Каму свеціць зорка Мулявіна?

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

“Беларускую песню трэба прышчапляць зноў”
На мінулым тыдні прайшоў ужо шаснаццаты па ліку Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016”. Сваімі ўражаннямі ад форуму і думкамі пра яго развіццё падзяліўся ў фармаце маналогаў яго “айцец-заснавальнік” — кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, народны артыст краіны Міхаіл ФІНБЕРГ. Пасля ўласны пункт гледжання выкладае музыказнаўца, рэдактар аддзела "К" Надзея БУНЦЭВІЧ.

/i/content/pi/cult/591/13127/6-1.jpg— Пачнем з галоўнага: для чаго і для каго мы робім гэты фестываль? Якое месца ён павінен займаць сярод многіх іншых культурных падзей нашай краіны? (А іх, трэба адзначыць, нямала: толькі наш аркестр правёў ужо 225 фестываляў у малых гарадах, не кажучы пра шматлікія іншыя імпрэзы). Я задаваў сабе гэта пытанне заўсёды — і наконадні чарговага фэсту ў Маладзечне, і, вядома ж, у тыя часы, калі ён яшчэ толькі задумваўся. І ўжо тады — шмат гадоў таму, калі сёлетнія канкурсанты добра калі хадзілі пехатой пад стол — мне было дакладна зразумела: гэта мусіць быць не проста “яшчэ адзін фестываль”, хай сабе і вельмі маштабны. Найперш гэта важнае асветніцкае мерапрыемства, чыя галоўная місія  — выхаванне новых талентаў і развіццё мастацкага густу як публікі, так і саміх выканаўцаў. У дадзеным выпадку мы засяроджваем увагу менавіта на нацыянальнай песні. А песня, не пабаюся тут пафасу, — кансалідуючае звяно нацыі.

Раней з такім тэзісам ніхто б нават не наважыўся спрачацца. І я магу згадаць тут не толькі апетую літаратурнымі класікамі “сівую даўніну”, але і зусім нядаўнія часы. На першых фестывалях у Маладзечне былі такія кранальныя моманты, калі падчас канцэрту гледачы літаральна плакалі, калі гукі музыкі знітоўвалі пачуцці ўсіх, хто іх чуў.

Сёлета публікі было як заўсёды шмат, і на яе няўдзячнасць нікому з артыстаў наракаць не даводзіцца. Але… таго яднання душ, калі слухачы хорам спяваюць разам з салістамі, паклаўшы адзін аднаму рукі на плечы, цяпер ужо няма. Таму самая галоўная выснова, якую варта зрабіць пасля сёлетняга фэсту — беларускую песню трэба прышчапляць зноў. Людзі ад яе трохі адвыклі.

Чаму? У чым прычына? Можа, знізіўся творчы ўзровень фестывалю? Ды не, сёлета ён быў як заўсёды высокім, і гэта пацвердзілі многія прафесіяналы. Думаю, справа тут зусім у іншым. На нашу свядомасць сёння ўплываюць тэлебачанне ды іншыя сродкі масавай інфармацыі. І ў той справе, якую мы робім, яны павінны быць саюзнікамі, а не наадварот. На жаль, пакуль гэтага не скажаш.

Уявіце канкрэтную сітуацыю: ты ўтрапёна рыхтуеш канцэртныя праграмы (а іх у нас на фэсце, дарэчы, было пяць!), вяртаешся позна дадому, уключаеш тэлевізар — а там круцяць рэкламу зусім не нацыянальнага свята, а нейкага фестывалю шансону, які таксама пройдзе ў Маладзечне. Нічога не маю супраць шансону, як і ўсіх іншых музычных стыляў, але… Трэба ж нейкім чынам расстаўляць прыярытэты.

Сёлета караценькія ролікі з рэкламай фестывалю былі толькі на канале “Беларусь 3”. Вядома ж, гэтага замала. Каб фэст мог выканаць сваю грамадскую місію, ён патрабуе паўнавартаснай медыйнай падтрымкі. Уявіце сабе: недзе за месяц да яго пачатку на тэлебачанні пачынаюць з’яўляцца прэм’еры песень, інтэрв’ю са знакамітымі артыстамі, кампазітарамі, паэтамі… Хай бы гэтых людзей у нас пазнавалі ў твар! Паверце, яны таго вартыя. А ўжо наконадні фэсту гледачы могуць убачыць, як рыхтуюцца канкурсанты, як яны хвалююцца перад адказным момантам, як літаральна на вачах маладняк пераўтвараецца ў сапраўдных артыстаў…

Ды, на жаль, пакуль гэта — толькі мае мары. У рэчаіснасці ўсё зусім іначай.

