Канвертацыя вольнага часу

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст
Чым адрозніваецца бібліятэчны стэлаж на вуліцы Магілёва ў Дзень горада ад фартэпіяна на месцы тэракту ў Парыжы? У адным выпадку абмяркоўваецца кніжная серыя, у іншым граюць “Бітлз”. Але, па сутнасці, розніцы няма: у прастору горада выносяцца эмоцыі, праз агульнае перажыванне інтэрпрэтуецца свята ці боль.

/i/content/pi/cult/582/12845/5-4.jpgІ вельмі важна, што ўзаемадзеянне розных гарадскіх супольнасцяў адбываецца на мове культуры. Кніга або музыка дапамагаюць людзям зразумець адзін аднаго — не праблема парковак, не спорт і не аплата камунальных паслуг. Культура ў вулічнай прасторы — шырокае поле, і тут шмат чаго “расце”: стрыт-арт, кава на вынас… Альбо — веласіпедны рух… У горадзе ён увайшоў у моду — выдатна! А ў правінцыі з моды і не выходзіў як надзённая патрэба. У гарадах ёсць яшчэ астраўкі зеляніны без назвы, вынаходлівая рэклама і дызайн, турыстычныя ўказальнікі. Усё гэта ўжо ці перспектыўна можа працаваць на культуру.

І ўсё гэта — пра гарадскую ідэнтычнасць, культурную мадэль. Усё залежыць ад таго, якім бачыце свой горад. Ёсць гарады-заводы, ёсць тыя, каго падпарадкавалі сабе яшчэ савецкія ідэалагічныя канструкты. Хочацца верыць, што хтосьці прыняў на сябе задачу горада-сада, напрыклад, маленькі курортны Браслаў. І дакладна ёсць гарады навукі ці забавак. Вось хаця б Лас-Вегас.

Мы вымяраем гэтыя мадэлі па шкале камфорту, што насамрэч ёсць якасць культуры. На вуліцы сапраўды выходзяць музыкі і акцёры — здаўна і амаль паўсюдна. Самыя сучасныя светлавыя інсталяцыі я бачыла на вуліцах Старога горада ў Ерусаліме — мастакі па святле працавалі з праекцыямі проста на старажытных сценах. Паколькі Стары горад належыць чатыром канфесіям, маршрут фестывалю святла праходзіў па чатырох сектарах: хрысціянскім, армянскім, яўрэйскім і мусульманскім. Тэрыторыя даволі вялікая, але ідэя ў тым, каб зрабіць нават Ерусалім, горад-рэлігію, адкрытым для дэмакратычнай, свабоднай культуры. Па-над усімі бар’ерамi. Так, вядома, для спецыялістаў правялі міжнародную канферэнцыю дырэктараў аналагічных фестываляў і яшчэ цэлы шэраг прафесійных мерапрыемстваў — гэта ў парадку рэчаў. Але вуліцы, вуліцы, якім больш за 3 тысячы гадоў, на некалькі дзён, а больш дакладна — начэй, змяніліся зусім... І гэта была высокая культура.

Таму калі на вуліцы выходзяць кнігі, тэатр, мода, танец, народныя рамёствы, калі там чутна музыка, гэта лепшае сведчанне таго, што горад жывы і лаяльны для сваіх насельнікаў. Урбаністы лічаць гэта сацыяльным капіталам, праявай даверу паміж грамадствам і ўладай, усімі адміністрацыйнымі структурамі.

Больш за тое, з пункту гледжання сацыёлагаў вольнага часу ў гараджан становіцца ўсё больш — гэта дасягненне сучаснай цывілізацыі, той бонус, які чалавек атрымлівае ў выніку эфектыўнай працы. І тое, у што канвертуецца гэты вольны час, можа стаць прасторай для дыскусій у будучыні. Уласна, і ў сучаснасці прыкладаў антаганізму дастаткова — ва ўмовах адсутнасці культуры як сферы супрацоўніцтва розных сацыяльных практык. У гэтым кантэксце культура — працэс жывы, але прынцыповы, частка жыцця вуліцы, яе камунікацыя і стрыжань.