Дапамога эвакуіраваным

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

Пытанні па прыёме, размяшчэнні і забеспячэнні беларускіх грамадзян у эвакуацыі вырашаліся аддзелам па працы з эвакуіраваным насельніцтвам пры Савеце Народных Камісараў Беларускай ССР. Грашовую аднаразовую дапамогу атрымлівалі эвакуіраваныя дзіцячыя дамы, параненыя партызаны, дастаўленыя ў савецкі тыл на лячэнне, іншыя грамадзяне, якія апынуліся ў цяжкім становішчы... Звярталіся па яе і беларускія дзеячы навукі, культуры ды мастацтва. Хто яны, якія абставіных вымушалі іх звярнуцца па дапамогу? Прывядзём некалькі прыкладаў з дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/585/12945/14-2.jpgУ пачатку Вялікай Айчыннай вайны тысячы беларускіх грамадзян былі эвакуіраваны ў савецкі тыл. Многія, ратуючыся ад акупантаў, прабіраліся на ўсход самастойна. Пачынаючы з 1943 года, калі была наладжана авіяцыйная сувязь з партызанамі, з лясных аэрадромаў сталі прыбываць у савецкі тыл таксама партызанскія сем'і і дзеці-сіроты. Скажам, згодна з каштарысам выдаткаў на першы квартал 1943 года эвакуацыйнай базы СНК БССР у раёне горада Тарапца Калінінскай вобласці, кожнаму, хто прыбыў з варожага тылу, належыла бясплатнае харчаванне і праезд да месца прызначэння, выдзялялася верхняя вопратка, абутак, бялізна і галаўныя ўборы, а таксама грашовая дапамога ў памеры 200 рублёў на адну сям’ю. Але дапамагалі беларусам і раней.

У жніўні 1941 года, пасля эвакуацыі з Віцебска, у Горкаўскай вобласці апынулася сям’я настаўнікаў Валынцэвічаў у складзе пяці чалавек. У лютым 1943 года Людміла Валынцэвіч ў лісце на імя старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР апісвае бядотнае становішча сям’і ў далёкім савецкім тыле і просіць аказаць матэрыяльную дапамогу: “Мы просім Вас падтрымаць нас у гэты цяжкі момант нашага жыцця, аказаўшы, калі гэта магчыма, дапамогу харчовай пасылкай. Адначасова просім Вас не рабіць прапаноў прадстаўнікам мясцовага ўраду дапамагчы нам на месцы, бо, як паказаў вопыт іншых асоб, што звярталіся ў цэнтры, такія ўказанні не даюць добрых вынікаў і толькі выклікаюць незадавальненне і варожасць да тых, хто з’яўляўся прычынай такіх распараджэнняў з цэнтраў. Лепей адмоўце ў дапамозе непасрэдна нам праз ліст”.

Два месяцы ішоў гэты ліст па інстанцыях, і толькі 27 красавіка 1943 года выйшла, урэшце, распараджэнне СНК БССР выдаць аднаразовую дапамогу эвакуіраваным з Віцебска настаўнікам Валанцэвічам у памеры 1000 рублёў.

13 лютага 1943 года ў СНК БССР звярнулася былая работніца Суражскай фабрыкі імя Вароўскага Віцебскай вобласці З.П.Голубева з просьбай аказаць ёй і яе малалетняму сыну дапамогу ў набыцці адзення і абутку. А абставіны складваліся наступным чынам. Перад самым пачаткам вайны Голубева з сынам выехала на лячэнне ў Маскву. Там яе і заспела вайна. Сяк-так яна змагла вызначыцца з жыллём — прытулілі добрыя людзі. А вось з-за адсутнасці адзення і абутку з надыходам халадоў стала невыносна. Ліст заканчваўся словамі: “Пераканаўча прашу вас дапамагчы мне ў чым можна, я вельмі прашу. Не адмоўце“.

Гэтым разам ужо праз тыдзень рушыла ўслед распараджэнне за подпісам намесніка старшыні СНК БССР Івана Захарава: “Прапанаваць Наркамгандлю БССР адпусціць з тавараў, атрыманых ад выканкама Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца бясплатна для сям’і партызана, забітага нямецка-фашысцкімі акупантамі, тав. Голубевай: паліто жаночае, сукенка, панчохі — 2 пары, бялізна жаночая — 2 пары, швэдар ваўняны дзіцячы, пальчаткі — 1 пара“.

У дзень Чырвонай Арміі 23 лютага атрымалі падарункі ад СНК БССР беларускія пісьменнікі Міхась Лынькоў і Кандрат Крапівы: скураныя курткі, штаны, пінжакі, кашулі, шкарпэткі, пальчаткі. Аказана грашовая дапамога і выдадзены бясплатнае адзенне і прадукты харчавання сем’ям беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа (тройчы), Піліпа Пестрака, Міхася Клімовіча і іншым, а вось сям’і паэта-франтавіка Аркадзя Куляшова СНК БССР рэкамендаваў, чамусьці атрымаць «за наяўны разлік касцюмы жаночыя — 2 пары, валёнкі — 1 пару, бялізну жаночую — 2 пары, панчохі — 2 пары, мыла гаспадарчае — 2 кавалкі».

