненармальна, акцёр пачынае хварэць. У той жа час ёсць выканаўцы, якія выдатныя комікі ад Бога. Яны самі гэта разумеюць і не вельмі імкнуцца да іншага.

Як глядач я больш за ўсё люблю трагедыі і драмы. Для мяне важна адчуць катарсіс. Тады я ведаю, што недарэмна прыйшла на фільм ці спектакль. А як актрыса больш люблю, як ні дзіўна, камедыйныя ролі. Але часцей здараюцца спектаклі, дзе пераплятаецца смешнае і драматычнае. Напрыклад, “Пазычанае шчасце” Палачаніна альбо “Мудрацы” Астроўскага.

***

— Каб мне прапанавалі выбраць самой рэжысёра, нават самага знакамітага, пэўна, выбрала таго, хто ідзе ад акцёра, улічвае яго індывідуальнасць. Гэтыя ў большым выйгрышы. Таму я з асаблівай цеплынёй згадваю Генадзя Шкуратава, пастаноўшчыка “Адэлаіды”, які літаральна насіў артыстаў на руках, і Антона Грышкевіча, з якім мы сышліся ў “Фрэкен Юліі”. Удзячная і Рыду Таліпаву, што разгледзеў ува мне такія рысы, пра якія я і сама не ведала. Разлічвала на сумесную работу ў далейшым, але жыццё, на жаль, унесла свае карэктывы. Сёння я з аптымізмам і надзеяй гляджу ў заўтрашні дзень. Лічу, што ў гісторыі такога тэатра, як наш, мусіць быць дастойны працяг. І звязаны ён будзе са з’яўленнем новых рэжысёрскіх імёнаў, увогуле яркіх творчых асоб. Магу пажадаць сабе і маім калегам стаць годным працягам багатай і цікавай гісторыі Коласаўскага.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа