Тройчы “к” абласных філармоній

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

На чым даводзіцца эканоміць, як займець музыкантаў на стаўку замест ПУП і чым з’яднаць калег “па нотах”?
Чым жывуць абласныя філармоніі? Якія неадкладныя ці доўгатэрміновыя праблемы ім даводзіцца вырашаць? Якой бачыцца будучыня — іх уласная і, шырэй, усяго філарманічнага руху, канцэртнай дзейнасці? Гэтыя і іншыя пытанні паўсталі ў час онлайн-канферэнцыі рэдакцыі “К”.

/i/content/pi/cult/583/12869/10-1.jpgНадзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела “К”:

— Апошнім часам сферу айчыннай культуры закранула аптымізацыя, паўплывалі і крызісныя праявы ў эканоміцы. Як у такіх умовах жывецца філармоніям? Тым больш не толькі для постсавецкай, але і для еўрапейскай, нават для ўсёй сусветнай культурнай прасторы традыцыйнымі сталі скаргі на моладзь. Не тыя, маўляў, пайшлі пакаленні: класікай не цікавяцца, кніг не чытаюць... Тыя ж бібліятэкі (за выключэннем, бадай, спецыялізаваных навуковых) пачалі ўсё больш ператварацца ў своеасаблівыя цэнтры вольнага часу, дзе ладзяцца не толькі выстаўкі, прэзентацыі, лекцыі, іншыя літаратурна-мастацкія імпрэзы, але і, да прыкладу, заняткі фітнесам, як гэта практыкуецца ў Амерыцы. А куды рухаюцца нашы філармоніі?

Віктар САКАЛОЎСКІ, мастацкі кіраўнік Гродзенскай абласной філармоніі:

— Не думаю, што гэта добрая ідэя — спалучаць у “холдынг” бібліятэку з фітнес-клубам. Дый няма ў бібліятэках тых умоў, каб праводзіць яшчэ і спартыўныя заняткі. А галоўнае — навошта? Так, рэарганізацыя патрабуецца, але зусім не абавязкова кідацца ў крайнасці. Мяркую, кожная ўстанова можа знайсці штосьці блізкае свайму профілю. Галоўнае — каб такое спалучэнне розных відаў дзейнасці працавала, у выпадку філармоній, на музыку. Іншымі словамі, узнімала б цікавасць наведвальнікаў менавіта да музыкі, і найперш — класічнай. Нам, праўда, прапаноўвалі перад рамонтам зрабіць у будынку філармоніі не фітнес, а спартыўны бар ці рэстаран, але мы вырашылі, хай лепш будзе арт-кавярня з магчымасцю правядзення прэс-канферэнцый, прэзентацый новых праграм. Да абеда там маглі б ісці дзіцячыя прадстаўленні, увечары — дарослыя. Таму папрасілі зрабіць і подыум сцэнічны, і спецыяльныя мацаванні-прыстасаванні, каб рабіць выстаўкі. Плануем адкрыць і музычны клуб, куды маглі б прыходзіць да 200 чалавек адначасова.

Таццяна КАЛТЫНАЕВА, дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі:

— Упэўнена, з вашым меркаваннем будуць згодны ўсе. Мы, да прыкладу, пачалі ладзіць “Музычныя салоны” — літаратурна-музычныя гасцёўні, дзе ствараецца антураж адпаведнага часу. Аўтар такіх праектаў — Таццяна Кавалёва. Праходзяць яны ў фае, якое мы называем Мармуровай залай. Музыка яднаецца з літаратурай, далучаюцца фільмы, дзеі надаецца нейкая сюжэтнасць, адзіная скразная лінія. Да таго ж, у іх рамках мы пачалі праводзіць балі. Справа ў тым, што наш будынак калісьці быў Домам афіцэраў, і там пастаянна ладзіліся танцавальныя вечары: людзі на іх знаёміліся, улюбляліся, далей сустракаліся, нават стваралі сямейныя пары.

Многія гэта памятаюць і неаднаразова звярталіся да нас з прапановай аднавіць тыя традыцыі. Не ведаем, ці замацуецца цяпер такая практыка, але хацелася б. У праграму баляў можна ўключаць асобныя канцэртныя нумары, спалучаць музыку з жывапісам — ідэй можа быць шмат.

Надзея БУНЦЭВІЧ:

— Штосьці падобнае, толькі больш маштабнае, штогод арганізоўвае Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі — гэта праект “Вялікі Навагодні баль у Вялікім тэатры”. Ёсць куды расці!

