“Арыведэрчы” ненадоўга

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Чым адрозніваюцца бубеншчыкі?
Амаль год таму ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, напэўна, прамаўляліся словы “арыведэрчы” ды “чао”: мінская публіка развітвалася з італьянскiм гуртом “I Tamburellisti di Otranto” (“Бубначы з Атранта”). Праўда, расстанне аказалася нядоўгім: у красавіку гэты ансамбль, у склад якога ўваходзяць юныя музыканты, што спяваюць, танчаць ды, натуральна, граюць на бубнах, пры падтрымцы пасольства Італіі ў рамках творча-адукацыйнага праекта “Мост дружбы: Беларусь — Італія” паказаў праграму “Музыка душы” з удзелам і беларускіх калектываў.

/i/content/pi/cult/585/12950/13-2.jpgГледачы змаглі пазнаёміцца з народным мастацтвам рэгіёна Салента, які “Бубначы...” і прадстаўляюць, ды музыкай Італіі наогул. А я яшчэ сустрэўся з арганізатарам гурта Масіма Панарэза (М.П.) ды кіраўніком міжнароднага музычнага фестывалю “La Notte della Taranta” (“Ноч Таранты”) Луіджы Кiрыяцi (Л.К.).

— Што, на ваш погляд, павінен адчуваць глядач на выступе ансамбля “Бубначы з Атранта”?

М.П.: — Любоў да таго, што мы робім. Да інструмента, на якім граюць дзеці. Тое прыносіць радасць і ім самім, і публіцы, залучаючы яе ў канцэртнае дзейства. Гэта галоўны наш мэсідж — каханне, яднанне людзей. Калі я бачу, як падлеткі ў зале адкладаюць свае гаджаты ды з цікавасцю пачынаюць глядзець на тое, што адбываецца на сцэне, шчыра радуюся. Спадзяюся, яны становяцца духоўна багацейшымі ў такія хвіліны, бо тое, чым мы займаемся, гэта не бізнес — тым больш штука вельмі небяспечная, калі ў яго спрабуюць уцягнуць дзяцей. Мы, як гэта ні пафасна прагучыць, нясем грамадству культуру.

— Бубен — інструмент вельмі... дэмакратычны, ці не так?..

М.П.: — Вядома ж! У нашым ансамблі ёсць дзеці і з паспяховых сем’яў, і з сацыяльна небяспечных — прадстаўнікі розных слаёў насельніцтва, карацей. І ёсць бубен — даступны для ўсіх інструмент, для бедных ды багатых. 7 гадоў таму, калі ствараўся праект, я разглядаў яго не надта сур’ёзна. А да цяперашняга часу ён ператварыўся ў прыкметную рэалію нацыянальнага маштабу. Цяпер мне хочацца, каб ён жыў доўга, каб пра яго як мага больш ведалі не толькі ў Італіі, але і за яе межамі.

— Колькасць удзельнікаў гурта пастаянна вар’іруецца. У залежнасці ад пляцовак, на якіх ён выступае?

М.П.: — Больш правільна будзе адзначыць, што на мае ўрокі iгры на бубне наведвае больш за 400 чалавек. Кагосьці хапае на 2 месяцы, а іншы ўліваецца менавіта ў склад ансамбля. Мая пазіцыя такая: калі нават дзіця не валодае асаблівым талентам, няхай усё роўна лепш прыходзіць на курсы, чым боўтаецца немаведама дзе. Мая задача — выклікаць у дзіцяці адчуванне, што тое, чым яно займаецца, — справа вельмі важная і для яго самога, і для іншых людзей. У мінулы мой прыезд у Мінск мне ўдалося папрацаваць з беларускімі дзецьмі. Яны ў вас вельмі... сур’ёзныя. Але ў працэсе зносін, заняткаў яны прыкметна разняволіліся i гэтым разам сустрэлі мяне ўсмешкамі.

— Колькі гадоў самаму маленькаму вашаму артысту?

М.П.: — У мінулым верасні да пачатку новага навучальнага года мы давалі канцэрт у Рыме, на ім прысутнічаў прэзідэнт Італьянскай Рэспублікі. Дык вось, там і прадставілі самага юнага артыста ансамбля: яму 2 гады. Гранічны жа узрост удзельнікаў гурта — 12 — 13 гадоў. А адной з першых на мае курсы запісалася Марыя К’яра Тома: тады ёй было 3 гады, а сёння яна — прыма. Дзякуючы ў тым ліку і ёй у ансамблі пануе вельмі дружная ды цёплая атмасфера: старэйшыя, лідары ніколі не дазваляюць сабе папракаць іншых за непазбежныя памылкі, а дапамагаюць справай ды словам.

— Што з сябе ўяўляе народная творчасць рэгіёна Салента?

Л.К.: — Яна вельмі сінтэтычная з-за таго, што побач знаходзяцца такія краіны, як Албанія, Грэцыя, Турцыя. Розныя культуры ды мастацтва на працягу многіх стагоддзяў аказвалі самы непасрэдны ўплыў на фарміраванне фальклору Салента. (Плюс, натуральна, культура, мастацтва самой Італіі.) У народнай музыцы Салента чутныя, напрыклад, і адгалоскі арабскіх матываў.

— А пра што спяваецца ў вашых аўтэнтычных песнях?

Л.К.: — Напэўна, пра тое ж, пра што і ў аўтэнтычных песнях любой іншай краіны. Пра што беларускія песні?

— Пра родны край, пра каханне, пра цяжкую сельскую працу...

Л.К.: — Вось! Пра жыццё звычайнага чалавека з натуральнымі эмоцыямі, з простымі пачуццямі. Узяць традыцыю тарантызму, якой вядомая наша зямля. Шматлікія стагоддзі яе культывавалі жанчыны, якія жадалі вызваліцца ад уласных праблем — ад сацыяльных да асабістых. І, калі пачынаць філасофстваванне, сваю пазіцыю яны даносілі да грамадства і з дапамогай танца пiцыка (разнавіднасць знакамітай тарантэлы). На побытавым жа ўзроўні нараджэнне яго звязваюць з укусамі тарантулаў, ахвярамі якіх былі жанчыны, што займаліся зямельнымі працамі. Адчуўшы на сваім целе павука, яны пачыналі, лічы, шалёныя скокі, танчылі да таго часу, пакуль тарантул не спадаў з іх і, раздушаны, не гінуў. Гэта значыць, паралелі відавочныя: жанчына вызваляецца ад зла, ад усяго дрэннага, што ёй перашкаджае. У Салента, дарэчы, не першы год праходзіць міжнародны музычны фэст “La Notte della Taranta” (“Ноч Таранты”).

— А ў Беларусі ёсць “Ноч музеяў”...

М.П.: — У Iталii таксама праходзіць такая акцыя!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"