Платна ці бясплатна: галоўнае пытанне “Ночы музеяў-2016”

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Адгрымела, адспявала і адгуляла чарговая “Ноч музеяў”, у якой прыняло ўдзел больш за 100 музейных устаноў краіны. Хтосьці быў уражаны новымі музейнымі акцыямі, нехта, дзякуючы названай сусветнай і рэспубліканскай акцыі, упершыню наведаў свой родны раённы ці абласны музей, а іншыя… пачухалі патыліцу, пабачыўшы цэны на білеты, і… засталіся дома.

/i/content/pi/cult/588/13038/4-1.jpgГаньба ці матдапамога?

Мяркуючы па ўсім, зрабілі так не вельмі шмат людзей: у музейную ноч установы культуры — прынамсі, у Мінску, — былі, што называецца, “забітыя” маладымі і сталымі людзьмі, якія заходзілі сюды ў спадзяванні на цікавую культурную праграму і на вясёлае баўленне часу… Між тым, на інтэрнэт-партале tut.by, пад артыкулам пра сталічныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да “Ночы музеяў”, я адшукаў дзясяткі гнеўных каментарыяў. І ўсе яны датычыліся платы за ўваход на імпрэзы.

“У нас заўжды добрую ідэю зарэгулююць і зробяць платна!”, “Я не ведаю, у якой краіне жыву, але 25$ на сям’ю аддаць толькі на білеты!!! Гэта ўжо занадта!”, “Музею Янкі Купалы — павага за ўваход у 1 тысячу рублёў. А астатнім — ганьба. І не трэба казаць, што, маўляў, нават 50 тысяч — капейкі. Ноч музеяў у іншых краінах — бясплатнае мерапрыемства. Ідэя ў тым, каб кожны ахвотны мог далучыцца да мастацтва. А ў нас, як заўжды, бізнэс робяць”, “Ноч музеяў можа быць толькі бясплатнай, інакш гэта не Ноч музеяў, а прафанацыя!”. Былі і супрацьлеглыя меркаванні. Вось, скажам, адзін з чытачоў лічыць так: “Ну чаму ж гэта не разглядаць як матэрыяльную дапамогу музеям? Няўжо не зразумела, што якая-небудзь Ганна Іванаўна, прадзяжурыўшы ноч у музеі, заўтра зноў выйдзе раніцай на працу? Дык хай ёй будзе ў гэтым месяцы прэмія. Ці няхай набудуць у музей новы ноўтбук! А на прыватныя музеі ўвогуле няма чаго наязджаць. Ведаеце, колькі каштуе арэнда памяшканняў? Проста зайдзіце на сайты арэнды камерцыйнай нерухомасці. А наконт іншых краін, дык там людзі плацяць больш за тое, за што мы ўвогуле не плацім. Не трэба патрабаваць усё бясплатна. Не хочаце ісці — не ідзіце, але крычаць “ганьба” — гэта неяк занадта”.

Дык што такое сёння ў Беларусі “Ноч музеяў”? Матэрыяльная дапамога? Збіранне “капейчыны” ў план платных паслуг? А мо практыка, якая падлягае выкараненню? Паспрабуем разабрацца.

А як у іх?

Сапраўды, у многіх краінах свету акцыя “Ноч музеяў” ладзіцца бясплатна, напрыклад, у суседняй Польшчы. Так, у сёлетняй музейнай акцыі, што праходзіла з 14 па 15 мая, прынялі ўдзел толькі ў Варшаве больш за 250 устаноў рознага кшталту. Скажам, тамтэйшы Нацыянальны музей, акрамя вольнага ўваходу, прапаноўваў наведвальнікам прагляд фільма “Страчаны музей”, дзе распавядалася пра творы мастацтва, зніклыя з польскіх калекцый падчас ІІ Сусветнай вайны.

Упершыню ў “Ноч музеяў” можна было наведаць Варшаўскі цэнтр бяспекі, Нацыянальны аўдыявізуальны інстытут ды Цэнтр мусульманскай культуры. Для ўдзельнікаў акцыі варшаўская мэрыя запусціла дзевяць музейных аўтобусных ліній. А для турыстаў на Параднай плошчы польскай сталіцы быў адчынены інфармацыйны пункт, дзе распаўсюджваліся матэрыялы пра ўсе цікавосткі музейнай ночы…

Што да Расіі, дык у “Ночы музеяў” прынялі ўдзел сотні музейных устаноў. Напрыклад, у Маскве ўсе музеі, галерэі, арт-цэнтры і выставачныя пляцоўкі можна было наведаць “па акцыі” бясплатна. У Санкт-Пецярбургу для наведвання ўсіх аб’ектаў музейнай ночы трэба было набыць адзіны білет (400 расійскіх рублёў (прыкладна 120 тысяч беларускіх для наведвальнікаў, старэйшых за 7 гадоў). У Екацярынбургу падчас “Ночы музеяў” таксама дзейнічаў адзіны білет коштам у 300 расійскіх рублёў (прыкладна ў 90 тысяч беларускіх рублёў). А вось, скажам, у Казані большасць мерапрыемстваў музейнай ночы прайшлі задарма.

Тысяча тысяч і 25 долараў

У Мінску пра вольны ўваход застаецца пакуль толькі марыць. Так, Нацыянальны мастацкі музей рэалізоўваў білеты на “Ноч музеяў” за 75 тысяч (папярэдне) і за 100 тысяч у дзень акцыі. Археалагічны музей “Верхні горад”, як і музей імя Петруся Броўкі бралі за ўваход 50 тысяч рублёў (праўда, Петрусям уваход у апошнюю ўстанову культуры быў бясплатным). У касах Нацыянальнага гістарычнага музея стаяў цэннік у 175 тысяч за дарослага, 135 тысяч — студэнта, 115 тысяч — школьніка. Праўда, у гэты кошт было ўключана наведванне яшчэ аднаго музея — Прыроды і экалогіі. (Пры папярэднім продажы — 135 тысяч для дарослага і 120 — для школьніка і студэнта.)

Такім чынам, паход у Нацыянальны гістарычны сярэднестатыстычнай беларускай сям’і з двух дарослых і школьніка абышоўся ў 465 тысяч рублёў. Калі ж у сям’і два школьнікі, “Ноч музеяў” пацягнула на 570 тысяч рублёў. Вось вам і тыя 25 долараў, якія так уразілі аднаго з наведвальнікаў інтэрнэт-парталу…

Музей-майстэрня Азгура брала з наведвальнікаў 100 тысяч (папярэдне) і 150 тысяч у дзень акцыі, Гасцёўня Уладзіслава Галубка за ўваход прапаноўвала “развітацца” з 40 і 30 тысячамі рублёў (з дарослых і школьнікаў, адпаведна), Дом-музей І з’езда РСДРП — з 50 і 30 тысячамі рублёў, а вось Літаратурны музей Янкі Купалы не першы год сапраўды адзначыўся самай дэмакратычнай цаной — у адну тысячу рублёў. “Тысяча — гэта сімвалічны кошт: мы проста хочам падлічыць колькасць людзей, якія да нас прыйдуць”, — тлумачылі наведвальнікам супрацоўнікі музея. Дарэчы, летась такіх купюр пасля “Ночы музеяў” у купалаўцаў назапасілася больш за тысячу.

Калі ж падводзіць нейкія вынікі, дык можна сказаць, што наведвальнік сталічнай “Ночы музеяў” мусіў аддаць ад 40 да 80 тысяч рублёў за ўваход, а часам, як ужо згадвалася, і больш. Праўда, калі разлічваць сямейныя паходы ва ўстанову культуры, дык сумы будуць, натуральна, значна большыя…

А што ў рэгіёнах?

Таксама прыкладна з 40 — 50 тысячамі рублёў трэба было “развітацца” ў “Ноч музеяў” па-за сталіцай. Так, музей Беларускага Палесся ў Пінску ў дзень акцыі рэалізоўваў білеты па 50 тысяч рублёў. Да таго ж усім ахвотным прапаноўвалася ў гэты дзень наведаць скляпенні калегіума езуітаў — будынка, у якім і месціцца ўстанова. Па словах супрацоўнікаў, экскурсія ў музейныя падзямеллі выклікала цікавасць у многіх гасцей “Ночы музеяў”, таму на ўсіх білетаў проста не хапіла (экскурсія такая была ўсяго адна.) Цалкам магчыма, што з цягам часу падобныя паходы па падвалах калегіума стануць для наведвальнікаў традыцыйнымі.