Таццяна КАЛТЫНАЕВА:

— Яшчэ адзін наш новы праект — “Музычныя суботы” для юных слухачоў, дзе калектывы Брэсцкай філармоніі прадстаўляюць свае творчыя праграмы. Разлічваем, што туды будуць прыходзіць усёй сям’ёй. А школьнікі атрымліваюць магчымасць схадзіць усім класам у культпаход. Марым, каб такія “… Суботы” былі і для дарослых. Запусцілі праект “Культ асобы” з Ігарам Пашэчка. Гэта гутарка з цікавымі людзьмі — значнымі персонамі Брэстчыны. На адну такую праграму — некалькі гасцей плюс музычнае аздабленне. Гледачы ж сядзяць за столікамі — штосьці накшталт кабарэ. Апошнім часам увогуле ўзняўся попыт на такія творчыя сустрэчы ў не зусім фармальнай абстаноўцы. Мерапрыемства атрымалася цікавым. Спадзяемся, што будзе запатрабаваным доўгі час.

Алена ПАДАЛЯК, дырэктар Віцебскай абласной філармоніі:

— Працягну разважаць наконт “фітнесу”: вельмі ж вы ўзрушылі гэтым пытаннем. Што ж, у крызіс можна і выстаўкі сабак у канцэртных залах праводзіць. Толькі навошта? Кожны павінен займацца сваёй справай. У рамках філарманічнага кірунку, як справядліва адзначалі мае калегі, можна знайсці яшчэ шмат не выкарыстаных магчымасцей. Можна, да прыкладу, праводзіць заняткі ў балетнай зале. А хіба ж не прыцягальна для тых, хто валодае фартэпіяна, паіграць на канцэртным раялі? Прыдумаць можна шмат чаго — і публіка адгукнецца. Бо ў яе ўяўленні філармонія павінна асацыявацца не адно з будынкам, а з унутранай сутнасцю, з папраўдзе філарманічным зместам. Інакш усе гэтыя мерыпрыемствы, скіраваныя на зараблянне грошай, канчаткова парушаць імідж установы.

Дарэчы, я не пагаджуся з тым, што цікавасць да класікі па-ранейшаму падае. Ёсць і некаторыя пазітыўныя зрухі, адчувальныя ў свеце. У нас, да прыкладу, з восені пачаўся небывалы ўсплёск цікаўнасці. І мы сочым за ім: магчыма, гэта новая тэндэнцыя? Каб яе падтрымаць, імкнемся не павышаць кошт білетаў, робім іх недарагімі. Бо разумеем, што як толькі ў людзей узнікаюць якія-небудзь фінансавыя праблемы, эканомія пачынаецца на адпачынку і забавах. Вядома, філармонія — гэта не столькі забава, колькі духоўная спажыва, але патрэбу ў апошняй трэба развіваць, бо ёсць яна, на жаль, не ва ўсіх.

Новыя формы неабходны. Але навінкі сусветных маштабаў і лакальныя, мясцовыя — гэта розныя рэчы. Каго сёння здзівіць “ноу-хау” ў выглядзе ігры салістаў з аркестрам? Але калі нядаўна наш аркестр упершыню выступіў з салістамі, гэта была знакавая падзея і для калектыва, і для ўсёй культурнай грамадскасці горада. Ёсць у нас і спробы тэатралізацыі канцэртаў, калі артысты Тэатра імя Якуба Коласа чыталі вершы. Пяць гадоў праводзім цыклы канцэртаў для будучых маці: гэты праект вельмі запатрабаваны. Традыцыяй сталі штомесяцавыя арганныя канцэрты (гэты інструмент у нас быў усталяваны ў 2007-м, і з таго часу набыў шмат сваіх прыхільнікаў). Шмат займаемся з дзецьмі і таксама бачым, як расце іх цікаўнасць. Так што не ўсё так дрэнна, як, мабыць, камусьці здаецца.

Галіна ПАЎЛЯНОК, мастацкі кіраўнік Гомельскай абласной філармоніі:

— У дні вясновых канікул у нас адбылася прэзентацыя праекта “Філармонія — дзецям”, які мы ладзім сумесна з Палацам творчасці дзяцей і моладзі “Юнацтва”, што знаходзіцца ў парку. Хочам зрабіць дзіцячыя абанементы, як гэта даўно практыкуецца ў сталічнай філармоніі. Сумесна з Карціннай галерэяй Гаўрылы Вашчанкі праводзім праект “Арт-муз” — канцэрты ў атачэнні жывапісу.

Віктар САКАЛОЎСКІ:

— Мы пачалі супрацоўніцтва з Беластокам і тамтэйшым Тэтрам оперы і філармоніяй Падляшскай. Дарэчы, там вельмі добра абапіраюцца на піяр-тэхналогіі: ёсць што пераняць.

Таццяна КАЛТЫНАЕВА:

— Пагаджуся, сумесныя праекты — вельмі перспектыўны напрамак. У нас ужо было супрацоўніцтва з музеямі і пачалося яно з “Ночы музеяў”. Будзем і надалей удзельнічаць у чымсьці падобным. Тым больш, што 19 мая спаўняецца 100 гадоў будынку, у якім змяшчаецца зараз наша філармонія, на 2016-ы прыпадае і 30-годдзе самой філармоніі. Хацелася б узгадаць гістарычнае мінулае, таму вельмі разлічваем на дапамогу музейных супрацоўнікаў. Думаем і пра малодшае пакаленне. Раз на год сумесна са школамі мастацтваў праводзім праект “Дзеці іграюць класіку”, куды ўключаем выступленні лепшых навучэнцаў школ вобласці.

Святлана ЕФІМУК, мастацкі кіраўнік Магілёўскай абласной філармоніі:

— Упэўнена, у кожнага ёсць свой уласны багаты патэнцыял. Чаму выключна ноу-хау? Новыя праграмы мясцовых салістаў і калектываў могуць быць не менш прыцягальнымі для публікі. Далучыце сюды яшчэ і фестывальны рух, які існуе сёння ў кожным рэгіёне. Усім гэтым трэба ўмець карыстацца! У нас, напрыклад, стала традыцыяй праводзіць “Магілёўскую музычную вясну”. Наша філармонія — адзін з арганізатараў і штогадовых удзельнікаў рэспубліканскага свята “Александрыя збірае сяброў”. Прадзюсарскі цэнтр “Прыступкі”, што працуе на базе ўстановы, з лютага праводзіць адборачныя рэгіянальныя туры дзіцячага эстраднага праекта “Супер-артыст”, фінал з выступленнем пераможцаў — у маі. Прапануе свой праект і студыя класічнага вакалу — “Залатыя старонкі вакальнай музыкі”.

А колькі цікавага ў салістаў! Да 1-га красавіка Павел Усовіч падрыхтаваў аўтарскі праект “Артысты жартуюць” з удзелам не толькі калег-музыкантаў, але і акцёраў нашага драмтэатра, тэатра лялек. Увосень ён жа выйдзе на сцэне з праграмай “Андрэй Міронаў. Жыццё працягваецца…”. У Магілёве і Бабруйску запланаваны сольнік “Песні Перамогі” пераможцы другога сезона расійскага тэлеконкурсу “Голас” Сяргея Валчкова — выхадца з Быхава. Спяваць ён будзе са славутым калектывам — аркестрам народных інструментаў імя Леаніда Іванова, у якога таксама шмат уласных праектаў, у тым ліку гастрольных, замежных. Сольныя вечары прадставяць і лаўрэат міжнародных конкурсаў Алекша Чорны, і вядучы майстар сцэны Вольга Гарнічар, якая на падрыхтоўку праграмы “Я часцінка маёй Беларусі” атрымала грант Прэзідэнта нашай краіны. Знамянальнымі падзеямі стануць юбілеі нашых калектываў. Турам “Чвэрць стагоддзя — як імгненне” адсвяткуе 25-годдзе наша “Барыня” — першы і старэйшы на Магілёўшчыне прафесійны ансамбль народных інструментаў, а пад маркай канцэрта “Беларусь — мая бацькаўшчына” пройдзе 30-годдзе нашага ансамбля песні і танца “Медуніца”.

Галіна ПАЎЛЯНОК:

— У нас таксама сёлета ёсць юбіляры: эстрадна-сімфанічны аркестр і інструментальнае трыа “Лірыца” — абодвум па 20 гадоў. Летась 35 споўнілася нашаму хору — дарэчы, першаму ў рэспубліцы камернаму складу. А ў 2017-м — 50-годдзе ўсёй філармоніі. Любыя даты — цудоўная інфармацыйная нагода для стасункаў са СМІ, прыцягнення да сябе грамадскай увагі. Гэта трэба выкарыстоўваць. Да 95-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна я давала канцэрт на ягонай радзіме ў Добрушскім раёне. Да 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна праграму падрыхтаваў прадзюсарскі цэнтр нашай філармоніі “ARTbiz”. Наперадзе — 125-годдзе Максіма Багдановіча, а на ягоныя вершы напісана процьма песень ды рамансаў. Беларускай музыкі мы ўвогуле шмат выконваем, ствараем і асобныя беларускія праграмы, і тэматычныя.

Алена ПАДАЛЯК:

— Калі закранаць “планаў грамаддзё”, дык мы думаем пра адкрытую пляцоўку. Так, у нас ужо неаднаразова ладзіліся імпрэзы ва ўнутраным дворыку, на вольным паветры. Таму цяпер марым пра пляцоўку за філармоніяй, яна большая па сваіх памерах. Увогуле ж, такія канцэрты можна лічыць традыцыяй, якую стагоддзе таму пачынаў закладаць дырыжор Мікалай Малько. Узначальваючы Віцебскую народную кансерваторыю, адкрытую ў 1918 годзе (цяпер гэта Музычны каледж імя Івана Салярцінскага), ён кіраваў аркестрам і ладзіў такія выступленні.

Галіна ПАЎЛЯНОК:

— Канцэрты ў фармаце open air, як іх называюць у замежжы, — гэта крок насустрач публіцы. Усе, пэўна, заўважалі, што ледзь увесну ўсталёўваецца цёплае надвор’е, патэнцыйныя слухачы замест канцэртаў накіроўваюцца ў паркі, скверы, на ўлонне прыроды. Я даўно ўжо мару пра летні фестываль “Музычныя вечары над Сожам”, неаднаразова выказвала гэту думку, у тым ліку і праз вашае выданне. Такі фестываль (працягласцю, лічу, дзён на дзесяць) мог бы сабраць музыкантаў сусветнага ўзроўню, прапанаваць слухачам усё суквецце музычных жанраў, шэдэўры айчыннай і замежнай музыкі. І ўсё гэта — на берагах Сожа, непадалёк ад Палаца Румянцавых-Паскевічаў, што дадаткова прыцягнула б і турыстаў.

Віктар САКАЛОЎСКІ:

— Для нас канцэрты на адкрытым паветры — яшчэ і вымушаная неабходнасць. Пакуль ідзе рамонт будынка, нашы магчымасці вельмі абмежаваныя, бо любая арэнда залаў заўважна ўплывае на каштарыс. У такіх умовах цяжка бывае і рэпеціраваць. Але ў нас склаліся сяброўскія стасункі з музычным каледжам — праводзім канцэрты там. І развіваем свае канцэрты ў фармаце open air: той жа фестываль “Grodno Jazz” (а летась ён быў юбілейны, дзесяты) праходзіць на адкрытым паветры — традыцыйна ў апошнія выхадныя чэрвеня. Для гэтага ў нас ёсць мабільны сцэнічны комплекс, і фестывалі гэткага кшталту плануем пашыраць. Разам з Дзяржаўным ансамблем “Песняры” задумалі этнафэст, які будзе ладзіцца рэгулярна, але штораз на новым месцы, ахопліваючы розныя рэгіёны. Дый цяпер у нас фестываляў багата. Ёсць і “Mirum Music Festival”, і “GolorFest”, скіраваны на актуальных маладых выканаўцаў. Ёсць у нас і “Філарманічная восень” — гэта тыдзень прэм’ер тых новых праграм, што падрыхтавалі нашы артысты (у тым ліку, разам з запрошанымі гасцямі). Летась быў таксама праект “Праз войны ўсе”, з якім мы за чэрвень — жнівень аб’ехалі мноства гарадоў, завіталі ва ўсе раёны вобласці. Паводле прафесіі я рэжысёр і добра разумею сучаснае мысленне людзей. Ім ужо мала проста слухаць — хочацца яшчэ і глядзець! А значыць, без тэатралізацыі не абысціся. Вось і ў гэтай канцэртнай праграме аснову, вядома, складаў музычны матэрыял — песні ваенных гадоў, пазнейшыя творы, прысвечаныя гэтай тэме (былі, дарэчы, і творы гродзенскіх аўтараў, у тым ліку — галоўнага дырыжора эстрадна-сімфанічнага аркестра Барыса Мягкова). Але далучаліся і вершы, і мультымедыйная праекцыя. Разам з аркестрам удзельнічалі 12 салістаў, былі пашыты новыя касцюмы. Не дзіва, што праграма карысталася ў публікі поспехам. Так што гэтыя тры напрамкі: канцэрты, фестывалі, конкурсы — застаюцца для нашай філармоніі асноўнымі, нягледзячы на рамонт.

