Прыватная археалогія

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Рыгор СІТНІЦА, мастак, паэт, старшыня Беларускага саюза мастакоў
Я прэзентаваў гэтымі днямі арт-праект “Прыватная археалогія”. Задумаў яго яшчэ ў 2009-м, калі Беларускі саюз мастакоў рыхтаваў выставу “Міленіум”, прысвечаную 1000-годдзю гістарычнай Літвы. Да гэтай выставы я падрыхтаваў тры творы, у якіх зрабіў мастацкую рэканструкцыю велікакняжацкіх пячатак як сімвалаў нашай старажытнай дзяржаўнай улады.

/i/content/pi/cult/585/12965/4-3.jpgДаследуючы гістарычныя артэфакты, я імкнуўся, каб дакументальны матэрыял, захоўваючы сваю гіперрэалістычную дакументальнасць, набыў рысы сучаснага арт-аб’екта, адпаведнага найноўшым прынцыпам сённяшняй пластычнай мовы. Для рэалізацыі задумы я не толькі трымаўся прынцыпаў уласнай мастацкай стылістыкі, але і паспрабаваў радыкалізаваць іх. Раней для мяне прынцыповым было выкарастанне элементаў канструктывізму ў пабудове кампазіцыі ды спалучэнне іх з амаль гіперрэалістычнай трактоўкай формы. У творах з пячаткамі паспрабаваў выкарыстаць элементы супрэматызму — круг, дыяганаль, — захоўваючы максімальна падрабязную дакументальнасць аб’екта ды імкнучыся надаць яму рысы вобраза, сімвала, знака.

Працяг тэмы адбыўся падчас рэалізацыі мастацкай выставы да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Рэшткі старой зброі ды вайсковага рыштунку для мяне маюць не толькі гістарычную вартасць, але і высокі эстэтычны кшталт, які сёння таксама ўспрымаецца як знак і сімвал.

Асобныя часткі праекта гледачы маглі бачыць на розных выставах, але сёлета серыя твораў, давершаная чатырма новымі працамі, займела аблічча цэльнага выказвання, якое хаця і мае выгляд завершанага, але ж наўрад ці закончанае насамрэч. Зважаючы, што ў нацыянальнай гісторыі безліч артэфактаў, якія патрабуюць новага прафесійнага мастацкага погляду, цалкам уяўляю працяг гэтага творчага сумоўя з нашай вялікай і шматлікай гістарычнай спадчынай.

Сёлета ў сакавіку арт-праект “Прыватная археалогія” быў экспанаваны ў Маскве на пляцоўках Цэнтральнага дома мастака. І скажу без перабольшання — меў поспех, нават мяркуючы па вялікай колькасці гледачоў, прафесійных мастакоў-калег і арт-крытыкаў. Цяпер я з радасцю дзялюся гэтым сваім праектам з наведвальнікамі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў — на пляцоўцы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. І мне было вельмі прыемна, што на вернісаж маёй выставы 3 мая прыйшло столькі людзей, сярод якіх і калегі-аднадумцы, і мастацтвазнаўцы, і журналісты, і пісьменнікі, і проста незнаёмыя мне гледачы. Значыць, на шчасце, камусьці патрэбна наша беларускае мастацтва, значыць, наша ўнікальная спадчына не пакідае абыякавым майго сучасніка. А гэта, думаю, дарагога каштуе… Яшчэ раз падкрэслю, што асабіста для мяне галоўнае ў мастацтве (было і ёсць) — спавяданне нацыянальных святынь, нацыянальных каштоўнасцяў, і змяняць свае прыярытэты і арыенціры ў гэтым кірунку не збіраюся…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"