Радыёхімік у жанры, які сыходзіць

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Як “дапрацоўваць” сябе на манежы?
Напрыканцы мая гімнастка Беларускага дзяржаўнага цырка Алена КЛІМОВІЧ прывезла на радзіму залаты медаль І-га Міжнароднага дзіцячага і маладзёжнага фестывалю цыркавога мастацтва, які ладзіўся ва Украіне. Яе нумар “Іншая” ў жанры антыпод — жангліраванне нагамі — стаў лепшым ва ўзроставай катэгорыі 18 — 25 гадоў. Супрацоўнікі цырка яшчэ на вахце пачалі ўголас расхвальваць журналісту “К” артыстку: “Пішыце пра яе! Адказная дзяўчына, шмат трэніруецца. І пры гэтым яна вучыцца на дзённым у БДУ! Такіх разумніц — пашукаць!”

/i/content/pi/cult/590/13103/6-2.jpg— Перш-наперш, хочацца запытаць пра сам жанр: чаму антыпод знікае з прафесійнага манежа?

— Я сама залічана на паўстаўкі ў штат Белдзяржцырка паветранай гімнасткай, бо першапачаткова прыйшла сюды з такога кшталту трукамі. У маім “багажы” быў і нумар-антыпод. Таму паступова мне замовілі рэквізіт, і я пачала рыхтаваць яго новую варыяцыю. Гэта складаны жанр, не ўсім дадзена прымусіць свае ногі працаваць. Напрыклад, на творчых спаборніцтвах я рэдка сустракаю кагосьці ў гэткім жа амплуа… Верагодна, таму што з рэквізітам шмат праблем: ад пастаяннага падкідвання ён ламаецца, псуецца. І для нумара яго неабходна шмат. Адпаведна, паўстае пытанне з транспартыроўкай. А на конкурсы мяне выпраўляюць адну, вось і ўявіце, з якімі складанасцямі з багажом даводзіцца сутыкацца. Можа, такія праблемы і ўплываюць на тую акалічнасць, што антыпод — адзін з найстаражытных відаў жангліравання — памірае… Мне тое вельмі крыўдна.

— Адкуль у вас любоў да “рарытэтнага” кірунку?

— Я родам з Оршы. У пяць гадоў бацькі прывялі мяне ва ўзорную цыркавую студыю “Арэна” да Алены Жаўненка. У такіх студыях дашкалятам даюць у рукі розны рэквізіт, дазваляюць лазіць паўсюль, забірацца куды заўгодна. Так, спрабуючы розныя жанры, патроху знаходзіш сябе. Да слова, у прафесійным цырку ўжо няма такой свабоды дзеяння…

— Ці ўплываюць аматарскія студыі на развіццё прафесійнага цыркавога мастацтва?

— Мне падаецца, аматары неабходныя айчыннаму цырку: студыі з’яўляюцца адным са шляхоў станаўлення сапраўдных артыстаў. Галоўнае — выбраць добрага настаўніка, які накіруе ў патрэбнае рэчышча. Калі ў цябе цыркавая сям’я, то бацькі, хутчэй за ўсё, дапамогуць разабрацца ў жанрах і напрамках, падтрымаюць здольнасці. З боку ж у цырк патрапіць нерэальна, нават калі чалавек ад прыроды мае добры баланс і расцяжку. Цыркавая студыя — лепшы старт, каб патрапіць у жаданую прафесію. У Оршы, скажам, вельмі моцны аматарскі калектыў. Мы аднымі з першых у Беларусі сталі выязджаць на міжнародныя фестывалі і конкурсы. Алена Жаўненка рыхтавала для кожнага індывідуальныя нумары, часам бывалі парныя. І нават самыя маленькія вярталіся ў Беларусь з прызамі.

— Чаму, маючы за плячыма шыкоўную падрыхтоўку, вы не паехалі па профільную адукацыю ў Кіеў ці Маскву (У Беларусі адпаведнай установы не існуе. — Н.П.), а абралі прафесію радыёхіміка?

— У цыркавое вучылішча я ніколі не хацела. Калі чалавек марыць пра манеж, але не хапае навыкаў і ўменняў, неабходна сябе “дапрацоўваць”. Іншае пытанне, калі маецца добрая падрыхтоўка ў аматарскай студыі. На маю думку, наўрад ці я атрымала б новыя навыкі ў спецыяльнай установе адукацыі. Бачу выступленні аднагодкаў з іншых краін і магу запэўніць, што нумары навучэнцаў Алены Жаўненка такога ж узроўню, як і ў выпускнікоў цыркавых вучылішчаў.

Прызнаюся, задумвалася аб прафесіі рэжысёра, але не склалася… У профільнай ВНУ мне адказалі, што гэта зусім не маё. Але, упэўнена, у будучыні абавязкова вярнуся да гэтай тэмы. Я скончыла школу з залатым медалём, мне заўсёды падабалася хімія, біялогія, матэматыка — з гэтай прычыны і абрала хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Заахвоціў і новы кірунак: якраз набіралі будучых спецыялістаў, неабходных для працы на Астравецкай АЭС.

— Але жыццё вярнула ў цырк.

— Так. На першым курсе роўна два месяцы я прызвычайвалася да студэнцкіх будняў, не трэніравалася, не займалася гімнастыкай, не танцавала. І зразумела, што страшэнна стамілася ад такога лайдацтва. Прыйшла ў Белдзяржцырк, прынесла відэазапісы і дыпломы. Мне адказалі: “Давайце паспрабуем, можа з гэтага штосьці і атрымаецца”. З таго часу я самы шчаслівы на свеце чалавек — займаюся ўлюбёнай справай! Дадам, што сувязь з роднай студыяй я падтрымліваю і дагэтуль. Калі патрэбна якая дапамога ці неабходна паўдзельнічаць у студыйнай праграме, заўсёды гатовая прыехаць.

— Цікава, а ці меў антыпод “Іншая” аршанскія карані?

— Сапраўды, гэты нумар быў задуманы яшчэ ў Оршы. Яго ставіла Алена Сяргееўна. Менавіта ёю і быў прыдуманы эфектны фінал: антыпадыст, які ўвесь нумар адпрацаваў на спецыяльным абсталяванні, узлятае на тросе пад купал цырка, працягваючы круціць нагамі і рукамі прадметы. Мы нават пачалі рэпеціраваць, але я перайшла ў 10 клас агульнаадукацыйнай школы, неабходна было рыхтавацца да паступлення… Тады я і сышла са студыі. У Мінску вярнулася да жангляжу, набор трукаў ухвалілі тутэйшыя спецыялісты. У Белдзяржцырку вобраз наблізілі да таго, што патрабуе сталічная праграма, нумар адшліфавалі, давялі яго да ідэальнага стану, што і дапамагло заваяваць галоўны прыз на прэстыжным міжнародным спаборніцтве.

— Ці бачылі выступленні канкурсантаў? Як выглядаюць нашы аматары ў параўнанні з замежнікамі?

— Усё залежыць ад узроўню студыі: заўсёды бачна, калі з артыстам працуе зладжаная каманда, што складаецца з харэографа, рэжысёра, касцюмера. Тады нумары на ступень вышэйшыя за тыя, дзе артыст, музыка і касцюм існуюць паасобку.

Я звярнула ўвагу, што з Еўропы і Амерыкі на фестывалі для дзяцей і моладзі прыязджаюць канкурсанты старэйшай узроставай катэгорыі, і толькі краіны СНД выстаўляюць 10—12-гадовых. Але нашы хлопчыкі і дзяўчынкі робяць неверагоднае! За мяжой больш развіты, так бы мовіць, дарослы, прафесійны цырк, а ў нас многае трымаецца на аматарскіх студыях, дзе добрая падрыхтоўчая база і моцныя шматгадовыя традыцыі. Праца з дашкольнага веку дапамагае ў хуткім часе дасягнуць выдатных вынікаў як у тэхніцы, так і ў артыстызме. Можа, суб’ектыўна тое, але нашы аматары лепш падрыхтаваныя.

Для заходніх краін характэрна забіраць на прафесійны манеж былых спартсменаў. Там робяць стаўку на шоу, таму ў цыркавых заўсёды менш рэквізіту, больш візуальных і светлавых эфектаў. У нас жа вышэйшыя патрабаванні да тэхнікі, да складанасці трукаў. Таму і нумары выглядаюць больш відовішчнымі. Прынамсі, звыклыя для краін СНД “калёсы смерці” (Нумар будуецца на раўнавазе, у ім тэхнічна немагчымая страхоўка. — Н.П.), а ў Еўропе іх не шмат засталося…

— А вось у папулярным “Cirque du Soleil” з гэтым нумарам выступалі выхадцы з СНД. І канадцы маюць у штаце шмат выхадцаў з постсавецкага абшару, з Беларусі…

— Так. Патэнцыял у нашых вялікі. На жаль, у Беларусі не так, як хацелася б, падтрымліваецца наш від мастацтва… Затое ў цырк прыходзяць самыя адданыя: тыя, хто сапраўды яго любіць і гатовыя аддаваць яму свой час і сілы.

— За савецкім часам ад праграмы чакалі складанасці, артысты імкнуліся прыдумаць унікальны трук, здзівіць публіку “смяротным” нумарам. Зараз жа ўражанне, быццам сучаснае пакаленне ідзе па шляху спрашчэння…

— Тут складанае пытанне… Можа, гэта не зусім карэктна, але часам людзі не бачаць сэнсу рабіць складаныя нумары, рызыкаваць здароўем, калі заробак пакідае жадаць лепшага… Але гэта тычыцца хутчэй індывідуальных адносін да справы: калі любіш цырк усёй душой, то будзеш працаваць над ускладненнем трукаў незалежна ад сумы на рахунку.

— Не за гарамі размеркаванне. Аддадзіце перавагу цырку ці ўсё ж хіміі?

— Калі паступала ў БДУ, то сваёй будучыняй бачыла толькі радыёхімію. Зараз усё вельмі спрэчна. Сэрца аддадзена цырку, але тут паўстае пытанне ўзроўню жыцця, заробку… Веру ў тое, што з дыпломам змагу вярнуцца да хімічнай спецыяльнасці ў любым узросце. На манежы ў мяне яшчэ столькі магчымасцяў! У антыподзе ёсць куды расці: выкарыстоўваць іншыя прадметы, нарошчваць іх колькасць. Зараз у мяне адна “цыгара” (Полы цыліндр, які выкарыстоўваюць для жангляжу нагамі. — Н.П.) на назе, іх можа быць дзве; можна паспрабаваць зусім іншае кручэнне ці дабавіць новы рэквізіт. Тое, што вы бачыце на манежы, добра калі палова тых трукаў, якія мы выконваем на рэпетыцыі. Яны пакідаюцца за манежам, інакш нумар расцягнецца на 15 хвілін. У мяне ёсць яшчэ некалькі жанраў: хула-хупы, паветраныя палотны… Хацелася б развівацца, асвойваць новае!

— На вашую думку, ці можа з’явіцца ўласна беларускі, нацыянальны нумар?

— Цырк — мастацтва інтэрнацыянальнае. Аднак у Беларусі ёсць таленты, чаму не ствараць унікальную беларускую праграму і не вазіць яе на гастролі? Тым больш, прэцэдэнт у Белдзяржцырку неядаўна быў. Айчынных артыстаў неабходна падтрымліваць, ствараць для іх умовы, інакш лепшыя з’едуць за мяжу, а золата ды срэбра прэстыжных конкурсаў пацячэ не ў Беларусь, а ў якую Італію ці Канаду… Усё ж высакакласныя артысты — прэстыж краіны!

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"