Сярэбраны “Славянскі…”

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Юбілейны фестываль “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 14 па 18 ліпеня. Тэмы сёлетняй падзеі — Год культуры, даніна памяці пераможцам у Вялікай Айчыннай вайне і 25-годдзе самога мерапрыемства. Пра гэтае паведамілі на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

/i/content/pi/cult/585/12954/2-1.jpg“Ад юбілейнага фестывалю многія чакаюць навінак. Мы, падводзячы вынік 25-гадовай працы, намагаемся сабраць на яго тых людзей, якія звязалі з ім усё сваё жыццё”, — адзначыў дырэктар Дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Аляксандр Сідарэнка.

Такім чынам, аснова фестывальнай праграмы — зварот да гісторыі віцебскага форуму: пакажуць відэаматэрыялы, відэапрывітанні знакамітых творцаў з розных краін, якія калісьці прымалі ўдзел у мерапрыемстве, узначальвалі журы, рабілі першыя крокі на тутэйшых конкурсах у вялікі эстрадны свет. Дзень адкрыцця пачнецца з традыцыйнай прэс-канферэнцыі і святочнага тэатралізаванага параду-шэсця артыстаў, гасцей, удзельнікаў мерапрыемства ад віцебскай плошчы Перамогі да пляцоўкі ля Летняга амфітэатра, дзе ўпершыню адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўздыму вялікага фестывальнага флага — сімвала яднання народаў і дзяржаў-удзельніц. На Алеі зорак закладуць чарговы памятны знак у гонар уладальніка спецыяльнай узнагароды Кіраўніка дзяржавы “Праз мастацтва — да міра і ўзаемаразумення”. Пад дэвізам “З юбілеем — фестываль!” адбудуцца ўрачыстая цырымонія адкрыцця фэсту і прымеркаваны да яе гала-канцэрт. Традыцыйны Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” пройдзе ў тры этапы (“Нацыянальны хіт”, “Славянскі хіт”, “Фестывальны хіт”), старшынёй яго сёлета з’яўляецца народны артыст Расіі Валерый Лявонцьеў. Узначаліць журы Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск” кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віктар Бабарыкін. На дзіцячым і дарослым спаборніцтвах агулам прадстаўлена 28 краін свету, прычым Калумбія і Аргенціна — упершыню.

Сярод спецыяльных юбілейных мерапрыемстваў — канцэртная праграма “25 імгненняў лета”, у якой уладальнікі Гран-пры, лаўрэаты Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга, канцэрт “Віцебск збірае сяброў”. У рамках Дня Саюзнай дзяржавы адбудзецца канцэрт Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя Аляксандра Аляксандрава. Адбудзецца “Фестываль без межаў”, у рамках якога пройдуць канцэрты артыстаў з Грузіі, Латвіі, Чэхіі, Ізраіля. Далучыцца таксама і Кітай, які праяўляе цікавасць да фестывалю.

У другі раз пройдзе фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, праект “Лялечны квартал”, — паведаміла першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. Рыхтуюцца тры праекты: чэшскі зборны канцэрт, ізраільскі канцэрт і сумесны беларуска-кітайскі. Увогуле арганізатары плануюць правесці не менш як 100 мерапрыемстваў.

Магчыма, будуць і рэкорды для Кнігі рэкордаў Гінэса. Арганізатары “Славянскага базару…” у рамках фэсту вулічнага мастацтва правядуць конкурс паэтаў. Яны каля 10 гадзін будуць чытаць вершы пра Віцебск. Яшчэ адно новаўвядзенне — продаж падарункавых сертыфікатаў, іх можна будзе набыць на працягу ўсяго каляндарнага года, а потым — абмяняць на білет форуму.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст