Два канцэрты на першай сцэне

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Лідскі варыянт фурору на фестывалі за мяжой
Аркестр народных інструментаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа — калектыў, добра вядомы не толькі ў родным горадзе і на Гродзеншчыне наогул. Апошнія некалькі гадоў ён кожны сезон ажыццяўляе паездкі на прэстыжныя міжнародныя конкурсы ды фестывалі, нязменна прывозячы Гран-пры, іншыя ўзнагароды ды знакі прызнання. Сёлета па спецыяльным запрашэнні арганізатараў ён стаў удзельнікам ХХХ FIMU — Міжнароднага музычнага фестывалю моладзі ў Бэльфоры (Францыя).

/i/content/pi/cult/590/13107/14-1.jpgНа гэты фэст, які аб’ядноўвае музыку многіх стылёва-жанравых кірункаў, аркестр на чале з Аленай Сячко выправіўся не ўпершыню: у 2011 годзе ён ужо меў там фурор. Сёлета ж лідчане нават не падавалі заяўку на ўдзел — арганізатары самі даслалі запрашэнне і потым некалькі разоў званілі, настойліва ўгаворваючы кіраўніка: маўляў, вельмі просім ваш калектыў прыняць удзел у юбілейным форуме.

ХХХ FIMU сабраў удзельнікаў з 30 краін. Лідскаму каледжу запланавалі два сольныя канцэрты, кожны працягласцю адну гадзіну. Абодва — у адной з лепшых залаў Бэльфора з вялікай сцэнай і добрай акустыкай. Але ўмовы самога выступлення практычна спартанскія: улічваючы фестывальны рэгламент, усяго гадзіна на акустычную рэпетыцыю. Прычым непасрэдна перад выступленнем. І пачынаецца яна з расстаноўкі інструментаў. А сярод іх не толькі домры, балалайкі, баяны, з якімі выканаўцы, што называецца, не расстаюцца, але і цымбалы, гуслі, якія трэба перанесці, усталяваць, настроіць. А яшчэ — літаўры, вялікі барабан, ударная ўстаноўка, ксілафон, якія звычайна прадастаўляюцца арганізатарамі.

Пакуль усё гэта прыносіцца, выкатваецца, расстаўляецца, уласна на “спробу гуку” застаецца ўсяго дзесяць хвілін, бо потым у залу пачынаюць запрашаць публіку. Тым не менш, усё праходзіць на “ўра”.

Другі канцэрт — праз дзень у той жа зале. І хаця праграма іншая, музыкантам, здавалася б, павінна быць прасцей. Ажно не! Ударныя, як высвятляецца, задзейнічаны ў іншым канцэрце, які заканчваецца а 20-й. І акурат а 20-й пачынаецца беларускае выступленне! Парадак твораў імгненна змяняецца, “пазычаныя” інструменты выкатваюцца літаральна ў час канцэрта. Само ж выступленне выклікае такое ўзрушэнне публікі, якога я, добра пабегаўшы па фестывальных канцэртах, не бачыла ні на адным з іх.

Зала на паўтысячы месцаў — паўнюткая, частка слухачоў стаіць і ззаду за апошнім радам, і па баках ля сцен. Кожны нумар выклікае воклічы: “Брава, Ліда!”, “Брава, Беларусь!”. Гадзіна пралятае імгненна, але публіка не разыходзіцца. Канцэрт нашага аркестра ў гэтай фестывальнай зале — апошні, ніхто з калектываў не “дыхае ў спіну”, і музыканты, канчаткова раскаваныя добрым прыёмам, пачынаюць чараду нумароў “на біс”. Калі ж і яны скончаны, выстройваецца чарга па кампакт-дыскі.

Дарэчы, многія прыходзілі на абодва канцэрты лідскага аркестра. І вельмі здзіўляліся, што яны, як і іншыя фестывальныя імпрэзы, бясплатныя: “Калектывы такога ўзроўню выступаюць у нас за адпаведныя іх майстэрству грошы. Прыязджайце яшчэ — з вялікім гастрольным турам па ўсім рэгіёне!” Што ж, прапанова, зразумела, заманлівая. Але камерцыйныя паездкі такога кшталту патрабуюць добрых прадзюсараў. Пакуль жа ў лідчан іншая “вечная” праблема: як знайсці спонсараў?

— Мы вельмі ўдзячны, — гаворыць Алена Сячко, — што нас падтрымала Адкрытае акцыянернае таварыства “Лідскае піва”, якое святкуе сёлета 140-годдзе. Пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў FIMU фестываль бярэ на сябе. Але ж трэба яшчэ даехаць да Францыі і дадому! Таму без фінансавай дапамогі — ніяк.

Укладзеныя ў вандроўку спонсарскія грошы вяртаюцца адкрытай “рэкламай” краіны і яе высокай музычнай культуры — тым больш, што ў праграме калектыву ёсць і замежныя творы, і беларускія. Першы ўсплёск зачаравання вырываецца ў публікі, ледзь толькі музыканты ў нацыянальных строях выходзяць на сцэну. Другі — калі дамрыстка Кацярына Гародка пачынае весці праграму па-французску (дарэчы, з абавязкам перакладчыцы яна спраўлялася куды лепш за прапанаваную арганізатарамі “францужанку” ўкраінскага паходжання: тая па-руску гаварыла добра, а французскую мову ведала куды горш). Трэці і ўсе астатнія, што перарастаюць у эмацыйныя хвалі “дзявятага валу”, — пасля кожнага нумару.

Маладыя аркестранты не цураюцца найноўшых тэндэнцый “інструментальнага тэатра” — нават калі тыя не прапісаны ў партытуры. Тых жа баяністаў дырыжор то выводзіць на авансцэну і эфектна разварочвае бокам да залы, то вымушае ўставаць пад час дыялагічных сімфаджазавых перазоваў у “Гумарэсцы” Яўгена Глебава. “Медытанга” Астара П’яцолы прачытвае як пранікнёна-трывожную і адначасова відовішчную размову баяна са скрыпкай на фоне аркестра. “Паэму” Генадзя Ермачэнкава з габойнымі сола “ў ролі” дудкі вырашае як гістарычны аповед пра беларускую мінуўшчыну. А ў “Падарожжы ў краіну цудаў” Вячаслава Кузняцова бярэ такі “звышгукавы” тэмп, што атрымліваецца не проста “вакханалія для аркестра”, як пазначана кампазітарам, а, лічы, палёт на касмічнай ракеце.

Аддзялення ўдарных у каледжы няма, але шматлікімі інструментамі гэтай групы паспяхова авалодваюць музыканты іншых спецыяльнасцей. Акардэаністка Віялета Жэгждрынь зухавата грае на кастаньетах. Цымбалістка-трэцякурсніца Маргарыта Сяліцкая — на літаўрах, ксілафоне, ударнай устаноўцы, бубне, трашчотцы. А ў тым, што яна віртуозна валодае сваім асноўным інструментам, пераконваў Другі канцэрт для цымбалаў з аркестрам Дзмітрыя Смольскага. Гэты твор выконвалі ўсе вядучыя салісты краіны, укладаючы ў фінал розныя сэнсы — ад святочнага настрою да трагічнага. Рыта, у адпаведнасці з юначым узростам, прачытвае гэту музыку як шалёныя жыццёвыя віхуры, што перашкаджаюць чалавеку спыніцца, азірнуцца, узгадаць, куды і навошта бяжым. Імгненні роздуму наступаюць толькі ў кадэнцыі, дзе тлум вечнай спешкі, зададзенай аркестрам, сыходзіць, пакідаючы саліста сам-насам с сабой.

— Студэнцкі калектыў, — расказвае Алена Сячко, — штогод змяняецца: выпускнікі сыходзяць. Сёлета ў аркестры як ніколі многа першакурснікаў. Прычым большасць тых, каго вы бачыце з домрамі ды балалайкамі ў руках, па спецыяльнасці — баяністы ды акардэаністы. І асвойвалі новыя для іх інструменты ўсяго некалькі месяцаў: па вучэбных планах на гэта адводзіцца ўсяго гадзіна на тыдзень на першым курсе. Але калі чалавек “палае” любоўю да музыкі, дык гатовы не расставацца з інструментам ні на хвіліну. Адсюль і вынікі.

Невыпадкова год таму на ІІІ Еўрапейскім музычным конкурсе моладзі ў Бельгіі аркестр з Ліды не проста перамог, а набраў 98 балаў са 100 магчымых.

— Асаблівасць конкурсу, — працягвае Алена Эдуардаўна, — яго празрыстасць. Журы паказвае ўсе пратаколы, тлумачыць кожны бал. Вось і нам патлумачылі, што знялі два балы за… недасканаласць інструментаў. Так, мы імкнемся аднавіць інструментарый, але гэта, як вы разумееце, не толькі ад нас залежыць. Таму і настройваю салістаў: шукайце конкурсы, дзе прызам будзе добры інструмент вядучай фірмы свету…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"