Прынамсі, менавіта так наладжаны справы ў бібліятэках Польшчы, Германіі, Нарвегіі, Швецыі. Зразумела, што само паняцце “валанцёрства” ў гэтых краінах мае шырокі сацыяльны сэнс, даўнюю гісторыю і традыцыі, а таксама падтрымку з боку органаў улады. Як бібліятэка, робім першыя крокі ў гэтым кірунку і прыцягваем валанцёраў для рэалізацыі праекта “Пакаленне МЫ”.
Працуе ён другі год і мае разнастайныя напрамкі, ахоплівае вялікую колькасць маладых людзей. Цыкл акцый “Для нас усе свае” быў актыўна падтрыманы грамадствам і СМІ.
Прычым не толькі дапамагаем дзецям-інвалідам, сіротам: акцэнт робіцца і на выхаванне саміх валанцёраў. У лютым зладзілі “Форум валанцёрскіх ініцыятыў”, падтрыманы калегамі з розных арганізацый. Правялі майстар-клас, пазнаёмілі добраахвотнікаў адзін з адным, далі магчымасць абмяняцца кантактнай інфармацыяй.
Менавіта на форуме было прынята рашэнне аб пачатку акцыі “Кірмаш патрэбных рэчаў” па зборы канцылярскіх тавараў для выхаванцаў Гомельскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дапамагалі не толькі маладыя людзі, студэнты, але і вялікая колькасць арганізацый. Дзеці атрымалі паперу, кнігі, цацкі, размалёўкі ды іншае. Валанцёры з музычнай школы падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак невялікі канцэрт.
Потым мы рыхтаваліся да Вялікадня. Акцёры з бібліятэчнага народнага тэатра “Гракі” адрэпеціравалі тэматычную казку, таксама збіралі шакаладныя яйкі. У выніку ўручылі дзецям з Гомельскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра 52 падарункі, а казку давялося паўтараць двойчы.
Для чаго мы гэта робім? Каб ніхто не змог сказаць, што сучасная бібліятэка — гэта сумнае, ціхае месца, дзе не зважаюць на тое, што адбываецца наўкола. Мы хочам, каб пра нас ведалі як пра неабыякавых людзей, што не адстаюць ад часу, здольных развівацца і дапамагаць іншым.
Настасся КАРАТКЕВІЧ, загадчык аддзела перыядычных выданняў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна