Падзеі, факты, асобы…

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Вясна — час абуджэння. У тым ліку і карэспандэнцкага. У рэдакцыю штодня прыходзіць столькі лістоў ад нашых чытачоў, што мы (каб навіны не састарэлі) зноў выкарыстоўваем такі жанр, як агляд пісьмаў. Хоць і сцісла, але паспрабуем згадаць карэспандэнцыі пазаштатнікаў.

/i/content/pi/cult/583/12870/11-1.jpgСамымі актыўнымі пакуль застаюцца бібліятэкары. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Алена Сільваненка паведамляе, што Наваполацкая бібліятэка імя Канстанціна Сіманава “стала пераможцам абласнога этапу ў намінацыі “За навацыі” і прадстаўляе Віцебшчыну ў рэспубліканскім туры конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

“Байкі дзядзькі Кандрата” — так называўся раённы конкурс чытальнікаў, арганізаваны Столінскай ЦРБ з нагоды 120-годдзя Кандрата Крапівы. “Сярод сарака ўдзельнікаў пераможцамі сталі Аліна Ляшкевіч (вёска Рубель) і квартэт чытальнікаў з вёскі Рамель — Анжаліка Грыб, Дзмітрый Мінчук, Раман Шчучка, Наталля Грэчка”. Пра гэта напісала супрацоўніца ўстановы Надзея Стахавец.

На Свіслаччыне дзейнічае гісторыка-патрыятычны праект “Подзвіг жыве ў нашых сэрцах”. У лісце ад загадчыка аддзела маркетынгу Свіслацкай райбібліятэкі Алены Шпак пазначана, што “школьнікі-чытачы займаюцца ў бібліятэках раёна краязнаўствам, сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, бяруць удзел у вандроўках па месцах баявой славы”.

Міхась Кавалёў распавядае, што “Хатаўнянскай сельскай бібліятэцы (Рагачоўшчына) споўнілася 70 гадоў. Кіруе ўстановай Таццяна Лізунова, якая сябруе з пісьменнікамі-землякамі і папулярызуе іх творчасць. Фонд установы — больш за 10 тысяч адзінак. Карыстаюцца выданнямі амаль 300 чытачоў”.

25 гадоў споўнілася літаратурнаму альманаху Петрыкаўшчыны. Называецца ён “Жыві, мая крыніца”, піша загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Петрыкаўскай ЦРБ Аленя Сцяфняк.

З мінулага года ў Светлагорскай раённай дзіцячай бібліятэцы дзейнічае праект “КНІГАманія”. Бібліятэкар установы Валянціна Расошанка ўпэўнена, што “прыцягненне падлеткаў да чытання — справа агульная”. Да яе далучаны ці не ўсе творцы раёна, якія з тканіны, паперы, нітак, гіпсу, іншых матэрыялаў зрабілі выявы герояў дзіцячых кніг. Яны былі прадэманстраваны на выставе “Bооk-Art”. Чытачы з задавальненнем фатаграфаваліся з улюбёнымі героямі кніг.

У Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжы імя Аляксандра Пушкіна прайшоў тэматычны вечар “Няскораная крэпасць “Магілёў”, прысвечаная 75-годдзю гераічнай абароны горада ў ліпені 1941-га. Загадчык бібліятэкі Алена Кандраценка піша, што “вечар быў падрыхтаваны разам з навучэнцамі Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча. Гаворка ішла і пра гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру“, які больш за два дзясяткі гадоў ўстанаўлівае лёс ды ўвекавечвае памяць абаронцаў Магілёўшчыны. Цікава, што ў 1982 годзе ў бібліятэчным (тады яшчэ) тэхнікуме ладзілася пошукавая праца па ўстанаўленні імёнаў разведчыкаў, пахаваных у вёсцы Холстава Быхаўскага раёна”.

Бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі Наталля Матошка распавядае пра краязнаўчую дзейнасць. “У Жалудку захаваўся палац князёў Святаполк-Чацвярцінскіх, у Галавічполі — сядзіба Іваноўскіх, у Андрушоўцах — уладанні Нарбутаў. Здзіўляюць дойлідствам касцёлы ў Ішчална, Старых Васілішках, Каменцы, Васілішках, Ражанцы, цэрквы — у Астрыне, Шчучыне, Ракавічах, Першамайску, Орлі. Сюды і ладзяцца чытацкія экскурсіі”.

У Мазырскай гарадской бібліятэцы-філіяле № 7 дзейнічае клуб “Аўтограф”. Супрацоўнік установы Вольга Данілава піша, што тут праходзяць сустрэчы з цікавымі людзьмі горада. У госці да чытачоў прыйшоў малады акцёр тэатра і кіно Дзяніс Варанцоў, які ў свае 25 гадоў сыграў у 15 тэатральных пастаноўках і паўдзельнічаў у 21 кінапраекце.

Цяпер — пра нешараговы клубны праект. Дырэктар Вараб’ёвіцкага СДК-ЦТТ (Навагрудчына) Канстанцін Рэмішэўскі распавядае, што ва ўстанове праведзена “конкурсна-гульнявое шоу “Гісторыка-культурная спадчына нашага краю”. Праект прысвечаны Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцінаў, што адзначаецца 18 красавіка. У дадзеным выпадку карысным падаецца тое, што сельская ўстанова культуры выступае як рэтранслятар нацыянальных і сусветных духоўных каштоўнасцяў. Гульнявая частка мерапрыемства складалася з інтэлектуальнага спаборніцтва на веданне мясцовых культуры і гісторыі. Вучні старэйшых класаў тамтэйшай школы атрымалі задавальненне ад падзеі.

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” запланавана сёлета на 28 — 29 мая. Алена Набеева паведамляе, што “ў фестывальнай праграме — харавая асамблея, турнір нашых побытавых танцаў, рыцарскія баі, гала-канцэрт…”

Вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ Андрэй Струнчанка распавядае пра тое, што “23 сакавіка ў рамках абласнога свята “Тэатральная вясна — 2016” на сцэне Палаца культуры “Полацк-Шкловалакно” адбыўся паказ конкурснага спектакля “Гражына” паводле Адама Міцкевіча. Сваё майстэрства дэманстраваў народны тэатр гістарычнага касцюма “Полацкі звяз”. Тэатр заснаваны ў 2002 годзе, папулярызуе і прапагандуе айчынную гісторыю і культуру ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

Апошні блок інфармацый — з Наваполацка. Навучэнкі тамтэйшай ДШМ № 1 Дар’я Ізмайловіч і Ангеліна Пірог на нядаўнім адкрытым фестывалі-конкурсе фартэпіяннай музыкі ў Клецку атрымалі дыпломы другой і трэцяй ступені. 14 — 16 красавіка тут — адкрыты міждзяржаўны конкурс юных піяністаў з гарадоў-пабрацімаў Наваполацка “Музычная лілея”. Пададзена 64 заяўкі з 20 гарадоў Латвіі, Расіі, Украіны і Беларусі.

Другі год запар ДШМ імя Івана Хруцкага ўдзельнічае ў Міжнародным фестывалі-конкурсе “Аrt-panarama”. Сёлета ён адбываўся ва Усцецкім краі Чэхіі з 22 па 26 сакавіка. Навапалачане заваявалі аж пяць дыпломаў, з іх тры — першай ступені (Валерыя Смірнова, Паліна Ласякіна, Маргарыта Касцель). А Гран-пры Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Зорныя кветкі — 2016”, што праходзіў у Мінску з 31 сакавіка па 3 красавіка, атрымала ў намінацыі “Джазавы вакал” Ксенія Вашчанка — салістка эстраднай студыі “8 нота” Наваполацкага цэнтра культуры. Конкурс з’яўляецца членам Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WAF) і ладзіўся да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Ксенія атрымала сертыфікаты-запрашэнні для бясплатнага ўдзелу ў міжнародных фестывалях вакальнай музыкі для маладых выканаўцаў у Македоніі і Латвіі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"