Музей гісторыі Магілёва за ўваход ва ўстанову культуры ў Ноч музеяў браў плату ў 30 тысяч рублёў з дарослых і 15 тысяч — са школьнікаў. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава выставіў цэны ў 40 і 20 тысяч рублёў адпаведна. На дзіва, музейная ноч у абласным цэнтры каштавала танней, чым у згаданым вышэй Пінску. Да слова, амаль такія ж самыя цэны — у 30 і 20 тысяч рублёў — былі заяўлены ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі 20 мая. Мерапрыемства з нагоды “Ночы музеяў” называлася “Сны ў майскую ноч”. Падчас акцыі ўсе ахвотныя маглі наведаць музейную тэрыторыю, дзе супрацоўнікі ўстановы культуры разгарнулі праграму ў стылі сюррэалізму з працай сінема-салона, незвычайнага даследчага бюро, катаннем на рэтра-аўтамабілі, модным паказам, дыскатэкай у стылі транс, майстар-класамі ад ролер-школы і квэстам у Старым замку…

А вось, скажам, “Ноч музеяў” у гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава прайшла… бясплатна. Усе выставачныя залы былі адкрыты для наведвальнікаў, майстры народнай творчасці прадстаўлялі гараджанам свае ўнікальныя вырабы, тут жа, у музеі, ладзіліся майстар-класы, адбыліся гульні і забаўляльныя праграмы для дзяцей, а ўвечары распачаўся канцэрт і старадаўнія танцы…

Галасуем за сямейны білет?

Што ж, можна падвесці пэўныя вынікі. Натуральна, сталічныя, абласныя ды раённыя музеі ў дзень акцыі шчыравалі напоўніцу: стваралі цікавыя выставы, ладзілі квэсты і імпрэзы, а таксама запрашалі творчыя калектывы, каб разнастаіць заяўленую музейную праграму. Адсюль, хоцькі-няхоцькі, і давялося рабіць плату за ўваход ва ўстанову культуры, бо бюджэтных грошай, каб аплаціць тым жа артыстам іхнія спевы, танцы, забаўляльную праграму, цяпер, як ніколі, не стае.

Да таго ж, варта ўлічыць той факт, што без платы за ўваход у музейныя ўстановы прыйшло б вельмі шмат людзей. А музеі часам проста не разлічаны на цэлыя натоўпы наведвальнікаў і турыстаў. Таму, магчыма, грошы за білеты — гэта і абарона ад занадта вялікага наплыву людзей ды, натуральна, тая ж бяспека для тых, хто завітае на імпрэзу…

З другога боку, “Ноч музеяў” на тое і разлічаная, каб у музейныя ўстановы прыйшло як мага больш гасцей — менавіта тых, якія зазвычай у падобныя ўстановы культуры зазіралі хіба што ў школьныя гады. Плата за ўваход сапраўды нівелюе гэтую цікавую ідэю міжнароднай музейнай акцыі. Да таго ж, скажам, сталічная “Ноч бібліятэк”, пра якую нядаўна пісала “К”, ладзілася з бясплатным уваходам… І калі бібліятэкары натоўпаў не збаяліся, чаму іх баяцца музейшчыкі?

Акрамя таго, 500 ці нават 300 — 400 тысяч рублёў за сямейны паход на адну імпрэзу — гэта сапраўды занадта, асабліва з улікам наяўнай эканамічнай сітуацыі, калі літаральна ўсе пачынаюць ашчаджаць і лічыць свае грошы. Можа, у музеях варта было прадугледзець набыццё нейкага сямейнага білета, які даваў бы права на зніжкі? Або прадаставіць на “Ноч музеяў” асобную дзіцячую праграму, якую маглі наведаць разам з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі таксама і бацькі, прычым за значна меншы кошт? Пытанні тут, што ні кажы, застаюцца, і ўжо ад музейшчыкаў залежыць, як успрымуць мінчане і жыхары іншых гарадоў Беларусі наступную міжнародную акцыю. Праўда, бясплатнай яна, мяркую, дакладна ўжо не будзе…

Ад рэдакцыі

У наступных нумарах “К” мы плануем апытаць кіраўнікоў шэрагу айчынных музеяў наконт таго, ці змаглі яны “адбіць” затрачаныя сродкі на “Ноч музеяў”, ці адчувалі яны меншы наплыў наведвальнікаў з-за значных коштаў на білеты і ці плануецца ў будучыні як змяншаць названыя цэны, так і праводзіць больш гнуткую цэнавую палітыку ў дачыненні да сем’яў, дзяцей і падлеткаў… І ці не стануць калі-небудзь “Ночы…” у Беларусі ўсё ж такі бясплатнымі?..

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"