Галіна ПАЎЛЯНОК:

— У нас увогуле няма сваёй залы, затое ёсць магчымасць выступаць ва ўсіх, з якімі дамовімся. Таму ладзім канцэрты паўсюль — ад абласнога грамадска-культурнага цэнтра да Палаца Румянцавых і Паскевічаў, а таксама там, дзе ёсць для гэтага хаця б якіясьці ўмовы: у дзіцячых садах, школах, шпіталях. Хаця, калі так падумаць, гэта проста нонсэнс: філармонія існуе ўжо амаль паўстагоддзя, а ўласнай канцэртнай залы і дагэтуль не мае. І гэта пры тым, што любая іншая ўстанова яшчэ на этапе праектавання прадугледжвае наяўнасць сваёй залы. Таму думаем на базе школ мастацтваў рабіць гэткія музычна-культурныя цэнтры. Канцэрты там і зараз ладзяцца, але сувязь з філармоніяй, з артыстамі павінна быць няспыннай, бо ў такім супрацоўніцтве не абысціся без сістэматычнасці. У гэтым сэнсе прыкладам можа служыць дзейнасць Вялікага тэатра Беларусі па адкрыцці ў абласных цэнтрах сваіх філіялаў. У Гомелі такі філіял знайшоў прапіску ў Палацы культуры чыгуначнікаў: там рэгулярна паказваюць прывезеныя з Мінска спектаклі — оперы і балеты. Дзякуй вялікі тэатру за такую ініцыятыву!

Надзея БУНЦЭВІЧ:

— Мы неяк спакваля перайшлі да ініцыятыў — і гэта, мяркую, слушна. Але гэта не значыць, што праблем ва ўстановах не існуе. Бо гэта, здараецца, і нерэальныя планы, і прагалы ў матэрыяльнай базе: чагосьці не хапае, штосьці састарэла. Пэўна, адчувальнымі бываюць і кадравыя пытанні, бо многія моцныя прафесіяналы імкнуцца, прынамсі, у сталіцу.

Святлана ЕФІМУК:

— З даведзенымі да нас паказчыкамі мы спраўляемся, яшчэ і перавыконваем планы. За мінулы год прыбыткі ад ажыццяўлення культурнай дзейнасці склалі больш за 126 %. Прычым уласныя калектывы перавыканалі план па прыбытках ледзь не ўтрая — на 274, 5 %. План па колькасці канцэртаў, у тым ліку праведзеных уласнымі калектывамі, выкананы больш як на 122 %. Па колькасці гледачоў — амаль на 105 %.

Віктар САКАЛОЎСКІ:

— Але ж у вас планы іншыя! А ў нас — самыя, бадай, вялікія па ўсёй рэспубліцы. Як, скажыце, мы можам даць 1144 канцэрты за год? Працоўных дзён пры гэтым — 255, а з улікам адпачынку — яшчэ меней. Дык што, па пяць канцэртаў на дзень атрымліваецца? Пры тым, што будынак ужо чацвёрты год на рэканструкцыі…

Святлана ЕФІМУК:

— У нас таксама ёсць пытанне з залай: хадайнічаем перад Міністэрствам культуры, каб нам перадалі канцэртную залу з грымёркамі ад Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Бо ўласная канцэртная зала, безумоўна, зможа пашырыць кірункі дзейнасці, створыць умовы для далейшага прафесійнага росту нашых калектываў і выканаўцаў — цяперашніх і новых.

Віктар САКАЛОЎСКІ:

— Наконт новых: летась мы прынялі 16 маладых спецыялістаў — выпускнікоў Універсітэта культуры і мастацтваў, Акадэміі музыкі, профільных каледжаў, у тым ліку з Наваполацка і Ліды. Ім ёсць на каго раўняцца: год таму двое артыстаў-інструменталістаў музычнага тэатра нашай філармоніі прывезлі тры першыя прэміі з VII Міжнароднага фестываля-конкурса “Зоркі Парыжа”: цымбалістка Людміла Столяр і баяніст Цімафей Сідарчук перамаглі і як дуэт, і як салісты. Але ж як давесці да публікі, што нашы — лепш за многіх замежных? Адной інфармацыі на сайце недастаткова.

