Абрады ці “Зорныя войны”?

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

З 29 красавіка па 1 мая ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў у рамках Года культуры адбылася X Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання”. Пленарныя і секцыйныя пасяджэнні, ХIII этнаграфічны канцэрт “Фальклор беларускай глыбінкі” і выступленні маладзёжных фальклорных гуртоў, майстар-класы вядучых спецыялістаў, а таксама экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту на мастацкую рэканструкцыю валачобнага абраду беларусаў... Тым часам “К” прадстаўляе вытрымкі з дакладаў некаторых замежных спецыялістаў, якія выступілі на гэтым прадстаўнічым форуме, каб даць пэўны спектр тэм, цікавых фалькларыстам замежжа.

/i/content/pi/cult/585/12949/13-1.jpgБогдан МАТЛАЎСКІ, доктар габілітаваны, прафесар, загадчык кафедры Заходняй Польшчы і Скандынавіі факультэта этналогіі і антрапалогіі культуры Шчэцінскага ўніверсітэта (Польшча):

— Даследванне гісторыі стварэння і функцыянавання фальклорных спеўных гуртоў і капэлаў у культуры Заходняй Памераніі ў 1945 — 1990 гады выклікае вялікую цікавасць у навукоўцаў. Справа ў тым, што гэты рэгіён знаходзіцца на мяжы з Германіяй і мае свае адметныя рэгіянальныя асаблівасці. Да таго ж, Заходняя Памеранія раней не ўваходзіла ў склад Польшчы — была нямецкай тэрыторыяй. Такім чынам, гісторыя даследавання гэтага краю з боку польскіх навукоўцаў налічвае на сёння прыкладна 70 гадоў.

Менавіта з сярэдзіны 1940-х тут пачалі стварацца спеўныя гурты, якія адрозніваліся адзін ад аднаго не толькі сваёй рэгіянальнай культурай, але і традыцыйнай музыкай, рэпертуарам, манерамі выканання, а таксама музычнымі інструментамі, на якіх гралі музыкі.

Натуральна, сапраўдных, аўтэнтычных музыкантаў не так шмат, яны, можна сказаць, свайго кшталту прадстаўнікі “творчай эліты”. Але за дзясяткі гадоў функцыянавання гэтых калектываў яны сталі сапраўднай з’явай народнай культуры гэтага рэгіёна, якую сёння можна вывучаць і даследаваць…

Ігар МАЦІЕЎСКІ, кампазітар, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, акадэмік Расійскай Акадэміі прыродазнаўчых навук, загадчык Сектара інструментазнаўства Інстытута гісторыі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны і Польшчы (Санкт-Пецярбург, Расія):

— Тэма музычных сімвалаў абрадаў пераходу вельмі багатая і разнастайная. Скажам, першы крык дзіцяці пасля нараджэння — гэта той знак, той своеасаблівы пераход у іншы, жыццёвы свет, які адчуваецца немаўляткам адразу. Прыкладна па такой жа схеме пабудаваны і многія народныя звычаі і абрады.

Скажам, вясельныя спевы часта гавораць пра змену статусу маладога і маладой, а многія абрады падчас гэтых святочных дзён вяселля падкрэсліваюць гэты пераход у іншы стан у шматкроць. І такі ж самы пераход падкрэсліваецца ў многіх галашэннях многіх народаў, а таксама ў час пахавальнага абраду.

Менавіта пра пераход у іншы жыццёвы статус сведчыў і колішні старадаўні абрад ініцыяцыі, пасля якога хлопчык мог як дарослы прымаць удзел у розных мужчынскіх справах. Але, натуральна, спачатку адбывалася паступовае навучанне будучага мужчыны, воіна і гаспадара ў сям’і…

Вітаўтас ЛУКШАС, магістр мастацтваў, старшыня клуба мастацтваў “Kaukoras” (Вільнюс, Літва):

— На жаль, літоўскі эпас не дайшоў да нашага часу, як, напрыклад, карэла-фінская “Калевала” ці сярэднявечная нямецкая “Песня пра Нібелунгаў”. Таму адным з напрамкаў дзейнасці нашага клуба з’яўляецца аднаўленне такога гіпатэтычнага літоўскага эпасу, ягоная візуалізацыя з дапамогай нейкіх абрадаў, спеваў і танцаў.

Так, гэта даволі цяжка зрабіць, і цалкам магчыма, што створаны намі эпас — нешта накшталт казачнага расповеду з “Уладара Пярсцёнкаў” ці нават “Зорных войнаў”. Але, лічу, нашы высілкі не марныя: на нашы абрады, на нашы візуалізацыі казак прыходзяць людзі, цікавяцца імі, і гэта дае нам сілы працаваць далей...

Руслан КАЙШЫБАЕЎ, магістр мастацтваў, кіраўнік фальклорнага ансамбля “Айнаколь” (Какшэтаў, Казахстан):

— Фальклор Паўночнага Казахстана вельмі багаты і разнастайны. Складнікам гэтага аўтэнтычнага багацця з’яўляюцца аўтэнтычныя спевы, якія выконваліся на многіх народных інструментах, з якіх найбольш вядомай з’яўляецца домбра. А зараджэнне такіх спеваў, як вядома, ідзе з глыбіні стагоддзяў, і іхняму з’яўленню паспрыяла традыцыя шаманізму, дзе ў шмат якіх абрадах выкарыстоўваліся спевы і гранне на музычных інструментах.

Напрыклад, сёння ў Казахстане вядомая творчасць Курмангазы, Даўлеткерэя, Казангапа, Біржана, Ахана і многіх іншых стваральнікаў музычных кампазіцый. Гэтыя імёны ўвайшлі ў гісторыю не толькі казахскай, але і сусветнай музычнай культуры. Іх творчасць, якая вызначаецца яркай індывідуальнасцю стылю, характэрным вобразным строем, як я лічу, уваходзіць у класічную скарбонку казахскай музычнай культуры.

На здымках: фрагмент рэканструкцыі валачобнага абраду ў музеі народнай архітэктуры і побыту; выступленне гасцей фэсту з Казахстана.

Фота Вячаслава КАЛАЦЭЯ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"