Яны былі… дакладнымі

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Сцэнічныя чытанні школьнікаў у дэталях
25 — 26 красавіка ў тэатральнай гасцёўні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа праходзіў конкурс “Сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр-20”. Прадстаўнічае журы на чале з загадчыкам кафедры рэжысуры, дацэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віталём Катавіцкім вызначала лепшых.

/i/content/pi/cult/585/12948/12-2.jpgЁн жа правёў пад час другога дня фестывалю майстар-клас для абітурыентаў — выпускнікоў віцебскіх школ, азнаёміў іх з некаторымі асаблівасцямі паступлення і навучання ў акадэміі, адказаў на пытанні падлеткаў. Мы ж папрасілі яго падзяліцца ўражаннямі ад сёлетняга конкурсу:

— У Віцебску на “Школьным тэатры” я не ўпершыню. Але мінулы мой прыезд адбыўся дастаткова даўно. Хачу адзначыць, што змены адбыліся. Па-першае, на прафесійным узроўні. Усе калектывы працуюць больш дасканала менавіта ў кірунку акцёрскага майстэрства. Юныя артысты сталі больш разняволенымі, некаторыя нават здзівілі ўменнем уступаць у зносіны, узаемадзейнічаць на сцэне, бачыць і чуць партнёра, што з’яўляецца рэдкасцю і ў прафесійных выканаўцаў. Яны былі дакладнымі, а не толькі эмацыйнымі, як гэта часцяком бывае ў самадзейнасці.

Адна з галоўных асаблівасцей сёлетніх чытанняў палягала ў тым, што пераважалі спектаклі аўтарскія, гэта значыць, нават літаратурная аснова нараджалася ў школьных калектывах. Асобныя педагогі — самі ці супольна з выхаванцамі — бяруцца за стварэнне арыгінальных п’ес, інсцэніровак, і ў некаторых з іх, зазначым, гэта атрымліваецца. Магу назваць тую ж Аляксандру Раманаву, кіраўніка ўзорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” віцебскай гімназіі № 8, якая летась атрымала Гран-пры за вельмі кранальны і шчымлівы спектакль “Ідэальныя людзі” пра цыркавых артыстаў. Сёлета яна прапанавала свой новы драматычны твор — “Невядомую справу Шэрлака Холмса”. Цягам спектакля юныя дэтэктывы расследуюць таемную “крымінальную справу”: знікненне… снегавіка. Для іх гэта цікавая гульня, менавіта таму рэжысёр, яна ж аўтар п’есы, карыстаецца найперш прыёмамі і сродкамі “ігравога тэатра”. Пры ўсім тым ёсць спроба (і даволі ўдалая) зразумець псіхалогію падлетка, які праз гульню, праз іранічны погляд на свет, на людзей спрабуе адмовіцца ад пэўных стэрэатыпаў дарослага чалавека. Спектакль, пабудаваны на акцёрскай імправізацыі, атрымаўся вельмі дасціпным і разумным, заняўшы ІІ месца, а юны Шэрлак Холмс (Анатоль Сухаў) атрымаў дыплом за лепшую мужчынскую ролю.

Яшчэ адной асаблівасцю сёлетніх чытанняў я назваў бы той факт, што юныя артысты бралі альбо самі стваралі п’есы, героі якіх іхнія ж аднагодкі, мо таму іх перажыванні, учынкі здаваліся падлеткам асабліва блізкімі, а інтанацыя спектакляў атрымалася вельмі шчырай, вобразы  — арганічныя, праўдзівыя, пераканаўчыя. Пераважала ж у гэтых спектаклях тэма кахання, якое, нягледзячы на перашкоды, жорсткасць, зайздрасць, усё ж перамагае. Сярод іх можна назваць пастаноўкі “Мост у цішыню” Вікторыі Грэцкай (драматычны гурток “Аншлаг” сярэдняй школы № 21, кіраўнік Святлана Карпенка, I месца), “Калі ў сэрцы жыве каханне” Кацярыны Дормінай (школьны тэатр СШ № 28, кіраўнік Зоя Таранеўская, III месца). Гэтыя спектаклі зрабілі добрае ўражанне прыстойнай рэжысёрскай, пастановачнай культурай, здольнасцю правільна арганізаваць прастору. Апошні ўзнімае яшчэ і праблему фармальнага (школьнага, сямейнага) выхавання дзяцей і падлеткаў, у выніку чаго спараджаецца іх цынізм, абыякавасць, жорсткасць, сучасны прагматызм, адмова ад духоўных каштоўнасцей.

Асновай аўтарскага спектакля “Дзіцячая пляцоўка” Таццяны Быкавай, кіраўніка тэатральнага калектыву “Прэм’ера” гімназіі № 1, стала аднайменнае апавяданне Рэя Брэдберы, праўда, істотна пераробленае. Вытокі чалавечай жорсткасці, на яе думку, трэба шукаць у дзіцячых крыўдах дарослых людзей, у несправядлівых пакараннях, беспадстаўных прыніжэннях дзяцей бацькамі альбо выхавацелямі, якія справакавалі іх дарослыя заганы, памылковае ўяўленне, што праз гвалт над асобай можна чагосьці дамагчыся. Спектакль атрымаў галоўны прыз конкурсу, бо ў ім спалучылася ўсё: адметная рэжысура, выдатная пластыка, харэаграфія, касцюмы і, вядома ж, яркія акцёрскія работы, пэўныя прыкметы ансамблю.

Апрача аўтарскіх спектакляў, на сцэнічных чытаннях быў прадстаўлены шэраг работ па творах вядомых беларускіх пісьменнікаў, некаторыя з якіх ужо сталі класікамі. Так, героі Уладзіміра Караткевіча з аповесці “Лісце каштанаў” ажылі ў прачытанні ўзорнага тэатральнага калектыву “Прэм’ера” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска (кіраўнік — Паліна Паўлыга). Твор складаны, бо для сённяшніх юнакоў і дзяўчат вельмі няпроста занурыцца ў той пасляваенны час, зразумець яго жорсткасць і, разам з тым, узвышаны рамантызм герояў. Спектакль атрымаў I месца, падзяліўшы яго з “Мостам у цішыню”.

Даволі часта сцэнічныя калектывы, як прафесійныя, так і аматарскія, звяртаюцца да фантасмагорыі Сяргея Кавалёва “Стомлены д’ябал” (“Тэатр цудаў” СШ № 45, кіраўнік — Канстанцін Ганчароў). Праўда, лічу, што для дзіцячага калектыву гэта даволі складаны матэрыял, бо ёсць рызыка за фарсавасцю, яскравай камедыйнасцю сюжэтных сітуацый, герояў не заўважыць той унутраны змест, які хавае п’еса. Журы ацаніла арыгінальнасць рэжысёрскай задумы (д’ябал у спектаклі існуе ў жаночым абліччы, да таго ж , так б мовіць, у множным ліку) і яскравую, я зазначыў бы, дакладную акцёрскую работу Вагіфа Мірзоева, які стварыў яскравы вобраз Яські (дыплом за лепшую мужчынскую ролю).

І яшчэ пра адзін спектакль. “Дагарэла свечачка…” паводле п’есы Алеся Петрашкевіча, пастаноўка якой прысвечана 30-годдзю Чарнобыльскай катастрофы. У цэнтры спектакля — вобраз старой Марфы, якая адмаўляецца пакідаць сваю хату і жыўцом спальвае сябе ў ёй. У яе працяглых расповядах, дзе яна звяртаецца то да самой сябе, то да родных, сваякоў, якія пайшлі з жыцця, то да шалапутнай пляменніцы Любкі, узнікае поўная трагізму гісторыя беларусаў, на чыю долю цягам савецкага перыяду гісторыі ХХ стагоддзя лёг цяжар страшэнных выпрабаванняў. Юная актрыса Кацярына Піталенка (дыплом за лепшую жаночую ролю) паспрабавала далучыцца да складанага (прынамсі, па ўзросце і жыццёвым досведзе) вобраза.

У заключэнне хацелася б выказаць словы падзякі тым людзям, якія 20 гадоў таму пачыналі і вялі складаную фестывальную справу, на якіх падзея доўгія гады трымалася. Гэта колішняя загадчык літаратурнай часткі Коласаўскага тэатра Святлана Дашкевіч і былы рэжысёр сцэнічных чытанняў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. Іх шматгадовая праца была адзначана дыпломамі “За значны асабісты ўклад у развіццё школьнага тэатральнага руху горада Віцебска”.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа