Яго арганізатарамі сталі кампазітарскія суполкі Беларусі і Расіі, а таксама — іх маладзёжныя аддзяленні і згаданы каледж на чале з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, кавалерам ордэна Францыска Скарыны, ганаровым грамадзянінам Маладзечна Рыгорам Сарокам.
Лозунг форуму — “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!” быў апраўданы на практыцы: агульныя творчыя ідэі аб’ядналі кампазітараў розных стылёвых кірункаў. Уплыў на ўзмацненне інтэграцыйных культурных еўразійскіх працэсаў відавочны. Самы час чакаць унікальных музычных прэцэдэнтаў у музыцы XXI стагоддзя.
Кампазітар Мікалай Міхееў прадставіў якуцкую кампазітарскую школу і тамтэйшыя народныя інструменты: хомус (варган) і кырыымпа (струнны смычковы з вольнай настройкай дзвюх струн з конскага воласа). Гучала сюіта для струннага аркестра і фартэпіяна, фантазія для струннага аркестра і варгана. Прэзентацыю суправаджаў мультымедыйны паказ малюнкаў, створаных якуцкімі школьнікамі пад уплывам музыкі.
Маскоўскі кампазітар і віяланчаліст, аўтар альтэрнатыўнай сістэмы нетэмпераванага нотазапісу Яраслаў Судзілоўскі сваім выступленнем выклікаў дыскусію па праблемах сучаснай музыкі і камунікацыйнага ланцужку “кампазітар — выканаўца — слухач”. Гучалі ўрыўкі сімфанічнай містэрыі, іншыя творы аўтара.
Цэнтральная падзея — канцэрт сімфанічнай музыкі “Маладая ЕўрАзія”. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр каледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі выканаў сачыненні беларускіх і расійскіх кампазітараў узростам ад 21 да 35 гадоў. Падчас канцэрту адбыліся тры сусветныя прэм’еры. Апрача твораў названых кампазітараў, прагучалі сачыненні Андрэя Цалко і Кацярыны Леўчанка з Гомеля, Аляксея Пілатава з Маладзечна, Ігара Жохаўскага з Ніжняга Ноўгарада, Вікторыі Спарыш з Мінска.
Працавала і творчая майстэрня, дзе аналізавалася творчасць калег і педагогаў. У выніку адбыўся мастацкі агляд маладых кампазітараў Беларусі. Былі прадстаўлены творы Аляксандра Кустава — навучэнца чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага і другакурсніцы Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа Маі Куптур.
На здымках: Мікалай Міхееў дэманструе асаблівасці якуцкіх інструментаў; аркестр на чале з Рыгорам Сарокам.
Вольга ЦАРЫК, старшыня цыклавой камісіі "Музыказнаўства" Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага