Гастролі з "Песняром"

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

У тур са сваім журналістам: некалькі дзён з жыцця Нацыянальнага тэатра імя Горкага
Гэтым матэрыялам “Культура” выпрабоўвае новы цыкл “У тур са сваім журналістам”. Сутнасць яго ў тым, што карэспандэнт “К” будзе сядаць “на хвост” гастрольнага цягніка (альбо іншага транспарта), далучаючыся да творчага падарожжа. Карацей, паехалі?!..

/i/content/pi/cult/590/13099/5-1.jpgНу i ў якасцi эпiграфа з Андрэя Макарэвіча: “С давних лет я любил не спектакль, а скорей подготовку к спектаклю... Режиссер весь горел и от счастья и боли сжимал кулаки…”

Пачынаючы з... аўтобуса

Частка трупы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максiма Горкага са спектаклем “Пясняр” выправілася ў тур па краіне 31 мая. Я далучыўся да падзеі на двое сутак па дарозе ў Гомель — першы горад турнэ, дзе ў Абласным драматычным тэатры пастаноўку і паказалi публіцы. Адразу запісаў меркаванне актрысы Настассі Шпакоўскай.

— Для мяне гэта першы тэатральны тур па Беларусі, — распавяла выканаўца ролі Цёткі ў спектаклi. — Гадоў дзесяць таму мы гастралявалi па расійскіх гарадах: Самара, Саранск, Ніжні Ноўгарад... Не думаю, што цяпер акажацца складана фізічна, хутчэй эмацыйная нагрузка іншая: адна справа граць канкрэтны спектакль раз у месяц, іншая — яго ж некалькі дзён амаль запар. Асабліва “напружна” тое для Сяргея Жбанкова, якi выконвае галоўную ролю. У любым выпадку, гэта будзе прыгода. А вось адказнасць на нас ляжыць яшчэ тая! Дарэчы, канцэртныя туры з маім гуртом “Naka” больш адбiваюцца на псіхіцы — гэта праца на знос, ступень фізічнага ды душэўнага напружання розная, хай ужо даруе мне тэатр. Да ўсяго, гурт усю адміністрацыйную працу робіць самастойна. А ў паездках тэатра ўсё вырашаць, даставяць на пляцоўку, пакормяць...

Агульнае фота тых, хто ад’язджае, і тых, хто iх праводзiць, каля аўтобуса. У салоне дырэктар Эдуард Герасімовіч прадстаўляе пасажырам журналіста “Культуры”, якога яны павінны былі берагчы і паводзіць сябе ў яго прысутнасці асабліва адказна (так і сталася). Мастацкі кіраўнік Сяргей Кавальчык жадае “вялізнага мастацкага выбуху ў тых месцах, дзе будзе высаджвацца наш дэсант”. Нарэшце, а 15-й гадзіне 45 чалавек (акцёры, адміністрацыйныя ды тэхнічныя работнікі, аўтары пастаноўкі) разам з карэспандэнтам “К” рушылі ў Гомель. (“Фура” з рэквізітам выехала туды з раніцы.)

У дарозе, магчыма, пасажыры вялі ўнутраны дзённік назіранняў за тым, што бачылі. Наша натхняльная прырода, аўтазапраўкі, беднаваты прыдарожны сэрвiс грамадскага харчавання. У салоне драмалі, “травілі” гісторыі, за маім крэслам кiнуліся ва ўспаміны з дзяцінства: з пырскаўлкамі, гульнямі, згушчаным малаком. Я ж пагутарыў з пастаноўшчыкам спектакля Валянцінай Ераньковай.

— Перад паездкай занятыя ў спектаклі сабраліся абмеркаваць творчыя ды тэхнічныя пытанні. На час тура ў спектакль на падмену ўзялi новую актрысу — тэрмінова ды якасна займаліся яе ўводам...