Сёлетні фестываль быў прысвечаны памяці Уладзіміра Мулявіна. Спецыяльна з гэтай нагоды наш аркестр зрабіў новую праграму яго твораў. Прычым яна складалася зусім не з тых хітоў, якія сёння ў кожнага на слыху, але з рэчаў малавядомых або прызабытых. Так, яны трохі няпростыя і для выканання, і для ўспрыняцця публікай. Але зала рэагавала цудоўна, ды і трансляцыя канцэрта па тэлебачанні прынесла нямала добрых водгукаў. Шкада толькі, што ён ішоў па канале “Беларусь 3”. Хаця, як падаецца, постаць Мулявіна адпавядае маштабу Першага нацыянальнага канала.

***

— Фестывальны конкурс маладых выканаўцаў даўно зарэкамендаваў сябе як адзін з самых прэстыжных у краіне. Многія яго колішнія лаўрэаты сталі прафесійнымі спевакамі, і кожны з іх ахвотна пацвердзіць: “Маладзечна” для іх стаў не проста прыступкай на шляху ўгару — ён зрабіўся сапраўдным трамплінам!

Ды, тым не менш, ахвотных узяць удзел у тым спаборніцтве не так і шмат — што, вядома ж, насцярожвае. Чаму? Мабыць, прычына перадусім у тым, што маладзёны не бачаць ад гэтага нейкага канкрэтнага плёну. Раней конкурсныя выступленні паказваліся па тэлебачанні, гучалі па радыё, і для пачаткоўцаў гэта была добрая магчымасць “засвяціцца”. Сёння землякі ўжо не могуць хварэць за “свайго хлопца” ля экрана.

Больш за тое, на ўсе рэпетыцыі — а іх не адна і не дзве — канкурсанты прыязджалі з розных куткоў Беларусі выключна за ўласныя грошы. Можа, і гэта акалічнасць для кагосьці адыграла сваю ролю.

І тым не менш… Лічу, што конкурс можа быць папраўдзе вызначальным у кар’еры таго спевака, які мае сур’ёзныя намеры — прычым нават незалежна ад занятага месца. Уявіце сабе — хлопец ці дзяўчына з невялічкага гарадка атрымлівае ўнікальную магчымасць заспяваць на адной сцэне з не самым горшым у гэтым свеце аркестрам! Гэта ж папраўдзе неацэнны досвед, гэта моцны штуршок у плане прафесійнага росту і нагода перагледзець сваё стаўленне да творчасці. Трэба было бачыць, як гэтыя таленавітыя маладыя людзі былі задаволеныя, пачуўшы якасны жывы гук.

Мушу адзначыць, што са сваёй задачай канкурсанты справіліся, і на вялікай сцэне яны выглядалі вельмі годна. Можа, не кожны з іх стане суперзоркай, але… думаецца, памяць пра тыя дні застанецца на ўсё жыццё. А гэта таксама дарагога каштуе.

Шмат разоў чуў пытанне: “А што далей будзе з лаўрэатамі?”. Адказ тут можа быць толькі адзін: дакладна не ведаю. Бо гэта найперш залежыць ад іх саміх.

Неаднаразова сустракаў такое меркаванне: маўляў, артыст павінен паступова ісці ўгару прыступка за прыступкай. Перамог у Маладзечне — едзь у Віцебск, а калі ты і там адзначыўся, дык “аўтаматам” трапляеш на “Еўрабачанне”. Думаю, гэтая схема можа плённа працаваць хіба ў ідэале — хаця, як вядома, многія пераможцы “Маладзечна” нядрэнна праявілі сябе на “Славянскім базары…”. Калі ты здатны да ўнутранага росту і эвалюцыі, тады можаш прэтэндаваць і на пуцёўку на “Еўрабачанне”, а калі будзеш трохі “падбуксоўваць”… Прабач, але “блат” мы табе не будзем забяспечваць, нягледзячы ні на якія заслугі.

***

— Як яшчэ можна ўдасканаліць фестываль? Гэта пытанне не з простых. Перакананы, што ў дадзеным выпадку самае важнае — гэта не рэформы, а захаванне таго, што мы ўжо маем. А для гэтага належыць дбайна працаваць — кожнаму на сваім месцы. Думаю, работнікі культуры з усіх куткоў краіны ўжо сёння павінны актыўна заняцца падрыхтоўкай канкурсантаў на будучы год. Прыгледзьцеся: можа, літаральна поруч з вамі — будучая зорка нашай музыкі. І самае галоўнае: пры падрыхтоўцы не забывайцеся пра тое, што “Маладзечна” — гэта фестываль менавіта беларускай, нацыянальнай песні.

Вядома ж, мы таксама рыхтуемся поўным ходам. Лейтматыў наступнага фестывалю “Маладзечна” ўжо вызначаны, — вядома, гэта юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Калі Бог дасць здароўя, аркестр налета прадставіць прысвечаную ім праграму. Назвы яна пакуль не мае, але ж усе творы (а яны, адзначу, абсалютна новыя) ужо падрыхтаваны. І хочацца верыць, што хаця б некаторыя з іх стануць тымі песнямі, якія можна назваць папраўдзе народнымі (нават пры наяўнасці аўтараў).

Сапраўды, што можа яшчэ лепей яднаць нацыю, чым выдатныя музычныя творы? Згадайма знакамітае Свята песні і танца ў Рызе, на якое сцякаюцца дзясяткі тысяч турыстаў з усяго свету, каб адчуць дух гэтага народа. Паверце, “Маладзечна” цалкам можа — і, больш за тое, павінна! — заняць гэтую нішу ў нас. Але… Паўтаруся, для гэтага мы ўсе разам павінны працаваць. І, галоўнае, верыць у тую справу, якую робім.

Ілья СВІРЫН

***

ХVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016” працягваўся ўсяго два дні — 10 — 11 чэрвеня, але, як заўжды, быў насычаны шматлікімі падзеямі. І ў цэнтры, як і мае быць, апынуўся Нацыянальны конкурс выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Сёлета адметнасць конкурсу дый усяго фестывалю была, найперш, у яшчэ большай, чым калі, скіраванасці іх на постаць Уладзіміра Мулявіна і 75-годдзе з дня яго народзін. Мулявінская тэма была пазначана своеасаблівым лейтматывам “Маладзечна-2016”: тут і выстава з фондаў прысвечанага яму музея, і фотавыстава з яго здымкамі, і тэматычны канцэрт адкрыцця, які ўвабраў яго песенную спадчыну, і творчая справаздача на сцэне амфітэатра выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва яго імя, і спектакль сталічнага тэатра імя Максіма Горкага “Пясняр”, і традыцыйная паэтычная гасцёўня з удзелам беларускіх паэтаў, што перагукаецца з назвамі “пеняроўскіх” рэчаў, — “Малітва за Беларусь”.

У такім асяродку яшчэ больш значнай успрымалася галоўная конкурсная ўзнагарода — прыз імя Уладзіміра Мулявіна ў выглядзе хрустальнай гітары. Таму цалкам заканамерна, што Нацыянальны конкурс патрапіў на тэлеэкраны, каб назіраць за спаборніцтвам і хвалявацца за патэнцыйных пераможцаў магла ўся краіна (дададзім, што цяперашні фестываль увогуле меў даволі шырокую тэлеверсію — праўда, выключна на канале “Беларусь 3”).

Дык якім жа атрымаўся конкурс? З боку Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і асабіста яго кіраўніка — народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга — было зроблена ўсё, каб конкурсныя выступленні прайшлі як мага лепш. Як заўсёды, канкурсанты некалькі разоў з’язджаліся ў Мінск на папярэднія рэпетыцыі з аркестрам (сёлета, як расказвалі ўдзельнікі і іх выкладчыкі, рэпетыцый было нават больш).

Было заўважна, што ўсе больш адказна, а часам і прыдзірліва падышлі да выбару рэпертуару: у адрозненне ад мінулых гадоў, практычна не сустракаліся сітуацыі, каб адну і тую ж песню, бы неіснуючы на гэтым конкурсе “абавязковы твор”, канкурсанты спявалі б адзін за адным. Прыемна, што куды часцей, у параўнанні з мінулымі гадамі, рабіўся выбар на карысць прафесійных кампазітараў, прызнаных аўтараў, але іх не надта “растыражыраваных” кампазіцый. Так, у конкурсным рэпертуары апынуліся ажно шэсць розных песень Дзмітрыя Даўгалёва (“Нарач”, “Мелодыя сэрца”, “Зараніцы”, “Балада растання”, “Рэха жураўлінае”, “Наша рэчанька”), чатыры — Алены Атрашкевіч (“Маладзечанскі блюз”, “Паўзабыты свет”, “Гукай мяне”, “Ночы блакітны рай”), тры — Фёдара Жыляка (“Спытай у неба”, “Маё сэрца ў далонях”, “Жураўлі”), дзве — Яўгена Алейніка (“Чуеш мяне”, “З табой”), столькі ж — вядомага ўкраінскага кампазітара Аляксандра Панамарова (”Ты дачакайся мяне”, “Човен”). Дарэчы, наконт апошняга: пакуль у конкурсных умовах не будзе абсалютна дакладна прапісана неабходнасць звароту да беларускіх творцаў, а не проста беларускамоўных песень, удзельнікі часам будуць прапаноўваць пераклады замежных аўтараў, як у дадзеным выпадку.

Аднак больш за ўсё было менавіта “песняроўскіх” песень — з розных перыядаў існавання мулявінскага калектыву і некалькіх гуртоў яго паслядоўнікаў (“Касіў Ясь канюшыну”, “Ля замкавай гары”, “Тры крынічанькі”, “Стася”, “Ночка цёмная”, “Ліцвінка”). “Жняя” ж Рамана Козырава і цяперашняга Дзяржаўнага ансамбля “Песняры” на чале з Уладзімірам Мулявіным увогуле гучала двойчы: у жаночай і мужчынскай версіях.

Былі згаданы таксама песні Ізмаіла Капланава (прысвечаная памяці Мулявіна “І змоўкла гітара”), колішняга “песняра” Ігара Паліводы (“Па-над белым пухам вішняў”), якіх ужо з намі няма, Яўгена Магаліфа, які з 1990-х жыве ў ЗША (“Больш табе я не пазваню”). Звярталіся канкурсанты і да новых, нават зусім новых песень, сцвярджаючы іх запатрабаванасць (“Белая ластаўка” Уладзіміра Кандрусевіча, з якой Алёна Ланская перамагла на “Славянскім базары ў Віцебску-2012”, “Сонца каласы” Пятра Ялфімава, “Няма другой такой” Веранікі Мусвідас, “Бяжы” Насты Шпакоўскай з гурта “Naka”, “Новы дзень” з рэпертуару “Navi”, “Русалкі” Аляксандра Маркевіча з “By cry”, “Свяча” Рамана Валазнёва, прэзентаваная ім толькі летась на ХIV Рэспубліканскім конкурсе “Белазаўскі акорд”).

Тым не менш, для многіх канкурсантаў менавіта выбар рэпертуару па-ранейшаму заставаўся адным з непяройдзеных рубіконаў. Бо мала знайсці добрую песню, неабходна яшчэ, каб яна стала па-сапраўднаму “сваёй”, раскрываючы лепшыя якасці выканаўцы. А для гэтага часцяком патрабуецца яе рэдагаванне, прыстасаванне да канкрэтнага спевака, пошукі ва ўсіх сэнсах новай інтэрпрэтацыі — да таго ж, узгодненай з аўтарамі ці іншымі праваўладальнікамі. На жаль, не ўсе “дацягваліся” да абраных відавочна “на выраст” песень. Хтосьці ж, наадварот, схіляўся да простых мелодый, не спрабуючы расквеціць іх сольнай кадэнцыяй.

Па вялікім рахунку, нацыянальнаму статусу конкурсу адпавядала прыблізна трэць удзельнікаў. Выканальніцкія праблемы заставаліся ранейшымі: недавучанасць (асабліва ў пастаноўцы правільнага спеўнага дыхання), няўменне як след асэнсаваць змест песні, адбудаваць музычную форму, зрабіўшы ў ёй кульмінацыю. А галоўнае — вытрымаць добры густ, а не “скатвацца” ўвесь час да рэстаранных манераў. Дарэчы, на апошні недахоп, як паказалі фестывальныя канцэрты, пакутуюць і некаторыя прафесійныя спевакі, так што канкурсантам, на жаль, ёсць у каго набірацца “вопыту”.

Каб падкрэсліць недастатковую планку, журы на чале з Міхаілам Фінбергам вырашыла сёлета Гран-пры не ўручаць. Першай прэміяй і спецпрызам імя Уладзіміра Мулявіна, які звычайна суправаджае вышэйшую ўзнагароду гэтага конкурсу, быў адзначаны выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, цяперашні студэнт Універсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Саванец. Ён і сапраўды быў лепшым, паказаўшы вельмі высокую культуру выканання: папраўдзе сталы прафесійны падыход, ідэальную адточанасць кожнай дэталі. Не першы год назіраючы за гэтым спеваком, прыемна бачыць, як раз за разам ён бярэ ўсё новыя творчыя вяршыні, не спыняючыся ў самаўдасканаленні.

Што ж, калі да Гран-пры прад’яўляць вышэйшыя патрабаванні экстра-класа (маўляў, гэта павінна быць штосьці звышкасмічнае, што адкрывае прынцыпова новыя, невядомыя раней шляхі ў мастацтве), дык і сапраўды — такіх выканаўцаў у Маладзечне не было. Але калі параўнаць першую прэмію з дзвюма другімі (віцябчанка Марына Бараноўская і мінчанка Ніна Жукоўская), а тым больш — трыма трэцімі (яшчэ адна віцябчанка Аляксандра Вітушкіна, Аляксандр Ласоўскі са Светлагорска і Ксенія Бучылка з Гродна, да народнай спеўнай манеры якой так і хацелася дадаць крыху больш не акадэмічнай, а эстраднай), дык разрыў паміж імі атрымаецца надта вялікім — як паміж лаўрэатам і, у лепшым выпадку, дыпламантамі. Затое “за бортам”, на жаль, апынуліся некаторыя, на маю думку, даволі цікавыя і перспектыўныя выканаўцы. Гэта, да прыкладу, салістка аркестра Міністэрства ўнутраных спраў, выпускніца БДУКіМ і студэнтка Акадэміі мастацтваў Вольга Калеснікава, схільная да прыцягальнага сінтэзу мастацтваў; маладзечанка Дзіяна Бажко, якая скарыла вялізным дыяпазонам і музычнасцю; навучэнка Мінскага каледжа мастацтваў Юлія Юхневіч са Смаргоні, схільная да драматургічных тонкасцяў у абраных песнях; салістка Мірскага ДК з Брэстчыны, выпускніца Баранавіцкага музычнага каледжа Аксана Вайцешык, якая, у адрозненне ад многіх іншых, асэнсавана карыстаецца голасам і магчымасцямі свайго рэпертуару.

Будзем спадзявацца ўбачыць у Маладзечне небывалы конкурсны ўздым — праз год і далей. Але пакуль, у немалой ступені, гэтаму перашкаджае сістэма адбору ўдзельнікаў: ад кожнай вобласці і Мінска — па тры чалавекі. Вядома, гэта дае агульную карціну стаўлення да беларускамоўнай эстрады ў краіне, але не спрыяе выяўленню ўсіх, хто, паводле Палажэння аб конкурсе, здольны да “ўдзелу ў прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах”. Але апошні пункт, як паказвае практыка, не вытрымліваецца, нягледзячы на штогадовыя сцверджанні пра тое Міхаіла Фінберга: на той жа “Славянскі базар у Віцебску” праводзіцца асобны адбор канкурсантаў ад Беларусі. Можа, усё ж прыслухацца да прапаноў магутнага спецыяліста?

...Фестываль расце, развіваецца. Вось і сайт у яго асобны з’явіўся — і нават абнаўляецца, у адрозненне ад некаторых іншых фестывальна-конкурсных. Хіба да рубрыкі “Спіс пераможцаў” у арганізатараў рукі пакуль не дайшлі: там па-ранейшаму ўсё заканчваецца леташнімі і яшчэ больш ранейшымі прозвішчамі (у некаторых, на жаль, і без фотаздымкаў). А між тым, маладзечанскі конкурс узрасціў і адкрыў многіх цяперашніх знаных салістаў — тых жа Наталлю Тамела, Аляксандра Салаўёва, якія выдатна трымаюць званне яго лаўрэатаў. Пажадаем таго ж і новым зорачкам!

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"