Пад мантыяй безразважнага Арлекіна

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Кіназорка з Крывеля: спроба аб’ектыўнага аналізу біяграфіі Пятра Алейнікава
Сёння "К" працягвае расповед пра знакамітага савецкага кінаартыста — беларуса Пятра Алейнікава.

/i/content/pi/cult/583/12885/15-1.jpgЯго сям’я жыла ў маленькай вёсачцы Крывель, адгароджанай ад света белага балоцістым чорналессем: гэта прыкладна ў 22 — 23 кіламетрах ад Шклова. Бацькі жылі бедна, не хапала хлеба, ворыўнай зямлі. Пакуль Мартын Алейнікаў працаваў плытагонам па Дняпры, цярпелі. Але аднойчы, позняй восенню 1920 года, сплаўляючы плыты па Дняпры, ён сарваўся ў сцюдзёную ваду. Выплыў, але моцна прастудзіўся і хутка памёр. Такім чынам сям’я засталася без карміцеля. Маці сшыла з даматканых посцілак жабрацкія торбы старэйшай дачцэ Кацярыне і васьмігадоваму Петрусю, вывела няшчасных за весніцы, перахрысціла і, абліваючыся слязьмі, выправіла іх жабраваць у невядомыя шляхі-дарогі. Праз год Каця вярнулася дамоў, а Пецька працягваў весці жыццё бадзягі, валацугі, нічога і нікога не баяўся, начаваў дзе давядзецца: у стагах за Дняпром, у хвойніку, у занядбаных свіранах, у лепшых выпадках — у чулых людзей дзе-небудзь у сенцах або на паддашку. Карміўся як мог: ці то нескладанай падзённай работай, ці то штосьці скраўшы з чужога агарода. А бывала, хтосьці забяспечваў яго кавалачкам хлеба за тое, што хлопчык умела мог парадзіраваць людзей. Працаваў ён і пастухом у наймах у нейкага багача Карнея. А калі Карней той аднойчы пабіў Пецьку, маўляў, заснуў той і статак разбегся, хлопец пакінуў свайго “працадаўцу”, далучыўся да плытагонаў і на наступны дзень быў ужо ў Быхаве. Там ён сустрэў такіх жа хлопцаў-абадранцаў і паехаў разам з імі па гарадах Беларусі: Орша, Барысаў, Віцебск, Мінск, Гомель… А калі вярнуўся ў Шклоў, добрыя людзі дапамаглі яму ўладкавацца ў мясцовую спецыяльную школу для сірот, дзе даваўся бясплатны харч дзецям. Але хтосьці “настукаў” начальству, што, маўляў, у Алейнікава ў Крывелі жыве маці: дык які ж ён сірата? Нашто яго бясплатна гадаваць? І хлопца выкраслілі са спісу выхаванцаў. І зноў — бадзянне, валацужніцтва, кароткачасовыя прытулкі, прыводы ў міліцыю…

А калі ўдавалася, з вялікім захапленнем глядзеў фільмы ў былым панскім маёнтку, куды перасоўка дастаўляла кінастужкі. Білеты на сеанс былі таннымі, але і такія грошы ў Пецькі не заўсёды “цягнулі кішэню”: даводзілася ўсялякімі фокусамі пранікаць у памяшканне, дзе на белым палатне-экране нараджаўся сапраўдны цуд. Нарэшце яму пашанцавала. У Шклове ён пасябраваў з адным кінамеханікам, якому дапамагаў “круціць кіно”, за што бясплатна цешыўся нямымі фільмамі, якія прывозілі з аддзялення мінскага Савкіно. Ленінградская мадэль “ГОЗ” была пабудаваная спецыяльна ў якасці перасоўкі: яна мела максімальна спрошчаную і аблегчаную канструкцыю, а ў час перавозкі размяшчалася ў чамадане. Апарат забяспечваўся маленькай дынамамашынай. Механік сам прыводзіў яе ў рух разам са стужкапрацяжным механізмам. Дынама ж пітала лямпачку праекцыйнага ліхтара.

Дык вось, Пецьку вельмі падабалася круціць дынама, а трошкі пазней яму даверылі круціць і ручку праекцыйнага апарата. Ад разумення таго, што сам паказвае кіно, душа трымцела ад задавальнення. Круціў фільмы з удзелам Ігара Ільінскага і Анатоля Кторава, Фэрбэнкса Дугласа і Чарлі Чапліна, стужкі “Чырвоныя д’ябаляты”, “Аэліта”, “Багдадскі злодзей”, беларускія — “Лясная быль” і “Хвоі шумяць” пра няўлоўнага атамана Аса ў выкананні таленавітага Івана Капралава (у 1938-м расстралянага як “вораг народа”), таксама “Дом на Трубнай” пра тое, што “кожная кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай” (значыць, і просты вясковы хлопчык можа стаць вялікім акцёрам?)… Спачатку Пётр вельмі здзіўляўся: як гэта “каралі” і “каралевы” экрана на крохкім цэлулоідзе выразна перадавалі боль і гнеў, страх і смутак, каханне і нянавісць, радасць і бяду — і ўсё гэта без дапамогі слоў. Але і сам Пётр, таксама без дапамогі слоў, імкнуўся смяшыць люд вясковы сваімі пародыямі. І гэта ў яго выдатна атрымлівалася. Аднойчы так спарадзіраваў мясцовага святара, што той падараваў яму чырвонец і сказаў: “Быць табе, малеча, вялікім артыстам!”

Потым там жа, у Шклове, трапіў у агульнаадукацыйную школу, але па-ранейшаму хадзіў туды летам і вясной босы, а зімой — у лапцях. Па суботах зранку адпраўляўся пехам дамоў у Крывель па харчы — бульбу, гарох, пшано, калі пашанцуе — дранікі, а ў панядзелак вяртаўся ў школу. Але хутка такія паходы скончыліся: сям’я і так жыла надгаладзь. І зноў трэба было падпрацоўваць: каму кадку вады прынесці, каму коней у малацілцы паганяць, каму дроваў накалоць, гарод узараць ці траву накасіць… Вельмі рэдка сустракаўся ў Шклове з родным братам Мікалаем, які быў на 11 гадоў старэйшы за яго. Ён насіў прозвішча па дзедзе — Шчасны, таму што з самога ранняга дзяцінства выхоўваўся ў яго. Пасля рэвалюцыі вырас у актыўнага камсамольца-агітатара, грамадскага работніка, за што і атрымаў ад савецкай улады дзялянку зямлі на хутары паблізу вёскі Аўгустова. У 1927 годзе быў выбраны сакратаром Падгайцаўскага вясковага савета, а праз год — кіраўніком…

Аднойчы восенню, доўга не думаючы, Пётр Алейнікаў вырашыў махнуць у Маскву, горад, дзе становяцца сапраўднымі артыстамі. Але ўжо пад Оршай яго затрымала міліцыя і даставіла спачатку ў мясцовы прыёмнік-размеркавальнік, а адтуль — у Барсукоўскую дзіцячую калонію. Праз гады Алейнікаў будзе з удзячнасцю згадваць начальніка гэтай калоніі Уладзіміра Салодку, які вельмі па-добраму ставіўся да юнака. Ён вучыў хлопца не толькі пісьменнасці, але і сталярнай ды слясарнай справам. А калі арганізоўвалі драматычны гурток пад усёбачным вокам Салодкага, самі хлопцы будавалі дэкарацыі, шылі касцюмы, рабілі бутафорыю, грым, прыдумлялі парыкі і іншыя аксесуары. Хутка Пятра прызначылі кіраўніком гуртка, дзе ён стаў і лепшым выканаўцай усіх камічных роляў.

Ішоў 1928 год. І вось з калоніі Алейнікава накіравалі ў Магілёў — у I Усебеларускую камуну імя 10-годдзя Кастрычніка. І тут яго цяга да акцёрства яшчэ больш узмацнілася, асабліва пасля таго, як ён сустрэўся з Уладзімірам Кумельскім — кіраўніком драматычнай трупы, якая прыехала на гастролі ў Магілёў. “Мы пайшлі да Кумельскага цэлай дэлегацыяй, — прыгадваў Пётр Мартынавіч. — Упрасілі яго паглядзець нашу клубную самадзейнасць. Я яшчэ ніколі так не хваляваўся, хаця выступаў не ўпершыню. Ішла двухактоўка “Край” — няўдалая п’еса цяпер ужо забытага аўтара. Гледачы — нашы таварышы камунары — выказвалі сваё захапленне шумна і па-рознаму: пляскалі ў ладкі, тупаталі нагамі, ускоквалі з лавак, крычалі “біс”. Мы стаялі за апушчанай заслонай і стомлена ўсміхаліся адзін аднаму. Парыкі нашы спаўзлі на бок, грым растаяў на тварах. “Пеця! Алейнікаў! Цябе патрабуюць!” — звонкі хлапечы голас заклікаў мяне за кулісы. Увайшоў у цесны пакойчык — нашу агульную грымёрную. Насустрач падняўся з кушэткі невысокі шырокаплечы чалавек і працягнуў мне вялікую цвёрдую руку: “Добры вечар! Я — Кумельскі!” Усюды ўжо пагасілі святло, і толькі ў грымёрнай гарэла яркая лямпа. На парозе валяліся касмылі ваты са слядамі грыма, аскепкі разбітага люстэрка. У кутку пакоя скучыліся трашчоткі і барабан, якімі мы імітавалі грукат боя. Па просьбе Кумельскага я распавёў пра сябе. “Вам неабходна вучыцца! — сказаў ён раптам. — Абавязкова вучыцца, бо з вас можа выйсці сапраўдны акцёр…” Гутарка была доўгай, і запомнілася Алейнікаву на ўсё жыццё…

Не ведаю, пра што яшчэ гутарылі Герасімаў і Алейнікаў у доме на Басейнай, але, думаю, рэжысёр змог разгледзець у характары суразмоўцы тое маральнае зерне, якое хутка цудоўна прарасце ў такіх герасімаўскіх фільмах, як “Сямёра смелых”, “Камсамольск”, “Непераможныя” (“Ленінградцы”), “Вялікая зямля”. Але пасля вайны Герасімаў ужо не здымаў Алейнікава. Прычыны? Ці то для рэжысёра, які ўжо працаваў ва ВГИКу, сталі больш цікавымі маладыя акцёры пасляваеннай фармацыі, ці то яго не задавальняў вобраз жыцця шалапутнага, амаль некіраванага артыста і чалавека, ці то яшчэ нешта… Але так ці інакш: не было б Герасімава — не было б таго акцёра Алейнікава, якога мы ведаем па фільмах…

…Аднак Пётр Мартынавіч упершыню зняўся не ў Сяргея Герасімава. Яшчэ студэнтам ён з’явіўся на экране ў невялічкай ролі маладога рабочага ў карціне “Сустрэчны” Фрыдрыха Эрмлера, Сяргея Юткевіча і Леа Арнштама, дзе пазнаёміўся з працэсам стварэння фільмаў і такімі вопытнымі кінаакцёрамі, як Гардзін, Абрыкосаў, Блюменталь-Тамарына, Ценін (дарэчы, будучы Несцерка ў беларускім фільме-казцы 1955 года). А Герасімаў тым часам вёў усебаковую выхаваўчую работу ў майстэрні, вывучаў індывідуальныя асаблівасці сваіх выхаванцаў. Сам пачынаў распрацоўваць сцэнарый фільма “Сямёра смелых” і прыкідваў характары і лёсы будучых персанажаў. А кандыдата на ролю кухціка Пеці Малібога рэжысёр адразу зацвердзіў: гэта будзе Алейнікаў. Пакуль жа ўзяў яго на эпізод у сваёй карціне “Ці люблю цябе?” пра жыццё студэнтаў — з Тамарай Макаравай у галоўнай ролі (стужка не захавалася). Магчыма, там, у час здымак, пачыналася маўклівае, бязмоўнае каханне юнака да жонкі Герасімава. А яшчэ Алейнікаў у канцы вучобы паспеў зняцца (зноў у ролі персанажа па мянушцы Пецька) у фільме “Сяляне” Фрыдрыха Эрмлера.

У асяроддзі сваіх сакурснікаў па аддзяленні кінематаграфіі Пётр асабліва моцна пасябраваў з равеснікам Жорам Жжонавым, які, дарэчы, пазнаёміў яго з мантажоркай “Ленфільма”, Валяй Лебедзевай — “дзяўчынай з Охты”. Заляцаўся Пётр да маладзіцы стрымана-імпэтна, настойліва, быццам бы хацеў хутчэй і назаўсёды забыць сваю першае горкае каханне да Тамары Макаравай. І хутка ажаніўся. Забраў Валю з кінастудыі, сказаў, каб яна больш не працавала, а сядзела дома. Быў вялікім раўніўцам, проста як Атэла, што часам дрэнна адбівалася на іх сямейным шчасці. Аднак жыццё пайшло на лад, калі ў 1938-м нарадзіўся першы сын Тарасік (будучы кінааператар, памёр у 2004 годзе), а пазней, у 1940-м, другі сын Коля. Праз тры гады з’явілася на свет і дачка Арына (зараз жыве ў ЗША). Але ўсё гэта потым...

А пакуль — тэхнікум. Гергій Жжонаў яшчэ да паступлення ў гэтую ўстанову зняўся ў галоўнай ролі трактарыста Пашкі Ветрава ў фільме “Памылка героя” і, канешне ж, адчуваў сябе вышэйшым на галаву сваіх “зялёных” салаг-аднакурснікаў. Але, па ўспамінах Георгія Сцяпанавіча, з ім Пеця Алейнікаў часам дзяліў не тое што кавалак хлеба, але і апошнія штаны, нібы ў тагачаснай дражнілцы: “У літоўскай шпаны на траіх адны штаны”.

Аднак аднойчы паміж імі адбылася сварка. “Мы сядзелі за сталом, гутарылі, — расказвае Жжонаў. — Але ўзнікла далікатная тэма. Пеця ж быў чалавекам найвялікшай шчодрасці, і немалая доля яго ганарараў сыходзіла на так званых сяброў, гэта значыць першых сустрэчных прайдзісветаў, вялікае мноства якіх ліплі да яго, бы мухі да мёду. Я ўзяў ды і сказаў яму, што дрэнна гэта, калі грошы сплываюць з сям’і, шкада Валянціну з дзіцём… А ён зразумеў гэта па-свойму: прыраўнаваў! Ды так запаліўся, што мы ледзь не перайшлі на кулакі… Прасіў прабачэння потым, ледзь у нагах не кленчыў: “Жорка, даруй! Ты ж мяне ведаеш…”

У снежні 1932 года з Крывеля прыйшла журботная вестка. Старэйшага брата Мікалая расстралялі кулакі з абрэза праз вакно сельскага савета. Атрымаўшы дэпешу, Пётр адразу выехаў на радзіму. Але спазніўся: пахаванне ўжо адбылося…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"