Гаворачы аб пастаноўцы, спадарыня Еранькова адзначыла яе своечасовасць. Што яна заклікана нагадаць пра беларускіх геніяў-творцаў, пра час, калі яны жылі, пра месца таленту ў краіне. Пра тое, што без мінулага няма будучыні, што чалавеку, калі ён таго варты, павінна аддавацца належнае пры яго жыццi, а не толькі ў юбілейныя пасмяротныя даты. “Пясняр”, яго фабула, пацвярджаюць гэты тэзіс. Неназваным прататыпам галоўнага героя з’яўляецца Уладзімір Мулявін, з аднаго боку — артыст прызнаны; з другога — неміласэрна крытыкаваны ў апошнія свае гады, той, каго ледзь не выпіхвалi з культуры, але які працягваў шукаць новыя грані творчага развіцця. Ну а ў год, калі Мулявіну магло б споўніцца 75, у Год культуры, спектакль выправіўся ў тур па краіне, якая “зрабіла” Уладзіміра Георгіевіча, якую ён “зрабіў”. Як быццам сам музыкант паехаў з чарговымі выступленнямі па неверагодна любімай ім Беларусі.

— Крыўдна, — засумавала Валянціна Рыгораўна, — што некаторыя СМІ, да якіх мы звярталіся, не пажадалі распавесцi аб туры, маўляў, што пра “Песняра” яны ўжо дастаткова паведамлялі...

А ідэя тура нарадзілася мінулай восенню ў Валянціны Ераньковай ды Святланы Пенкінай — жонкі выдатнага артыста. Тэатр быў “за”. У Міністэрстве культуры вырашылі: праекту — быць. (Асаблівую падзяку Валянціна Рыгораўна хацела б выказаць у адрас Iрыны Дрыгi — першага намесніка міністра.) І грошы на акцыю знайшліся.

Пра фінансавы бок намеснік дырэктара тэатра па арганізацыі гледача Ірына Меліхава распавяла наступнае:

— Мінкультуры мэтавымі бюджэтнымі сродкамі ўзяў на сябе аплату транспарта: фургона для перавозкі дэкарацый ды пасажырскага аўтобуса, пражыванне ў гасцініцы. Аплату сутачных прыняў тэатр. Мы іх павінны за кошт тура вярнуць. І наогул: атрымаць з яго прыбытак.

У нашым выпадку камерцыйная ды асветніцкая задачы раўназначныя. І ўсё ж — крыху аб прыбытку: зборы будуць размеркаваны паміж НАДТ i тэатрамi — гаспадарамi пляцовак. Яны стараліся як найлепш падрыхтавацца да візіту мінскіх калег. Як адзначыла Ірына Анатольеўна, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы наогул замахнуўся на два спектаклi. Рэкламавалі тур і пры ўдзеле органаў улады. Напрыклад, Гомельскі гарвыканкам правёў брыфінг з удзелам Валянціны Ераньковай.

— Спектакль у плане напаўнення нічым не будзе адрознівацца ад таго, які ідзе ў тэатры ў Мінску, — запэўніла рэжысёр. — Будзе зменена толькі афармленне і толькі ў двух гарадах: у Маладзечне 11 чэрвеня ды Рагачове 3 верасня — з-за памераў сцэн палаца ды дома культуры.

Зноў дарога. Падчас “прывалу” я пагутарыў з Аляксандрам Ждановічам — выканаўцам ролі Янкі Купалы. Усенародна любімы Маляваныч неаднаразова гастраляваў з родным тэатрам па Савецкім Саюзе.

— У мяне двое сыноў. Адзін нарадзіўся, калі мы выступалі ў Ераване, другі — калі знаходзіліся ў Мурманску, — падзяліўся артыст. — На такіх гастролях я атрымліваў пацвярджэнне, што публіка ў розных гарадах ды краінах адрозніваецца. У Тбілісі яна адна, у Віцебску — іншая, у Польшчы — трэцяя. Напрыклад, брэсцкі глядач як быццам прымушае акцёра быць больш сабраным, яшчэ вышэй трымаць планку.

Бліжэй да Гомеля неба стала зацягвацца хмарамі, але дождж так і не пайшоў. Прыехалі ў горад каля 20-й. Ля гасцініцы “Сож”, дзе нас чакалi два начлегі, сваіх таварышаў сустракаў выканаўца ролі Шэрага Сяргей Юрэвіч. (У працэсе падрыхтоўкі залы Гомельскага абласнога драматычнага тэатра адна з яго супрацоўнiц пацікавілася ў мяне, ці прыехаў яе зямляк. “Прыехаў”, — супакоіў я.) Размясціўшыся ў гатэлі, некаторыя з прыбылых адправіліся прагуляцца па тэрыторыі Палацава-паркавага ансамбля, каб перад сном атрымаць асалоду ад гэтага цуду. Я ж у нумары гасцініцы пад паходную вячэру знаёміўся з кліпамі групоўкі “Ленінград”, якія з гадзіну круцілі па тэлевізары па адным з каналаў...

Рэпетыцыя

Графік працоўнага дня 1 чэрвеня выглядаў так: а 9-й — мантаж сцэны, у 13.30 — камутацыя, наладжванне гуку, у 15.30 — распеўка акцёраў, у 16.30 — агульная рэпетыцыя, а 19-й — спектакль, прыблізна ў 21.30 — глядацкая “бiсоўка”, кветкі ды паклоны, далей — у каго на што хопіць сіл, але без парушэння працоўнай дысцыпліны. Аднак рэальнасць уносіла карэктывы. Напрыклад, гукарэжысёр Андрэй Папкоў (некалі гітарыст першага складу гурта “Naka”) прыйшоў чараваць з саўндам а 10-й і дамогся патрэбнага толькi пад самы пачатак мюзікла: “Робіш, як мае быць, а атрымліваецца горш; робіш не ўсё правільна — лепш выходзіць...”

Зладжана працавалі ўсе службы. Тэхнічны персанал дакладна ведаў, што яму рабіць, як рабіць, дзе што павінна ляжаць/стаяць/катацца/вісець (за катанне з вiсеннем адказвалі і артысты).

Пасля распеўкі бяру бліц-каментар у загадчыка музычнай часткай Горкаўскага тэатра Аляксея Еранькова.

— На што звярталі ўвагу, Аляксей Мікалаевіч?

— Нагадваў аб правільнасці дыхання, пра атаку голасу, акуратнасці пры выкананні пэўных зычных, галосных. Каб акцёры не забываліся, што, фарсуючы свой звыклы голас падчас нейкіх няспеўных сцэн, яны могуць сарваць голас вакальны.

— Вашы падапечныя валодаюць рознымі вакальнымі магчымасцямі, што дадае складанасці ў працы...

— Вядома. Але дзякуючы методыкам ды тэхнікам гармоніі дасягаем.

На рэпетыцыі артысты прыслухоўваліся да заўваг, напамінаў, прапановаў ды просьбаў Ераньковых; нешта раілі партнёрам, нягучна прамаўлялі свае тэксты, жартавалі цi былі строгія. Карацей, эмоцыі асабліва не выплюхвалi — бераглi іх для спектакля. Прывяду некалькі рэплік з рэпетыцыі, каб вы адчулі яе нерв:

— Давайце наступны нумар!.. Хлопчыкі, паспрабуйце па адным падыходзіць. Яшчэ даўжэй, даўжэй! Пакуль ідзе размова ў хлопцаў!

— Гэта залежыць ад мяне, я першы падыходжу. Больш марудна мне трэба ісці, так?

— Так. Павінен працаваць другі план, трэці, чацвёрты.

— Зразумела, “па Васю” трэба ісці.

— Мы за Васем.

— І не спяшайцеся.

— У нас тут натоўп нейкi атрымліваецца...

— Вось каб яго і не было... Так, цяпер хутка другі акт... Спадары артысты, каму трэба праходзіць сцэну допыту, збіраемся! Са святлом. Потым сцэна балю.

І гэтак далей. Пакуль акцёры збіраюцца, непрыкметна “краду” на пару хвілін у рэжысёра самога Песняра — Сяргея Жбанкова.

— Ёсць хваляванне ды насцярожанасць ад таго, як i дзе нас прымуць, — прызнаўся ён. — Дапускаю, што дзесьці раптам з’явiцца сцяна непаразумення паміж акцёрамі ды гледачамі. Таму што спектакль няпросты, магчыма, нават для некага спрэчны. Ён — як рэбус. Нам тады трэба будзе пастарацца сцяну тую акуратна разбурыць, перамагчы недавер.

Рэпетыцыя скончылася. Цікаўлюся ў Валянціны Ераньковай, чаму завастралася ўвага на пэўных сцэнах:

— Таму што гэта галоўныя масавыя сцэны. Гэта такая зверка з першапачатковым: з цягам часу акцёры пачынаюць трошачкі выдумляць нешта сваё, ім здаецца, што так будзе больш дакладна, але ж яны крыху выпадаюць з мізансцэн. У выніку падчас спектакля агульная карціна можа разваліцца. Я ж акцёраў “вяртаю на зямлю”.

