Юбілей як нагода

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Аляксандр ГРЫГОР’ЕЎ, дырэктар Беларускага тэатра “Лялька” (Віцебск)
Днямі наш тэатр справіў 30-годдзе. Юбілей — цудоўная нагода для дадатковай папулярызацыі калектыву, і мы паспрабавалі гэта скарыстаць. Дый самі ўрачыстасці-ўшанаванні хацелася правесці неяк нешарагова, запамінальна, крэатыўна.

/i/content/pi/cult/585/12964/4-2.jpgУласна святочная вечарына прайшла ў форме капусніка на тры гадзіны. Але час праляцеў незаўважна. Было шмат віншаванняў — і са сцэны, і дасланых па пошце, у тым ліку з Расіі, Сербіі, ад іншых замежных калег. Больш за 30 узнагарод. У прыватнасці, артысты Ларыса Мартынава і Аляксей Макарскі атрымалі нагрудныя знакі Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

Нягледзячы на халаднаватае надвор’е, свята пачыналася з вуліцы: там іграў духавы аркестр, потым выступілі нашы маладыя артысты, якія засвоілі хадулі. У час “Славянскага базару ў Віцебску” на пляцоўцы перад тэатрам выступалі запрошаныя ўдзельнікі народнага маладзёжнага тэатра “Колесо”, якія добра валодаюць рознымі тэхнікамі вулічных паказаў. А мы чым горшыя? Набылі шэсць пар хадуляў, пашылі спецыяльныя касцюмы — і цяпер наша моладзь у самым прамым сэнсе слова “ўзрасла”.

Што жа творчага росту, дык зусім невыпадкова са святочнай праграмай да нас прызджаў гурт “Сярэбранае вяселле”. Ягоны лідар Святлана Бень калісьці пачынала менавіта ў нашым тэатры — бутафорам. Дый свой дыпломны спектакль у нас ставіла — “Асцярожна, Соня!”, ён і дагэтуль у рэпертуары. Нядаўна яна стала рэжысёрам яшчэ аднаго нашага спектакля “Лялькі” — “Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам”. Хочам, каб у хуткім часе паставіла яна і штосьці яшчэ.

Шыкоўны падарунак зрабіў нам Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Там адкрылася выстава “Беларускаму тэатру “Лялька” — 30 гадоў”. Там можна пазнаёміцца са сцэнаграфіяй і касцюмамі (у эскізах і канчатковым выглядзе) многіх нашых спектакляў, а таксама ўбачыць знакамітую магілёўскую батлейку ХІХ стагоддзя, рэканструяваную мастаком Аляксандрам Сідаравым. Такая сумесная акцыя (а мы даўно з музеем супрацоўнічаем) — як дадатковы “напамін” пра наш тэатр, куды можна скіравацца адразу пасля музея, тым больш што і адлегласць  — хвіліна хады.

Ездзіць па школах, як гэта робяць дзеля выканання плану многія тэатры, — не наша традыцыя. Але напярэдадні юбілею мы яе парушылі. У адным з так званых “спальных” мікрараёнаў на ўскрайку горада ёсць новая школа з вельмі добрай залай. Чаму б не скарыстацца выпадкам і не пратэставаць яе? І мы павезлі туды “Ямелева шчасце”. Дзеці і выкладчыкі былі ў захапленні! Бо акрамя ўласна спектакля яны сустрэліся з артыстамі, паўдзельнічалі ў віктарыне — і пабеглі прасіць бацькоў, каб тыя звадзілі іх на іншыя нашы спектаклі. Дарэчы, сямейныя прагляды — вельмі актуальная на сёння форма, і мы імкнемся зрабіць яе нормай для віцябчан.

Колькі часу таму на нашым сайце з’явіўся відэапраект “Лялька-live”. Выйшлі ўжо два яго выпускі, дзе мы зазіралі ў закуліссе, на рэпетыцыі, у жартоўна-прыгодніцкім жанры шукалі месцазнаходжанне тэатра. Праводзілі мы і модны цяпер флэш-моб: дзеці і іх бацькі фатаграфавалі лялек у акенцах кватэр, машын, вітрын, казачных дамкоў, а ў якасці прызоў атрымлівалі запрашальнікі ў тэатр.

Увогуле, апошнім часам імкнемся усё больш “выходзіць у народ”. На сёлетнім “Славянскім базары…” наш “Лялечны квартал” не толькі захаваецца, але і пашырыцца, з’яднаўшыся з праектам вулічных тэатраў “На сямі вятрах”. Бо некаторыя спектаклі тэатраў лялек з Палтавы, Кіева будуць паказвацца на адкрытым паветры, з інтэрактывам. Сімвалічна, што квіткі на спектаклі “Лялечнага квартала” пачалі распаўсюджваць акурат у дзень нашага юбілею. 30-годдзе — нагода для далейшых творчых заваёў. Адразу пасля святкаванняў мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук рушыў на фестываль у Белгарад. У Мінску на ІХ Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у маі мы пакажам “Спакушэнне” паводле апавядання Антона Чэхава “Чорны манах”. Так што з юбілеем усё не толькі не заканчваецца, а, наадварот, пачынаецца і працягваецца.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"