Рэальны прыбытак “гарачых гадзін”

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Бясплатны сыр, як вядома, бывае толькі ў пастцы. Але ж не заўсёды і не ўсюды. Вось, скажам, у Мінску на гэтым тыдні можна было бясплатна схадзіць на паказ амерыканскага дакументальнага кіно ў кінатэатры “Перамога” ці завітаць на выставу “Праца адным кадрам”, дзе дэманстраваліся каля 60 міні-фільмаў працягласцю ў дзве хвіліны.

/i/content/pi/cult/582/12841/4-22.jpgТрэба сказаць, што падобная практыка бясплатных культурных мерапрыемстваў у сталіцы даволі распаўсюджаная. Напрыклад, 14 красавіка кожны жыхар ці госць Мінска можа пры ахвоце завітаць на творчы вечар з рэжысёрам Карын Брэк, а 27 красавіка наведаць за “дзякуй” асноўную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея. А вось у рэгіёнах падобным “бясплатным” наведваннем самых розных культурных мерапрыемстваў пахваліцца можа далёка не кожная ўстанова культуры. Мабыць, выключэнне тут — музеі. Прычына — навідавоку: выкананне планаў платных паслуг, што вымагае ад культработнікаў адкідаць у бок мары пра “бясплатнасць” сваіх мерапрыемстваў або патрабуе ад іх пошуку спонсара ці мецэната, каб зладзіць у раёне цікавую акцыю без уваходнай платы для наведвальнікаў.

Між тым, на выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі, якое адбылося ў пачатку лютага ў Маладзечна, віцэ-прэм’ер Наталля Качанава звярнула ўвагу на дні бясплатнага наведвання ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і выказала прапанову абмеркаваць увядзенне ў айчынных музеях “гарачых гадзін”, калі кошт білета будзе значна зніжаны. Паводле меркавання намесніка старшыні беларускага Урада, нашмат лепш, калі ў музеі ёсць наведвальнікі, якія заплацілі хай і не поўны кошт за білет, чым тая сітуацыя, калі ўстанова культуры ўвогуле пустуе.

Да слова, у згадваным мной шматкроць Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў любы ахвотны сёння можа ў кожную першую сераду месяца наведаць установу культуры абсалютна бясплатна. Але, як кажа кіраўнік музея Надзея Дударонак, усё адно людзі прыходзяць зазвычай па выхадных, таму вялікага наплыву наведвальнікаў у “бясплатныя” дні яе супрацоўнікі не адчуваюць. Цікава, што днямі музейшчыкі ўвялі ў сваёй установе новую паслугу: той “захаджанін”, які купляе білет адразу ў два музеі раённага аб’яднання, атрымлівае значную зніжку.

Як кажа дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзінара Харошка, у іх бясплатнае наведванне прадугледжана ў апошнюю пятніцу месяца. Праўда, гэтак жа, як і ў Браславе, асабліва ўзрослай плыні наведвальнікаў музейшчыкі ў гэты дзень не адчуваюць. Што да зніжак на білеты, дык пра гэта ў Дзятлаве пакуль не думалі, бо заклапочаны выкананнем плана платных паслуг: ён на гэты год павялічыўся з 34 да 36 мільёнаў рублёў. Таму цяпер некаторыя мерапрыемствы, якія раней ладзіліся ў музеі бясплатна, будуць з гэтага года мець хай і невялікі, але цалкам рэальны фінансавы кошт.

А ў Чачэрску Гомельскай вобласці, як патлумачыла дырэктар мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея Наталля Аляксеева, бясплатнымі для школьнікаў з’яўляюцца так званыя “культурныя суботы” — у гэтыя дні падлеткі могуць завітаць ва ўстанову культуры без уваходнага білета, — ды ўсе дні школьных канікул. Як кажа кіраўнік музея, у “безбілетны” час наведвальнікаў у музеі значна больш, чым звычайна. Таму ўвядзенне прапанаваных мной “гарачых гадзін” суразмоўца ўспрыняла з цікавасцю ды абяцала над гэтым падумаць…

Да слова, сёння за ўваход у раённыя музеі Беларусі трэба аддаваць зусім малыя, — калі не казаць “смешныя”, — грошы. Скажам, наведванне музея ў Дзятлаве пацягне на 5 тысяч рублёў, завітаць на выставу ў музей Браслава можна за 5 тысяч 900 рублёў, а паход ва ўстанову культуры ў Чачэрску “аблегчыць” партманэ турыста на 10 тысяч. Таму казаць пра тое, што айчынныя музеі “пужаюць” наведвальнікаў сваім коштам на білеты, не выпадае. Справа тут, мабыць, у іншым: не кожны жыхар ці госць раённага цэнтра Беларусі захоча сёння ісці ў музей, каб глядзець там на звыклыя экспазіцыі, нават за “дзякуй” і “калі ласка”. Вось таму і патрэбны зменныя выставы, зніжкі для групавых турыстаў, сямейных пар, пенсіянераў, бясплатныя наведванні майстар-класаў ці вясельных абрадаў ды тыя самыя “гарачыя гадзіны” для наведвальнікаў… Усё дзеля таго, каб больш і больш людзей маглі даведацца і ўбачыць, што ж гэта такое — раённы музей, чым ён жыве і “дыхае”, — а не купляць, што называецца, “ката ў мяху”, нават за мізэрныя грошы… А ўжо пасля, так бы мовіць, “бясплатнага” доказу свайго прафесіяналізму, можна падумаць і пра ўвядзенне асобнай платы за ўваход на тую ці іншую музейную акцыю ды мерапрыемства… Зацікаўлены бясплатным музейным крэатывам, турыст абавязкова захоча прыйсці і на платнае мерапрыемства. Хай сабе і ў “гарачыя” музейныя гадзіны...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"