Пад небам Рушчыца

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

21 мая ў рамках Года культуры ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці адбудзецца VI Рэгіянальны пленэр-конкурс юных мастакоў пад назвай “Зямля і неба Фердынанда”. Як вядома, менавіта ў Багданаве, на Валожыншчыне, у 1870 годзе нарадзіўся славуты мастак Фердынанд Рушчыц.

Як паведамілі “К” у мясцовым аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, дадзены конкурс традыцыйна ладзіцца ў аграгарадку Багданаў, пачынаючы з 2011 года. За гэты час у пленэры паўдзельнічалі не толькі навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў з Валожынскага, Ашмянскага, Смаргонскага, Вілейскага ды Астравецкага раёнаў Беларусі, але і маладыя майстры пэндзля з Літвы ды цэлы шэраг прафесійных мастакоў краіны.

Напрыклад, мінулы пленэр-конкурс адбыўся пры ўдзеле каля 40 юных удзельнікаў, якія прадстаўлялі ўсе дзіцячыя школы мастацтваў раёна, а таксама Вілейскую ДШМ ды гімназіі імя Фердынанда Рушчыца з вёскі Рудаміна Вільнюскага раёна Літвы. Журы конкурсу летась узначаліў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, а карціны ўдзельнікаў дэманстраваліся ў краязнаўчым музеі.

Сёлетняе мерапрыемства распачнецца 21 мая ў Багданаве з імшы ў мясцовым касцёле ды наведвання магілы Рушчыца. Пасля гэтага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё конкурсу. Цягам шасці гадзін юныя мастакі будуць маляваць свае работы, а напрыканцы дня кампетэнтнае журы вызначыць пераможцаў пленэру. Лаўрэатам і дыпламантам уручаць дыпломы і памятныя сувеніры ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.