“Нясвіжу” — “Еўропа Ностра-2016”

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” атрымаў прыз “Еўропа Ностра-2016” у катэгорыі “Адданая служба”. 7 красавіка пра гэта абвясціла аднайменная вядучая еўрапейская арганізацыя ў галіне спадчыны.

/i/content/pi/cult/582/12853/3-1.jpgПрыз гэты прысуджаецца за выдатныя дасягненні ў еўрапейскіх краінах, якія не прымаюць удзел у праграме Еўрасаюза “Крэатыўная Еўропа”. Журы прэміі было “ўражана манументальнай працай, якая была праведзена Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж” па стварэнні музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў усяго за некалькі кароткіх месяцаў. Аднаўленне аб’екта і стварэнне музея не было лёгкай задачай, прымаючы пад увагу адносную аддаленасць аб’екта ад буйных гарадоў і сталіцы, а таксама пашкоджанні і занядбанасць, ад якіх палац пакутаваў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Здольнасць музея падтрымліваць цікавасць грамадскасці і выдатная лічба 400 тысяч наведвальнікаў штогод таксама заслугоўваюць узнагароды”. Стварэнне музея было буйным праектам, які ўключаў у сябе ўладкаванне трыццаці экспазіцыйных залаў і фонды, якія захоўваюць 20 тысяч прадметаў.

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” арганізуе і праводзіць 10 — 14 выстаў штогод, уключаючы міжнародныя, некаторыя з іх арганізуюцца ў супрацоўніцтве з буйнымі сусветнымі музеямі. Аднаўленне, адкрыццё музея для публікі і намаганні, якія былі прыкладзены для атрымання міжнароднага прызнання ў культурным сектары, прынеслі значную карысць дадзенаму рэгіёну. Гэта стала магчымым дзякуючы стабільна якаснай працы музейшчыкаў.

Адметна, што музей знайшоў агульную мову з Радзівіламі — нашчадкамі папярэдніх уладальнікаў палаца, якім належыў і горад Нясвіж з пачатку XVI стагоддзя. Умацаванне ўзаемапаразумення дазволіла супрацоўнікам музея атрымаць доступ да калекцый Радзівілаў, тым самым узмацняючы ўражанні наведвальнікаў ад гэтага элегантнага замка і пацвярджаючы, што яго багатая гісторыя захоўваецца ў адпаведнасці з яе кантэкстам.

Журы прызнае адказнасць, з якой музей-запаведнік “Нясвіж” адносіцца да складанага мінулага палаца. “Супрацоўнікі музея саслужылі вялікую службу сваёй установе, натхняючыся спадчынай роду Радзівілаў. Павага, якую яны выказваюць Радзівілам праз амаль сотню гадоў пасля іх выгнання з роднага дома, цудоўная, яна паказвае, наколькі моцныя Еўрапейскія культурныя карані роду ў гэтай частцы свету. Супрацоўнікі музея-запаведніка выйшлі далёка за рамкі сваіх абавязкаў, і, дзякуючы гэтаму, яны могуць быць прыведзены ў прыклад іншым работнікам гэтай сферы”, — адзначыла журы.

Гэта ўжо другі выпадак прысуджэння ўзнагароды “Еўропа Ностра” праекту з Беларусі. Аднаўленне і рэстаўрацыя Мірскага замка адзначана прызам у 1993 годзе.

Музей-запаведнік “Нясвіж” разам з астатнімі лаўрэатамі прыза будзе ўзнагароджаны на цырымоніі, якая адбудзецца 24 мая ў гістарычным Тэатры “Сарсуэла” ў іспанскім Мадрыдзе. Славуты оперны спявак і прэзідэнт “Еўропа Ностра” Пласіда Дамінга стане савядучым цырымоніі ўзнагароджання. Нясвіжцы сярод іншых пераможцаў таксама прадставяць свае дасягненні на спецыяльнай цырымоніі ў штаб-кватэры Каралеўскай школы архітэктуры ў Мадрыдзе, а таксама паўдзельнічаюць у мерапрыемствах у рамках “Еўрапейскага кангрэса спадчыны” 22 — 27 мая.