Перспектывы ў Праграме

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

10 чэрвеня міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і міністр культуры Латвійскай Рэспублікі Дацэ Мелбардэ падпісалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Праграму супрацоўніцтва на 2016 — 2018 гады ў сферы культуры.

/i/content/pi/cult/590/13121/3-1.jpgМіністэрствы будуць спрыяць пашырэнню і ўстанаўленню прамых кантактаў паміж музычнымі ўстановамі, канцэртнымі арганізацыямі, творчымі саюзамі, а таксама абмену выканаўцамі, музычнымі калектывамі і спецыялістамі галіны.

Бакі будуць заахвочваць непасрэднае супрацоўніцтва паміж Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Нацыянальнай операй і балетам, падрыхтоўку і рэалізацыю сумесных праектаў, абмен пастаноўкамі, салістамі, рэжысёрамі і харэографамі. Праграма закранула і ўзаемаадносіны паміж Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь і Ліяпальскім сімфанічным аркестрам.

Вялікая ўвага ў Праграме надаецца міжнародным музычным фестывалям, якія праводзяцца на тэрыторыі дзяржаў. Беларускі бок запрасіў прадстаўнікоў Латвіі прыняць удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Беларуская музычная восень” (Мінск), Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі (Віцебск). Латвійскі бок у сваю чаргу прапанаваў Беларусі ўдзел у VI Міжнародным конкурсе драўляных духавых інструментаў імя Андрэя Юрана (Рыга), у Міжнародным конкурсе медных духавых інструментаў імя Андрэя Юрана (Рыга), у Міжнародным конкурсе піяністаў імя Язэпа Вітола (Рыга), у Міжнародным конкурсе харавых дырыжораў імя Язэпа Вітола (Рыга), у Балтыйскім міжнародным фестывалі балета (Рыга), у штогадовым Міжнародным фестывалі музыкі і мастацтва “Даўгаўпілс ReStArt”.

Міністэрствы культуры Беларусі і Латвіі будуць заахвочваць развіццё прамых кантактаў паміж прафесійнымі тэатрамі, садзейнічаць абмену выканаўцамі і пастановачнымі групамі, крытыкамі, тэатразнаўцамі, тэатральнымі рэжысёрамі, самімі пастаноўкамі. Супрацоўніцтва ўжо дакладна закране Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Латвійскі Нацыянальны тэатр і Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава. Для ўстаноў будуць арганізаваны абменныя гастролі, а таксама запрашэнні рэжысёраў для ажыццяўлення пастановак. Беларускі бок запрасіў прадстаўнікоў Латвіі для ўдзелу ў Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва “ТэАРТ” (Мінск) і ў Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме “М@рт.кантакт” (Магілёў).

У 2016 — 2018 гадах, згодна з Праграмай, актывізуюцца супрацоўніцтва ў галіне мастацкай адукацыі і падтрымка кантактаў паміж вышэйшымі ды сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі культуры і мастацтва Беларусі і Латвіі. Гаворка пра сувязі паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі і Латвійскай акадэміяй музыкі імя Язэпа Вітола, пашыраныя ў рамках праграмы Еўрапейскага Саюза “Erasmus+”. Латвія запрасіла Рэспубліку Беларусь паўдзельнічаць у Міжнародным конкурсе маладых музыкантаў “Viva la Musica” (Даўгаўпілс), у Міжнародных майстар-класах маладых піяністаў “Daugavpils Piano”, у Міжнародным конкурсе маладых канцэртмайстраў “Daugavpils koncertmeistars” (Даўгаўпілс), у Міжнародным конкурсе ансамбляў “Nova Musica” (Даўгаўпілс), у Міжнародным конкурсе маладых вакалістаў “Bella Voce” (Даўгаўпілс).

Кінематограф таксама стаў часткай культурнай Праграмы на бліжэйшыя гады. Плануецца ўдзел беларускіх фільмаў і кінематаграфістаў у Міжнародным фестывалі “2 Annas”, а латвійскай прадукцыі і творцаў у Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, Міжнародным фестывалі анімацыйнага кіно “Анімаёўка” (Магілёў). Міністэрствы будуць спрыяць удзелу прадзюсараў і рэжысёраў кіно Беларусі ў Форуме дакументальных фільмаў краін Балтыйскага мора.

Цікавы вопыт атрымаюць нацыянальныя і публічныя бібліятэкі абедзвюх краін, будзе ажыццяўляцца абмен экспертамі ў сферы бібліятэчнай справы. Музеі Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Рэспублікі таксама зладзяць абмен выставамі выяўленчага мастацтва. Краіны будуць абменьвацца інфармацыяй у галіне ўліку, аховы, рэстаўрацыі, выкарыстання і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны, вывучаць магчымасці сумеснага правядзення семінараў і сімпозіумаў. Не застануцца незаўважанымі самадзейная творчасць і нематэрыяльная культурная спадчына. Спецыялісты змогуць ажыццявіць абмен інфармацыяй па міжнародных фальклорных фестывалях, а таксама прыняць у іх удзел. Будуць арганізаваны сумесныя выставы і семінары, прысвечаныя народнай прыкладной творчасці і традыцыйным рамёствам.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст