Камерна!

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Кафедра камернага ансамбля Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі правяла V Адкрыты кафедральны конкурс камерных ансамбляў імя заслужанага артыста БССР, прафесара Юрыя Корсака.

/i/content/pi/cult/583/12878/3-2.jpgГэты выдатны беларускі піяніст і педагог зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё ансамблевага выканальніцтва ў Беларусі. А кампетэнтнае журы конкурсу ўзначаліў загадчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна БДАМ, дацэнт Уладзімір Дулаў.

Удзельнікаў конкурсу падзялілі на дзве групы — малодшую і старэйшую. У малодшай выступалі навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, а таксама Мінскага дзяржаўнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Тут былі прадстаўлены ансамблі розных складаў — дуэты, трыа і квартэты. У старэйшай жа групе спаборнічалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Тут было дзве намінацыі — “Ансамблі (трыа і квартэты)” і “Дуэты”. У праграму конкурсных выступленняў ўвайшлі творы Гайдна, Моцарта, Бетховена, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Малера і многіх іншых. Савецкая класіка была прадстаўлена творамі Карэна Хачатурана і Віктара Касенкі. Прагучала таксама Трыа беларускага кампазітара Кіма Цесакова.

Усяго ж выступіла 35 ансамбляў. Шэсць пераможцаў, уладальнікаў першых і другіх прэмій, выступілі ў заключным канцэрце. Сярод іх — трыа і квартэт з Гімназіі-каледжа пры БДАМ, трыа з гімназіі-каледжа мастацтваў і тры ансамблі Акадэміі музыкі.

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца