“Гоп” ужо сказалі…

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Пра набалелае, напэўна, для многіх журналістаў. Добра, калі мерапрыемства/праект/выстава адбыліся. І можна з чагосьці зыходзіць — аналізаваць, параўноўваць, прыслухацца да сябе, сваіх адчуванняў і ўражанняў. А калі падзея знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі? Чаму нельга даведацца пра нейкія моманты, якія зацікавяць чытачоў — патэнцыйных наведвальнікаў? Тым больш, калі ладны кавалак інфармацыі ўжо “прасачыўся” ў Сеціва…

/i/content/pi/cult/585/12967/4-6.jpgНядаўна патрапіла ў наступную сітуацыю: даведалася, што ў адным з рэгіянальных музеяў адбудзецца мерапрыемства. Даведалася, канешне, праз той самы Інтэрнэт. Тэлефаную ў музей: так, падрыхтоўка знаходзіцца на стадыі завяршэння — застаюцца апошнія штрыхі. Але на мае пытанні не захацелі адказваць, маўляў, не кажы “гоп”… Але ж “гоп” ужо сказалі — прычым самі супрацоўнікі і не аднаму СМІ. Калі ў пошукавіку напісаць ключавыя словы, дык спасылак пяць можна знайсці на гэтую падзею і сёння…

Сказанае/напісанае — гнуткі матэрыял, што імгненна перабіраецца ў віртуальную прастору. А калі інфармацыя ўжо там — яе не вярнуць. Дык чаму б не скарыстацца падобнай магчымасцю і не прапіярыць сваю ўстанову яшчэ больш? Такой “нягнуткасці”, мяркую, не толькі мне, але і ўсім маладым ды больш сталым калегам па журналісцкай сферы не зразумець.

І яшчэ. Падаецца, што журналістыку ў шэрагу ўстаноў культуры блытаюць са сферай абслугоўвання. Журналістыка ж, як і мастацкая крытыка, існуюць не толькі, каб паведаміць пра падзеі тэлеграфным стылем, але і каб “падправіць”, “скіраваць”, “падказаць” грамадству наогул або пэўнаму творцу. Карацей, дапамагаць. (Гэтаму, урэшце, доказам айчынная блогасфера і сацыяльныя медыя з іх неверагоднай актыўнасцю.) Ды, на жаль, многае грамадствам успрымаецца “ў штыкі”: хочацца прачытаць пра сябе толькі тое, што можна з гонарам паказаць сябрам, дзецям, унукам… Без уліку балансу, што можа быць не толькі са знакам “плюс”, але і з тлустым“мінусам”. Прычым, “мінус” часам — відавочны. Разам з тым, напрыклад, праца арт-журналістаў  — не толькі ў тым, каб пахваліць або “разнесці”. Але крытычны матэрыял апрыёры выклікае пытанні: напісалі мала — і ўражанні, а хочацца аналітыкі — у вас жа крытыка. Агульны ж назоўнік гэтага “дробу” — чаму нас не пахвалілі?..

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст