Прафесіяналізм і інавацыі

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

22 — 23 чэрвеня, як “К” пісала ўжо, у Мінску пройдзе пяты Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне будуць вынесеныя пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады. Чакаецца, што ўдзельнікамі мерапрыемства стане прыкладна дзве з паловай тысячы чалавек з усіх куткоў краіны. Як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам “К” Наталля Кучынская, на маштабным рэспубліканскім мерапрыемстве абавязкова будуць прааналізаваны дасягненні Беларусі за гады суверэнітэту.

/i/content/pi/cult/589/13074/2-1.jpg— А дасягнулі мы сапраўды многага, хоць часам і не задумваемся аб гэтым, — адзначыла Наталля Кучынская. — Галоўнае наша дасягненне — гэта грамадская згода, мір і палітычная стабільнасць. Беларусь цвёрда стаіць на нагах і нацэлена на развіццё. Створаны моцны і трывалы фундамент — палітычны, заканадаўчы, эканамічны, сацыяльны. Слова “развіццё”, мяркую, будзе адным з ключавых у выступленнях дэлегатаў Усебеларускага сходу.

У першую чаргу, па перакананні дэпутата, атрымаюць развіццё тэмы, узнятыя ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту. Размова пойдзе і аб выкананні праграмы мінулай пяцігодкі, і аб задачах, якія стаяць у будучыні. У сувязі з гэтым асноўным дакументам абмеркавання стане Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, у якой вызначаны стратэгічныя мэты — занятасць, экспарт і інвестыцыі. На думку суразмоўцы, гаворка пойдзе не проста аб эканамічных задачах і сацыяльных пытаннях, але і аб тым, што ў аснове іх вырашэння ляжыць здольнасць кіраўнікоў — вялікіх ці малых прадпрыемстваў, школ мастацтваў ці дамоў культуры — мысліць шырока і глыбока, інавацыйна, крэатыўна, аналітычна: спачатку ідэя, мэта як вобраз жаданай будучыні, аналіз рэсурсаў і праблем, успрыманне праблем як асаблівых шанцаў, канкрэтныя крокі і рэфлексія.

— Думай глабальна — дзейнічай лакальна — прынцып паспяховых кіраўнікоў і людзей-прафесіяналаў, — упэўнена Наталля Кучынская. — Кожны з нас павінен вучыцца мысліць па-дзяржаўнаму, пераламляючы глабальныя стратэгічныя задачы праз асабістую прафесійную дзейнасць, у тым ліку, натуральна, і ў сферы культуры краіны, глядзець на іх скрозь прызму ўласнай грамадзянскай пазіцыі і ўсведамляць, што ў агульным развіцці краіны павінна быць і частка яго добрасумленнай працы.

Акрамя гэтага, на сходзе Наталля Кучынская чакае абмеркавання пытанняў аб сучасным развіцці сфер, якія фарміруюць найбагацейшы чалавечы капітал: аб адукацыі, задача якой падрыхтаваць прафесіянала для эканомікі ведаў, які ўмее вучыцца ўсё жыццё, аб павышэнні адказнасці і ролі сям’і ў выхаванні грамадзян; аб культуры і маральнасці…

— У нас, дэлегатаў, ёсць унікальная магчымасць — удзельнічаць у фарміраванні курсу развіцця краіны, — адзначыла візаві. — Разумею, што наперадзе ў мяне сур’ёзны абавязак: данесці інфармацыю да тых, хто даверыў быць дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, і сваім асабістым прыкладам прадэманстраваць адказнае стаўленне да працы ці грамадскай дзейнасці.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"