У зале, калі яе адрамантуюць, будзе 1300 месцаў. І нам важна, каб публіка прыходзіла не толькі на расійскіх зорак, але і на нашы праекты. Значыць, яе трэба пераканаць, што ў нас — добрая якасць. Таму паралельна з рэканструкцыяй памяшкання трэба зрабіць “рэканструкцыю” калектыва. Хацелася б унутры філармоніі мець яшчэ і дзіцячую філармонію. Яна пакуль, што называецца, існуе на паперы, бо чакаем адкрыцця залы. Але ўжо цяпер дзіцячыя спектаклі (музычна-цыркавыя, музычна-лялечныя, па правілах дарожнага руху ды іншыя) дазваляюць рабіць план.

Таццяна КАЛТЫНАЕВА:

— Як і любая канцэртна-відовішчная арганізацыя, мы павінны прапагандаваць лепшыя ўзоры мастацтва, ахопліваючы ўсе стылі і жанры, чым мы і займаемся. Свае калектывы — гэта імідж філармоніі, у іх павінен быць вельмі высокі ўзровень. Калектыў паступова абнаўляецца: прыбываюць новыя творчыя спецыялісты, ствараюцца новыя калектывы, аднавілі каманду, што працуе на нябачным фронце: рэкламны, адміністратыўны, тэхнічны аддзелы — там сабраліся сапраўдныя энтузіясты. Ну, а планаў — іх у кожнага безліч.

Алена ПАДАЛЯК:

— Дый марыць не забаронена. Хацелася б, каб у тым жа нашым сімфанічным аркестры музыканты працавалі на поўную стаўку, а не па сумяшчальніцтве. А для гэтага трэба ўзняць заробкі, вярнуць прэстыж прафесіі. Сёння важна, каб маладыя таленты прыходзілі ў філармонію на сталае месца, а не стваралі свае ПУП — прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Бо шкада ж бывае: вучыліся-вучыліся з самага дзяцінства (некаторыя — яшчэ з дашкольнага ўзросту), а пракарміць сябе не могуць. Тое ж і ў самой філармоніі — даводзіцца эканоміць: лямпы — добра, купім новыя, а з касцюмамі — пачакаем.

Галіна ПАЎЛЯНОК:

— Што б там ні казалі пра фінансаванне, самі мы гэта не вырашым. А наша галоўная праблема на сёння — раз’яднанасць. Нават унутры аднаго горада! У нашай філармоніі ёсць эстрадна-сімфанічны і камерны аркестры. Але ж існуе яшчэ Гомельскі гарадскі сімфанічны аркестр. І тыя ж “… Вечары над Сожам”, пры якія я казала, лагічна ладзіць сумесна. Але аркестр у час, калі назіраецца найбольшы наплыў турыстаў, звычайна сыходзіць у адпачынак.

Яшчэ большая раз’яднанасць паміж самімі абласнымі філармоніямі. Пры ўсёй, здавалася б, цяперашняй даступнасці інфармацыі, мы не ведаем, што ў іх робіцца (куды лепей, здараецца, ведаем, што робіцца ў замежжы, а не ўнутры зусім не вялікай па памерах краіне). Мы не знаёмы, па вялікім рахунку, са сваімі калегамі — хіба што бачым адно аднаго на пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры... А між тым у мастацтве, у адрозненне ад вытворчасці, куды больш важныя асабістыя стасункі — з іх і пачынаюцца часцей за ўсё цікавыя сумесныя праекты. Таму дзякуй вялікі, што вы нас сабралі, хай і віртуальна — хаця б пачытаем, хто што распавёў. Ну, а надалей — чаму б не наладзіць, да прыкладу, трывалыя творчыя абмены паміж абласнымі філармоніямі? Усе кпяць, што няма, маўляў, грошай, і з-за гэтага ўсе праблемы. Так, няма — гэта аб’ектыўная рэальнасць. Але мастацтва цікавае яшчэ і тым, што нейкая абмежаванасць, паўстаўшы перад творцамі, можа справакаць дадатковы імпульс, нарадзіць тую ідэю, якая ў звычайных абставінах і не прыйшла б у галаву. Дык давайце сустракацца, абменьвацца здабыткамі — у выйгрышы будуць усе!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"