Дыялог на колах

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў горада Крычава зрабіла ўнёсак у святкаванне Дня Перамогі. 5 мая пры падтрымцы крычаўскага філіяла аўтобуснага парка № 3 “Магілёўаблаўтатранса” ў раённым цэнтры стартавала акцыя “Дыялог на колах”.

/i/content/pi/cult/585/12958/2-2.jpgНастаўнікі і навучэнцы згаданай школы наладзілі перасоўную выставу дзіцячай творчасці. Кожная з дзвюх экспазіцый (па 24 работы) размешчана ў салонах двух рэйсавых аўтобусаў, што курсіруюць па Крычаве. Паўсотні юных мастакоў мовай фарбаў і пачуццяў распавялі пра цяжар Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг вызваліцеляў і светлы Дзень Перамогі.

Мэта перасоўных выстаў у тым, каб распачаць дыялог з жыхарамі горада і раёна, выклікаць у іх суперажыванне, гонар, патрыятызм. Дырэктар Крычаўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Міхаіл Гарбуноў перакананы: “Памяць пра вайну не павінна знікнуць. Таму наш мастацкі расповед пра вялікае свята і подзвіг нашага народа звернуты да кожнага. І мы павінны цаніць, што жывем пад мірным небам”.

Выстава на колах ужо выклікала станоўчыя водгукі. І не толькі ў пасажыраў. Справа вось у чым: малюнкі размешчаны так, што іх можна бачыць і ў салоне транспарту, і звонку аўтобуса, і таму яны навідавоку ва ўсяго горада.

Да слова, гэта не першая перасоўная выстава школы. Ладзілі яе ў рэйсавых аўтобусах і ў леташнім маі. Дзіцячыя работы адбіраліся па выніках раённага конкурсу плакатаў “Няхай заўжды будзе мір!” А напярэдадні мінулагодняга Міжнароднага дня абароны дзяцей стартавала акцыя “Чароўная вясёлка на аўтобусным акне”. У школе дзякуюць крычаўскаму філіялу аўтобуснага парка № 3 за тое, што заўжды падтрымлівае ініцыятывы ўстановы.

Ганна САКОВІЧ, настаўнік Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Крычава