“...Крок”, Юркоўскі

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Віцебск як культурная сталіца Беларусі прымервае да сябе новы вобраз — гаспадара першага Міжнароднага фотафестывалю “Фотакрок”, які адбудзецца з 23 па 26 чэрвеня. Арганізатарамі фэста выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры, па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама, “Рус прэс фота”.

Фотафестываль носіць імя Сігізмунда Юркоўскага, выбітнага ўраджэнца горада на Заходняй Дзвіне. Юркоўскі ўвайшоў у гісторыю фатаграфіі як канструктар, што прапанаваў сваё вынаходніцтва — шторна-шчылінны затвор, якім да гэтых часоў карыстаюцца фатографы. Адбылося гэта ў часы, калі чалавецтва адкрыла для сябе новыя звышсвятлоадчувальныя матэрыялы. “Імгненны затвор” і імя Сігізмунда Юркоўскага, такім чынам, уключаны ў сусветныя і айчынныя крыніцы па фотасправе.

Праграма 4 дзён фестывалю — гэта конкурс “Рух жыцця”, выставы фотамастакоў Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны, бліц-конкурс, майстар-класы ад прафесіяналаў, фотаперформансы, рэвю здымкаў, работа творчых майстэрняў.

“Фотакрок” дэбютуе, але ўжо бачыць сябе як платформу для аматараў і спецыялістаў, дзе магчымы абмен творчым і прафесійным вопытам. Фэст ставіць перад сабой мэту аб’яднаць нацыянальных і замежных адмыслоўцаў і аматараў у Віцебску.

Дарэчы, арганізатары прапаноўваюць стаць удзельнікам фотаконкурсу ў рамках праекта пад назвай “Рух жыцця”. Работы прымаюцца да 15 чэрвеня, з умовамі спаборніцтва можна азнаёміцца на сайце фотафестывалю ім. Сігізмунда Юркоўскага.