Ужо 18 красавіка, у Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, гарадскія віды ўвасобяцца ў фотавернісаж, трансляцыя якога плануецца на плазменным маніторы ў фае абласной бібліятэкі. А ў верасні 2016 года архіў фатаграфій, а гэта больш за сто кадраў ад 22 аўтараў, будзе задзейнічаны ў віртуальнай экскурсіі з тлумачэннямі на англійскай мове. Мэтавая аўдыторыя — замежнікі, што жывуць у Віцебску.
Па прызнанні намесніка дырэктара ўстановы па бібліятэчнай справе Вольгі Камендантавай, імпульс пайшоў ад сектара замежнай літаратуры ўстановы, які актыўна супрацоўнічае і кантактуе з іншаземнымі студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, а таксама з дыяспарамі горада. Задача праекта — глыбока і ілюстрацыйна пераканаўча распавесці пра горад, які стаў часовым ці сталым прытулкам для гэтых людзей.
Адной з асноўных праблем падобных праектаў часцяком становіцца слабое інфармаванне патэнцыйных гледачоў. Арганізатары “Шпацыру…” паклапаціліся пра тое загадзя і размясцілі афішы з умовамі ўдзелу не толькі на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі, але і ў розных кропках горада, у тым ліку ў ВНУ.