27 сакавіка 1943 года распараджэннем № 75 СНК БССР аказана матэрыяльная дапамога групе беларускіх артыстаў у колькасці 13 чалавек, якія абслугоўваюць дзеючую армію: цукру па 400 г на чалавека, масла па 200 г, селядцоў па 500 г, сыра па 200 г, мыла гаспадарчага па 1 кавалку .

У архіве захоўваюцца заявы і распараджэнні Савнаркама БССР аб аказанні аднаразовай грашовай дапамогі ў памеры ад 500 да 4000 рублёў беларускім артыстам Ларысе Александроўскай, Аляксандры Нікалаевай, Рыце Млодак, кампазітару Яўгену Цікоцкаму і іншым.

У пачатку студзеня 1944 года ў Маскве адкрывалася мастацкая выстава, прысвечаная 25-годдзю БССР. Для мастакоў і навуковых супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць выставу, было замоўлена і пашыта ў атэлье спецыяльнае адзенне. Кіраўнік выставы Алена Аладава, напрыклад, была экіпіравана наступным чынам: паліто, гарнітур ваўняны, туфлі мадэльныя, боты фетравыя, блуза шаўковая, панчохі шаўковыя, джэмпер шарсцяны. Вядомыя мастакі Яўген Зайцаў, Іван Ахрэмчык, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Пётра Гаўрыленка і іншыя атрымалі касцюмы, паліто, чаравікі, галёшы.

9 — 11 студзеня 1943 года ў Маскве праходзіў сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Пра тое, як кіраўніцтва справамі СНК БССР хацела “здзівіць” удзельнікаў сходу, паведамляюць наступныя дакументы архіва.

6 студзеня намеснік кіраўніка справамі накіроўвае ліст у Наркамгандаль СССР з просьбай адпусціць для ўдзельнікаў сходу два мяхі папярос вышэйшага гатунку, а 8 студзеня ўжо сам кіраўнік спраў Савнаркама С.С.Кесцюк просіць Наркамгандаль СССР для таго ж сходу адпусціць 10 скрыняў мандарынаў і 100 кг сухафруктаў. На наступны дзень ён накіроўвае яшчэ адзін ліст па тым жа адрасе пра отпуск “для патрэб артыстаў і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якая прыбыла ў Маскву на сход, адэкалона на суму 8000 рублёў, пудры на 1500 руб, мыла туалетнага 100 кавалкаўм”.

У архіве захоўваецца яшчэ адзін дакумент, які адносіцца да пытання абслугоўвання вышэйназванага сходу. Гэта даверанасць на імя А.А.Міленькай для атрымання 100 кг сухафруктаў ад халадзільніка № 1/15. Падпісана даверанасць намеснікам Наркама гандлю БССР Галіным 12 студзеня 1943 года, гэта значыць ужо пасля таго як адбыўся сход.

Атрымлівалі аднаразовую дапамогу і работнікі беларускіх выданняў, якія знаходзяцца ў Маскве. 22 лютага 1943 года на імя намесніка старшыні Савнаркама БССР А.І.Шаўрова паступіў ліст ад работніка выдавецтва “Савецкая Беларусь“ Л.Ігнатовіч, якая пісала: “7 снежня 1942 гады з памяшкання выдавецтва ў мяне скралі маё адзінае паліто і да цяперашняга часу я не магу ніяк набыць новае, таму прашу Вашай дапамогі ў набыцці паліто для мяне. У Чырвонай Арміі 3 браты і муж“. Ніжэй заявы прыпіска: “Факт крадзяжу паліто ў Ігнатовіч пацвярджаю. Заг. выдавецтвам Пінхасік”.

Праз два дні па распараджэнні СНК Л.Ігнатовіч з прыпіскай “Вельмі мае патрэбу ў верхняй вопратцы” Наркамгандлю БССР прапаноўвалася вылучыць паліто жаночае. А 8 сакавіка рушыла ўслед распараджэнне Савнаркама “Аб аказанні аднаразовай грашовай дапамогі” ўжо самому Г.І.Пінахсіку ў памеры 700 рублёў. У лісце на імя старшыні Савнаркама БССР Івана Былінскага ён пісаў: “Жонку маю і сына, якія знаходзяцца ў Самаркандзе, абакралі, забралі літаральна ўсё, што ў іх было з асабістых рэчаў”. Як той казаў — хочаш вер, хочаш не вер.

У 1943 годзе большасць насельніцтва Беларусі знаходзілася на акупаванай фашыстамі тэрыторыі, шмат хто не меў прытулку, галадалі, дапамагалі партызанам, верылі ў перамогу і спадзяваліся на лепшую будучыню. Выжывалі самі і, як маглі, гадавалі дзяцей. Так было ў гады вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Але ніякія цяжкасці не зламалі волі беларускага народа, таму што ён заўсёды заставаўся патрыётам.

Генадзь БАРКУН, гісторык