Увечары 11 мая святочным канцэртам на вялікай сцэне Палаца Рэспублікі Дні культуры былі ўрачыста адкрыты. На імпрэзе з прывітальным словам выступілі міністр культуры Туркменістана Анагельды Гараджаеў і першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. Прамоўцы падкрэслілі значнасць не толькі культурных, але і палітычных, эканамічных стасункаў паміж краінамі. На канцэрце туркменскія артысты і калектывы прадэманстравалі беларускаму гледачу сваю абсалютную музыкальнасць, артыстычнасць, адоранасць збольшага праз традыцыйныя жанры.
Убачыць дыван з тэкінскім узорам, нацыянальнае адзенне, ювелірныя вырабы, жывапіс можна было на выставе “Мастацтва Туркменістана” ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выставу, прымеркаваную да Дзён культуры Туркменістана, арганізавалі Міністэрства культуры Туркменістана, Дзяржаўны музей Дзяржаўнага культурнага цэнтра гэтай краіны пры падтрымцы беларускага Мінкультуры.
Выстава, якая доўжылася ўсяго адзін дзень і ўжо таму можа прэтэндаваць на статус эксклюзіўнай, — разнастайная. Думаецца, наведвальнікі атрымалі цэласнае прадстаўленне пра нацыянальнае адзенне азіяцкага народа, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ХІХ — ХХІ стагоддзяў, літаратуру і нават музыку Туркменістана. Так, скрыпічны ансамбль “Мукам” дапоўніў яркі візуальны шэраг сваімі кампазіцыямі. Уразілі дываны — сімвалы улады і дабрабыту, габелены, дэкаратыўныя ўпрыгожанні для юрты, якія мелі функцыянальнае значэнне — захаванне адзення і хатняга посуду, упрыгожанні для вярблюдаў, зробленыя з воўны.
На выставе “Мастацтва Туркменістана” былі прадстаўлены і жывапісныя работы, на якіх — свята Наўруз, туркменскае вяселле, усходні базар, іншымі словамі, асаблівасці традыцыйнай культуры і побыту краіны.
Завяршыліся ж Дні культуры Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь 13 мая маштабным канцэртам у Барысаве. Таксама цягам падзеі адбылася творчая сустрэча дзеячаў культуры Беларусі і Туркменістана ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы.