Пашпарт культуры, а не “сёрфінг”

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Уладзімір АНДРЫЕВІЧ, дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”
Энцыклапедыя “Культура Беларусі” — універсальнае выданне, якое глыбока паказвае гісторыю культуры Беларусі, народнае і прафесійнае мастацтва, тых асоб, якія зрабілі важкі ўнёсак у развіццё нашай культуры.

/i/content/pi/cult/588/13049/5-1.jpgУ 6-томным даведніку прааналізавана развіццё айчыннай культуры, а таксама, скажам, уплывы на яе з боку прадстаўнікоў тых нацыянальных меншасцяў, што жывуць на тэрыторыі Беларусі. Мы перакананы: калі будзем ведаць гісторыю, ствараць новую культуру на платформе той, што ўзбагачалася стагоддзямі нашымі продкамі, тады і нацыя будзе жыць, і краіна будзе развівацца ды мець значны ўплыў у сусветнай прасторы.

Як стваралася энцыклапедыя? Усё пачынаецца з ідэі, затым — складанне слоўніка. Так, у гэтай 6-томнай больш за 15 тысяч артыкулаў. Потым слоўнік аддаецца на рэцэнзаванне ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, і толькі пасля ствараецца творчы калектыў — знаходзім аўтараў для напісання пэўных артыкулаў. І гэта, заўважу, даволі складаны працэс.

Мы не рабілі акцэнт на адным пэўным раздзеле  — важна было паказаць маштабнасць, глыбіню нашай культуры. Задача энцыклапедыі — зафіксаваць тое, што напрацавана, зрабіць, скажам так, пашпарт. Таму каштоўнасць “Культуры Беларусі” ў даставерных, навукова абгрунтаваных фактах. У планах — на аснове ўніверсальнай энцыклапедыі зрабіць, магчыма, асобныя выданні па кіно, па жывапісе… (Скажам, энцыклапедыі кіно ў Беларусі няма, а хіба малым будзе аб’ём толькі тых артыкулаў, якія тычацца кінастудыі “Беларусьфільм” і яе карцін?) Дарэчы, летась мы зрабілі Энцыклапедыю Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, таму вопыт вузкай прафілізацыі маем.

З якімі пытаннямі сутыкнуліся? Зразумела, эканамічная сітуацыя “адбіваецца” на ўсім. Але не гэта галоўнае. Шкада, што становіцца ўсё менш спецыялістаў, якія глыбока вывучаюць тую альбо іншую сферу ў галіне культуры. Думаю, “кліпавасць” успрымання інфармацыі і наогул жыцця — хуткасць, аператыўнасць не дазваляюць спецыялістам глыбока прасякнуцца сутнасцю. Сучасную сітуацыю я называю “сёрфінгам”: зараз усё ўспрымаецца “павярхоўна”. Думаю, мы перажывём гэты перыяд, і ён дасць штуршок да развіцця культуры. Моладзь цікавіцца ёй, нейкі паварот заўважны, і гэта натхняе. Галоўнае, каб была ўзаемадапамога. Трэба знайсці ўзаемаразуменне, каб пакаленням “ісці” разам.

Дадам, што ў мяне станоўчае стаўленне да электроннага выгляду энцыклапедыі. Інтэрнэт — носьбіт інфармацыі, які прыстасоўваецца да нашага жыцця. Лічу, ад паралельнага развіцця Сеціва, кнігавыдавецкая дзейнасць, тэлебачанне, кіно, тэатр толькі ўзаемаўзбагацяцца.

А культура Беларусі - не толькі музыка, кіно, кнігавыданне… Гэта і культура нашага жыцця, якая ствараецца з таго, як мы ўспрымаем канкрэтную сферу нашай культуры.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст