А Дзіма ў вышыванцы нарадзіўся…

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Старыя Дарогі, што вядуць у будучыню
Працягнем гаворку пра пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці, якое адбылося 30 — 31 сакавіка на Міншчыне, у тым ліку — у Старадарожскім раёне. У папярэднім артыкуле тыдзень таму гаворка вялася пра культуру Любаншчыны. Што паядноўвае культуру двух раёнаў? Не толькі суседства, але — магутныя кадры да доўгатэрміновыя адмысловыя акцыі. У чым розніца? Хіба ў тым, што Васіль Каткавец працуе ў культуры дзясяткі гадоў, а Святлана Каролька і дзясятак яшчэ не размяняла. Але маладосць — “недахоп” часовы. Тым больш, галоўны памагаты ў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Старадарожскага райвыканкама — намеснік кіраўніка рэгіёна Дзмітрый Давыдаў, які таксама мае «культурную» адукацыю. Так што тандэм гэты — паспяховы ў дасягненні пастаўленых мэтаў.

/i/content/pi/cult/583/12881/7-1.jpgТак, ідэі і праекты на Старадарожчыне, так бы мовіць, — трайной ачысткі. То бок — якасныя і карысныя для “спажывання”. Але будзем танцаваць ад печкі, а дакладней — ад галоўнай установы культуры. А гэта —

Раённы цэнтр культуры і адпачынку.

6365 квадратных метраў на трох паверхах, залы на 418 і 120 месцаў, памяшканні для гурткоў, студыя гуказапісу — не жартачкі. Кожны квадратны метр павінен працаваць, і ён працуе. Шыкоўная більярдная зала, да прыкладу, ад кожнага з платных гульнявых навюткіх сталоў (а іх — з дзясятак) дае гарантаваны грашовы прыбытак. Між іншым, якасная "більярдная" паслуга пры раённых і сельскіх клубных установах — справа не надта распаўсюджаная. Так што Старадарожчына тут — на вышыні. І не толькі тут.

Мы паслухалі гучанне мясцовых самадзейных калектываў і ўразіліся тым, як шмат на Старадарожчыне маладых і таленавітых мужчын-вакалістаў. Дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская аўтарытэтна зазначыла, што з такім кантынгентам трэба ўмець працаваць. На Старадарожчыне ўмеюць. Вельмі здзівіла і тое, што на адным з паверхаў ЦК мы знайшлі…

Гісторыка-этнаграфічны музей.

Я, прынамсі, сваю мару здзейсніў: хацеў пабачыць новы жанравы музей. У Старых Дарогах ды без гісторыі дарог? Гэтай тэматыцы (ды яшчэ з дадаткам пра гісторыю паштовай службы) і прысвечана музейная экспазіцыя. Другая называецца “Матэрыяльная і духоўная культура беларуса-сакуна пачатку мінулага стагоддзя” (замест зваротнай дзеяслоўнай часціцы -ся, тутэйшыя жыхары ўжывалі колісь часціцу -са — адсюль і назва: “сакуны”). Пад рэалізацыю двух названых праектаў мясцовыя музейшчыкі атрымалі гранты, пра якія “К” пісала ўжо.

Ёсць у музеі свой штатны паштмайстар — Іван Іванавіч, ёсць паштовая брычка і процьма іншага — не менш цікавага. Да прыкладу, дарога ў будучыню фарматам у 3D. Для мяне самае галоўнае, што ў іншым музеі такога не пабачыш. Не сустрэнеш, дарэчы, і самагонны апарат. А ў Старадарожскім музеі ён ёсць — як неад’емны складнік нематэрыяльнай культуры сакуна. Таму быць у Старых Дарогах і праігнараваць музей — недаравальна…

А ёсць яшчэ ў Цэнтры культуры месца для ДШМ, ЗАГСа, кінавідэапрадпрыемства і выставачнай залы. І тут заўжды ёсць што выстаўляць. Адзін з “пастаўшчыкоў” твораў —

Раённы цэнтр рамёстваў.

“К” пісала пра яго неаднаразова. Варта паўтарыцца. Балазе час ідзе, кірункі дзейнасці рамеснікаў удасканальваюцца. Нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж рэчку. Нельга канстатаваць, што адно і тое ж старадарожскае рамяство застыла на вечнае імгненне. І поруч з ткачыхай Марыяй Волкавай 1936 года нараджэння існуе і радуе творчай фантазіяй дырэктар РЦР Вольга Давыдкіна, што нарадзілася ў 1982-м, асвоіла ткацтва па старажытных тэхналогіях, але прыўнесла сваё, сучаснае, бачанне традыцыйнага мастацтва.

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай Шамшэня, аглядаючы ўзоры мясцовых народных промыслаў і назіраючы за майстар-класамі па ткацтве і пляценні пояса, разважаў услых: “Прыдбаў два японскія ганчарныя кругі. А дзе ганчара ўзяць? Нібыта паабяцалі выпускніка Універсітэта культуры”. Словам, кожны з нас думаў пра сваё, пакуль не патрапіў у

СЦКіД вёскі Старыя Дарогі.

Апрача горада Старыя Дарогі ёсць у раёне і аднайменная вёска, больш дакладна — аграгарадок. Мы тут з Канстанцінам Антановічам ужо бывалі, пазнаёміліся з дасведчанай ткачыхай Аляксандрай Праташчык (пры клубнай установе дзейнічае ткацкая майстэрня), даведаліся, што ёсць у яе маладзенькая вучаніца Наста.

Але ўсё ж не гэта аказалася галоўным. Калі кіраўнік клубнай установы Валянціна Спадар прэзентавала нам сумесную дзею вакальнага ансамбля “Каларыт”, аматарскіх аб’яднанняў “Гарэзы” і “Сёмушкі” (выхаванцы дзіцячага садка і школы), яны паказалі, так бы мовіць, папуры з абрадавых дзей — ад Калядаў да Пакравоў.

І справа не толькі ў тым, што, па словах Вольгі Спадар, самадзейныя артысты могуць прадэманстраваць кожны абрад ад “А” да “Я”, а яшчэ і ў тым, што ў першых шэрагах выступоўцаў кожны з нас імгненна заўважыў і гэтак жа імгненна ўпадабаў самых маленькіх артыстаў у нацыянальных касцюмах, якія вялі рэй, засяроджана і адказна. Хлопчык ў зграбных штоніках і вышыванцы, падперазанай тканым паяском выглядаў, як мужычок, што цудоўна ведае сабе цану. Раіса Вайцяхоўская не ўтрымалася і спыталася ў яго: “А завуць цябе як, хлопча?” Адказала партнёрша хлопчыка: “Гэта Дзіма, а мяне завуць Аня!”

Хтосьці заўважыў: ён нібыта нарадзіўся ў вышыванцы і, напэўна, ніколі не будзе саромецца ды цурацца беларускага. Вось гэта і акрыліла бязмежна! Згадалася выснова Васіля Каткаўца з Любані: “Мы рыхтуем правінцыйную эліту, якая задасць дыхту сталічнай”. Цалкам згодны! Праўда — у вёсцы. У далейшых пошуках яе мы наведалі і

СЦКіД вёскі Горкі.

Нас запэўнілі, што самая лепшая бульба ў Беларусі родзіць толькі тут (каларадскі жук яе баіцца) і паказалі тэатралізаваную дзею, прысвечаную другому беларускаму хлебу. Зухавата, ёміста, цікава. У ігру дарослых арганічна ўключаны дзеці.

Напэўна, самае галоўнае з убачанага — тое, што пераемнасць нацыянальных традыцый у раёне стала справай першачарговай. Дзеці вяжуць, ткуць, вырабляюць паясы, доўжаць спаконвечную традыцыю і разумеюць ужо, якая вялікая адказнасць ускладзеная на іх.

На пасяджэнні Савета намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік потым скажа, што абласную метадычную службу не скарачаць трэба. Больш актуальнае пытанне — удасканаленне яе ролі ў справе захавання і рэтрансляцыі беларускай традыцыі. А я думаў, кім будзе Дзіма, калі вырасце. Урэшце, вырашыў, якая розніца! Галоўнае, што беларусам застанецца.

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"