Азіяцкі кінавектар

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

На працягу месяца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будзе праходзіць выстава “111 гадоў кітайскаму кінематографу”. “Дадзеная выстава павінна пакласці пачатак для шчыльнага супрацоўніцтва айчынных кінематаграфістаў з Музеем кітайскага кіно, тамтэйшым кінаканалам і кітайскімі кінакампаніямі”, — падкрэсліла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.

Як зазначыла прамоўца, кітайскі кінарынак развіваецца вельмі актыўна, па колькасці стужак і гледачоў выходзіць на першыя пазіцыі ў свеце. Тамтэйшае кіно добра ведаюць у Беларусі: неаднаразова лепшыя ўзоры сучаснага кітайскага экраннага мастацтва дэманстраваліся на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”. Выстава, што адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы, раскажа пра шлях ад зараджэння кітайскага кінематографа да яго сучаснага стану і дапаможа лепш зразумець экраннае мастацтва азіяцкай краіны.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін нагадаў, што апошнім часам ідзе дынамічнае нарошчванне усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж нашымі дзяржавамі, у тым ліку ў культурнай галіне. Само Пасольства часта ладзіць кінапаказы для сталічных школьнікаў, а ў Кітаі дэманструюць шмат беларускіх фільмаў. “У нашага насельніцтва найбольш папулярная стужка “Брэсцкая крэпасць” Аляксандра Кота. Нам падаецца важным, што беларусы не забываюць такую гераічную гісторыю. У нашых краін вялікія магчымасці для ўзаемнага супрацоўніцтва ў галіне кінамастацтва. І мне падабаецца, што такое важнае мерапрыемства для ўмацавання сяброўства паміж нашымі краінамі мы праводзім у год, які ў вашай рэспубліцы названы Годам культуры. Упэўнены, узаемавыгаднае партнёрства будзе стала пашырацца і надалей,” — зазначыў спадар Пасол.

Узначальвала кітайскую дэлегацыю першы намеснік дырэктара тамтэйшага кінаканала спадарыня Чжан Лін. Як паведамілі на выставе, гэты канал (адзіны дзяржаўны па дадзенай тэматыцы) вяшчае з 1996 года і на сённяшні дзень мае аўдыторыю ў 991 мільён чалавек. Кожны год ён інвестуе ў вытворчасць больш як ста лічбавых стужак як для ўнутранага рынку, так і для Амерыкі, Еўропы, Ціхаакіянскага рэгіёна і ўсёй Азіі. За апошнія гады кінаканал заснаваў станцыю тэлевяшчання, выкупіў некалькі часопісаў па кінамастацтве і заснаваў кампанію па стварэнні і распаўсюджванні фільмаў.

Як распавёў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў, кітайская дэлегацыя пазнаёмілася з багатымі складамі касцюмаў, зброі, агледзела натурную пляцоўку. “Яны на свае вочы пераканаліся, што ў нас ёсць вялікая колькасць высакакласных спецыялістаў, якія гатовы зрабіць прадукт любой ступені складанасці. Спадзяюся, гэтыя маленькія крокі стануць пачаткам вялікага шляху нашага сумеснага супрацоўніцтва. Магчыма, нават з’явіцца сумесны праект, цікавы гледачам абедзвюх краін”, — дадаў спадар Поршнеў.

Зараз жа кітайскі бок прапанаваў правесці ў Музеі кітайскага кіно беларускі тыдзень. У наш час гэта культурная ўстанова, узведзеная ў 2005 годзе, з’яўляецца самым буйным у свеце дзяржаўным спецыялізаваным музеем. Яна займае плошчу ў 3,5 гектары і мае 20 павільёнаў агульнай плошчай у 38 тысяч квадратных метраў. У шасці першакласна абсталяваных дэманстрацыйных залах можна паказваць лічбавае кіно, а таксама вузка- і шыракастужкавыя фільмы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"