Спектакль

5 хвілін да пачатку. Выглядваю ў залу з-за кулісаў. Яна практычна поўная гледачамі рознага ўзросту — ад падлеткаў да пенсіянераў... Спектакль ідзе на драйве, на ўдыху ды выдыху, з куражом унутраным ды выплюхнутым у залу. Публіка услухоўваецца ды ўглядаецца вельмі ўважліва. Пасля кожнага вакальнага нумара — апладысменты. (Па маіх адчуваннях, найбольшы водгук выклікалі “Крык птушкі” ды фінальны апафеоз, калi на экране дэманстраваўся фрагмент песні “Малітва”. Без паскоранага сэрцабіцця глядзець на Уладзіміра Мулявіна проста немагчыма.) Некаторыя гледачы здымаюць дзейства на смартфоны. Праўда, пасля перапынку асобныя крэслы апусцелі... Што ж, спектакль гэты сапраўды няпросты для ўспрымання, асабліва для тых, хто “выхаваны” на тэатры традыцыйным. Тут жа — метафара на метафары, шматпланавасць, шматузроўневасць, пастаноўка мае на ўвазе рэакцыю не лабавую — тут ды цяпер, а роздум, прычым — наўмысна павольны. Прадугледжвае нават наведванне яшчэ пару разоў тымі, хто моцны ў гісторыі Беларусі, хто хоча яшчэ больш паглыбiцца ў яе, хто ўжо “хворы” на беларускую культуру ці прагне падхапіць гэты “вірус”. Хто хоча знайсці адказы на пытанні ў мінулым далёкім ды не вельмі, правёўшы аналогіі з днём сённяшнім. І, вядома, у якасці падрыхтоўчага этапу варта прачытаць, праглядзець тое, што казалі аб сваiм “дзіцяці” тыя, хто спрыяў яго з’яўленню на свет. Паслухаць творы “Песняроў”, зноў адкрыць кнігі класікаў айчыннай паэзіі...

У антракце падслухоўваў размовы за кулісамі ды ў фае. Скажам, рэжысёр звярнула ўвагу на нейкую дэталь у вопратцы Аляксандра Ждановіча, маўляў, ад такую фразу трэба з ёй зрабіць гэтак i гэтак. Аляксандр Віктаравіч паўтарае ды тут жа пускаецца ў самакрытыку: “Нешта з памяццю маёй стала...”

Тым часам у фае перамаўляюцца маладыя мужчына ды жанчына. Мужчына: “Я чё-то не врубаюсь...” Дзве жанчыны, гадоў за сорак, адна другой: “Паказваюць наша ўсё — Купалу, Коласа, Багдановіча... Я аж праслязілася...” Спыняю цудоўную незнаёмку. “Можна пару пытанняў?” — “Так”. — “Прадстаўцеся, калі ласка”. — “Ірына, школьны настаўнік”. — “Як вам убачанае?” — “Шчыра кажучы, я ішла на спектакль пра Мулявіна. Аказалася, што ён пра лёсы творчых людзей наогул, пра наша жыццё. Пра тое, што рухае мастакамі — каханне, натхненне. Пра іх драмы ды трагедыi. Спектакль пра памяць, пра Беларусь. Ну, я неяк так зразумела”. — “Расчараваныя, што не толькі пра Мулявіна?” — “Што вы! Вельмі моцнае эмацыйнае ўражанне...”

Фінал. Гледачы ці не 10-хвіліннымі авацыямі стоячы, крыкамі “брава” дзякуюць за спектакль.

— Як усё прайшло, Валянціна Рыгораўна? — пытаюся рэжысёра-пастаноўшчыка. Агрэхі адзначылі?

(Загадкава ўсміхаецца) Ёсць, ёсць... Але — усё добра! І я вельмі рада таму, як нас прыняла публіка!..

Мы абавязкова сустрэнемся!

2 чэрвеня. Дзень ад’езду. Развітваюся ля аўтобуса з ужо ў чымсьцi блізкімі мне “горкаўцамi”, жадаю ім добрых спектакляў ды публікі. Абдымаемся з Валянцінай Рыгораўнай, абменьваемся поціскам рукі з Аляксеем Мікалаевічам, робім сэлфi з Настассяй Шпакоўскай. Наперадзе ў тэатра былі Брэст, Гродна, Маладзечна, Віцебск, Рагачоў... А я паехаў у Мінск.

Мiнск — Гомель — Мiнск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"