Ад “Крыку 229А” да хору Дубры

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Пасля падпісання ў 2013-м дамовы аб супрацоўніцтве, педагогі і студэнты беларускай і латвійскай акадэмій музыкі атрымалі магчымасць абмену вопытам. Год таму ў Рызе адбылося выступленне студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і канцэрт яе сімфанічнага аркестра “Маладая Беларусь”. Цяпер адбыўся візіт у адказ.

/i/content/pi/cult/582/12840/13-1.jpg29 сакавіка ў зале БДАМ з поспехам выступіў Рыжскі квартэт саксафаністаў. У складзе гэтага ансамбля, сфапміраванага ў 1992-м, Арціс Сiманiс (альт; заснавальнік і нязменны мастацкі кіраўнік, рэктар Латвійскай акадэміі музыкі імя Язэпа Вітола, прафесар), Катрына Кiвленiеце (сапрана), Айнарс Шаблоўскiс (тэнар), Байба Цiлхена (барытон), партыю фартэпіяна выконвала прафесар Херта Хансэна. Пра калектыў гавораць як пра новую эру акадэмічнай саксафоннай музыкі ў Латвіі. Вядома, склад квартэта неаднаразова мяняўся, але Сiманiс нязменна ажыццяўляе ў ім свае творчыя ідэі. Складнікі ягонага імпэту — бліскучая музычная адукацыя, якую ён удасканальваў у Латвіі, Расіі, Даніі, Францыі, Швецыі, Германіі, цікавасць да музыкі розных кірункаў, а таксама выступы ў Джаз-аркестры латвійскага радыё, з рок-гуртом Піта Андэрсана, з Латвійскім нацыянальным сімфанічным і Рыжскім фестывальным аркестрам, саліраванне ў Латвійскім філарманічным камерным аркестры і ў Дацкім квартэце саксафаністаў... Калектыў Сiманiса выступае не толькі ў Латвіі, але і ў краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі.

У Мінску квартэт выканаў уверцюру з сюіты “Песня і танец” амерыканца Карлтана Мейса. Англійская музыка была прадстаўлена творам з незвычайнай назвай “Крык 229А” Джэя Катлера (справа ў тым, што аўтар некаторы час жыў у Варшаве ў кватэры пад нумарам 229А). Цікавы погляд японца Джуна Нагана на “Поры года” Антоніа Вівальдзі, дзе ў сучасную музыку дадаюцца цытаты з “Вясны” вялікага італьянца.

Падчас гастроляў квартэта не спыняецца і пошук новага рэпертуару. Так, у мінскім канцэрце выконваліся 2 часткі з сюіты “Гарады”, напісанай спецыяльна для калектыву італьянскім кампазітарам Гулерма Лага. Гэта — “Сараева” і “Адыс-Абеба”. Тут каларытна перададзеныя інтанацыі і рытмы гэтых гарадоў. Былі выкананы і два сачыненні партугальскага кампазітара Пэдра Іттуральдэ — “Грэчаская сюіта” і “Успамін” (Трыпціх для квартэта саксафонаў і фартэпіяна). У першым з іх музыканты здолелі вельмі ярка раскрыць грэчаскі песенны і танцавальны каларыт, а ў другім паказаць музычныя замалёўкі Лісабона, Алжыра і Касабланкі.

З музыкі латвійскіх аўтараў віртуозна выканана кампазіцыя Рыхардса Дубры “Ацалялі дождж” і Цыкл для фартэпіяна і квартэта саксафонаў “На беразе Паўночнага Відземе” прадстаўніка старэйшага пакалення тамтэйшай кампазітарскай школы Георга Пелецiса. У гэтым цыкле з чатырох частак раскрываюцца музычныя карціны, якія апісваюць адметнасць маленькіх латвійскіх гарадоў і мястэчак. Гэта — канцэрт у Куйвiжах, дзе звычайна праходзяць музычныя фестывалі, ахвярныя пячоры продкаў сучасных латышоў — ліваў у Светупе (Святы ракі), пашы ў Айнажы і рэстаранчык “У боцмана” ў Салацгрыве, дзе папіваюць піва маракі, якія вярнуліся з марской рыбнай лоўлі. (Дарэчы, усе музыканты квартэта па чарзе ў час канцэрта давалі анатацыі да музыкі, раскрывалі ў іх змест, гісторыю стварэння твора.)

На працягу двух дзён латвійцы давалі майстар-класы для студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З’явілася новая ідэя: у перспектыве правесці ў Мінску семінар для педагогаў дзіцячых музычных школ і сярэдніх спецыяльных музычных навучальных устаноў, дзе будуць закрануты пытанні пастаноўкі iгравога апарата саксафаніста, гуказдабыцця і развіцця тэхнікі. Арціс Сiманiс сказаў таксама, што ён плануе выступіць напрыканцы чэрвеня ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі з сольным канцэртам у суправаджэнні органа.

Госцем акадэміі стаў і Раманс Ванагс, прафесар дырыжорскай кафедры Латвійскай акадэміі. Доўгі час ён з’яўляецца адным з галоўных дырыжораў Уселатвійскага свята песні і Маладзёжнага свята песні ў сваёй краіне, а таксама працуе ў якасці старшыні Нацыянальнай камісіі пры UNESCO па справах гэтых імпрэз, з’яўляецца сябрам Рады арганізацыі Сусветнай харавой алімпіяды.

У Мінску Ванагс выступіў перад педагогамі і студэнтамі Акадэміі музыкі з лекцыяй “Стан харавога мастацтва ў Латвіі, новыя напрамкі і творчыя магчымасці”. А 2 красавіка прыняў удзел у філарманічным канцэрце лаўрэата міжнародных конкурсаў студэнцкага хору БДАМ у Белдзярфілармоніі ў рамках Міжнароднага форуму маладых музыкаў “Мінская вясна-2016”, прымеркаванага да 80-годдзя Белдзяржфілармоніі, і ў рамках творчага праекта “Харавыя старонкі ХХ стагоддзя”. Ідэя апошняга належыць мастацкаму кіраўніку і дырыжору хора, дацэнту, загадчыку кафедры харавога дырыжыравання БДАМ Інэсе Бадзяка і мае на мэце знаёмства з культурай розных народаў праз пагружэнне ў нацыянальныя музычныя інтанацыі і розныя мовы. Ужо адбыліся філарманічныя канцэрты сучаснай польскай, швейцарскай, балгарскай і лацінаамерыканскай харавой музыкі. Заключны канцэрт праекта прысвечаны музыцы балтыйскага рэгіёну.

У першай частцы выступіў жаночы хор малодшых курсаў. Дырыжыраваў ім Раманс Ванагс, а партыю аргана вяла Марыя Янушкевіч. Вельмі тонка і вытанчана былі выкананы духоўныя творы латышскіх кампазітараў Маі Энфілдзе, Вітаўтаса Мішкініса і Арво Пярта. Затым канцэртную праграму працягнуў змяшаны хор БДАМ. Тут, акрамя масцітага Ванагса, сваё дырыжорскае майстэрства паспяхова прадэманстравалі студэнты Ірына Скварко, Таццяна Шчамялёва і Стэфан Казакевіч. Многія сачыненні беларуская публіка чула ўпершыню. Раманс Ванагс спецыяльна абраў для канцэрта тыя харавыя опусы, з аўтарамі якіх ён знаёмы асабіста. Тут выконваліся творы Вацловаса Аўгусцінаса, Юрыса Карлсонса. Адным з яркіх быў зачаравальны сваёй маштабнасцю і манументальнасцю хор Рыхардса Дубры “Я пачуў стогн”, у аснове якога — радкі са старазапаветнага “Плачу Ераміі”, што апісваюць разбурэнне Ерусаліма.

Заключная частка канцэрта стала судакрананнем з традыцыямі Латвіі, Літвы і Эстоніі. Тут за дырыжорскім пультам быў не толькі Ванагс, але таксама і Інэса Бадзяка. Ухвал заслугоўваюць хор і яго салісты, якія падрыхтавалі новую, вялікую праграму і вельмі ўпэўнена і ярка выканалі яе на латышскай, літоўскай і эстонскай мовах.

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца