А ў красавіку музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны, галерэя Віктара Грамыкі, Смаленская арганізацыя Саюза мастакоў Расіі наладзілі выставу, дзе было прэзентавана каля шасцідзесяці графічных і жывапісных работ васямнаццаці маладых мастакоў дзвюх краін. Класіку і авангард аб’яднала свежасць погляду на свет.
У творчай прасторы няма межаў паміж народамі і культурамі, балазе пачаткоўцам заўтра наканавана працягнуць справу мэтраў. Таму двум пакаленням ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго.
Сёння маладых і перспектыўных апякуе смаленскі мастак Генадзь Русецкі. Ён згадвае, як некалькі гадоў таму на пленэры ў Вязьме пазнаёміўся з аршанцамі Мікалаем Тарандам і Анатолем Жураўлёвым. Так нарадзіўся рэгіянальны праект сумесных і абменных выстаў “Калегіум”. У аршанскай галерэі ён рэалізоўваецца сёмы раз. Старшыня Беларускага саюза мастакоў, прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі мастакоў краін СНД Рыгор Сітніца перакананы, што ідэя такая — надзвычай перспектыўная. “Знаёмства са смаленскімі калегамі, якія завіталі ў Оршу, — кажа ён, — абавязкова перарасце ў новыя праекты. Мастацтва — найлепшая дыпламатыя. Мы, мастакі, добра разумеем адзін аднаго”.
“Калегіум-2016” аб’яднаў 32 мастакі, сярод якіх асобныя маюць званні заслужаных і народных. Адбор работ і фарміраванне экспазіцыі леглі на куратараў праекту — Мікалая Таранду і Анатоля Жураўлёва.
Карацей кажучы, «Калегіум» паспеў стаць творчым брэндам Аршаншчыны. Галоўная яго задача — паказаць шматграннасць мастацкага свету. Галерэя Віктара Грамыкі нібы пашырыла плошчы. У вялізным “аркестры” прафесійных мастакоў з Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы, Балгарыі, Арменіі не губляецца голас маладых, якія толькі спрабуюць станавіцца на мастакоўскае крыло.
І “Калегіум” дапамагае ў гэтым. Ці ёсць штосьці падобнае ў іншых рэгіёнах Беларусі?
Марына СЯМАШКА
Орша