“Вітруві”, арган і сакрэты домры

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

У Віцебскай абласной філармоніі віруе творчае жыццё. Як бачна з пошты “К”, сакавік для горада над Дзвіной стаўся насычаным на цікавыя падзеі ў акадэмічнай музыцы.

/i/content/pi/cult/582/12839/12-3.jpgЗ Пецярбурга ў Парыж

Напрыканцы сакавіка магчымасць адчуць вясновы подых музыкі прадставіла дацкае трыа “Вітруві”, якое выступіла ў абласной філармоніі, наведаўшы Віцебск па дарозе з Санкт-Пецярбурга ў Парыж у рамках Міжнароднага музычнага фестывалю Івана Салярцінскага дзякуючы ідэйнаму натхняльніку форуму Дзмітрыю Салярцінскаму, а таксама Дацкаму інстытуту культуры.

Маладыя ўдзельнікі “Вітруві” ў Беларусі ўпершыню. Аляксандр Макензі (фартэпіяна), Ніклас Валянцін (скрыпка), Якаб ла Кур (віяланчэль) сабраліся два гады таму, літаральна адразу пачаўшы заваёўваць прэстыжныя месцы на конкурсах выканаўцаў класічнай інструментальнай музыкі. Да ўсяго, па словах музыкантаў, іх “з’ядналі канцэрты і падарожжы, усё гэта навучыла трымацца адзін аднаго”. Ну а ў двух аддзяленнях канцэрта прагучалі Шасон, Шастаковіч, Шуберт. Асабліва ўразіў Аляксандр Макензі сваёй амбіцыйнай ігрой на фартэпіяна.

Карына МЯЛЕШКА


Складнікі шчасця

У абласной філармоніі адбыўся і канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Тобіяса Наўмана. Немец падрыхтаваў для беларускай публікі праграму, куды ўвайшлі творы выбітных кампазітараў рэнесансу, барока, класіцызму, рамантызму і музыкі ХХ стагоддзя.

Як распавёў Тобіяс, першым яго інструментам было фартэпіяна, але, паколькі большую частку вольнага часу ён праводзіў у царкве, яго зачараваў арган, а звыклае піяніна ўжо не натхняла. Падлеткам ён абраў арганную музыку будучай прафесіяй.

— Я люблю слухаць рускую, беларускую, украінскую і літоўскую народную музыку, а таксама сучасныя творы розных кірункаў, — адзначыў сённяшнія перавагі суразмоўца. — Падчас вучобы і працы ў кансерваторыі Франкфурта-на-Майне я чуў музыку розных краін. Сярод маіх калег было больш за 60 працэнтаў замежнікаў: літоўцы, расіяне, туркі... Гэта і выклікала ў мяне цікавасць да усходнееўрапейскай традыцыі. Дарэчы, музыкант і сам займаецца кампазіцыяй. Ну а складнікі шчасця Тобіяса Наўмана: ўлюбёная праца, магчымасць падарожнічаць і сустракацца з сябрамі за кубачкам эспрэса.

Інга БЕЛЬСКАЯ


Выбірайце шлях!

Графік адной з найлепшых дамрыстак Расіі Кацярыны Мачаловай нават за дзень да канцэрта ў Віцебскай абласной філармоніі складваўся вельмі шчыльна. Наша зямлячка, якая скончыла ў свой час мясцовы Музычны каледж імя Івана Салярцінскага, правяла майстар-клас у ДШМ № 1.

Вядучая салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Расіі імя Мікалая Осіпава, выпускніца Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных пачала сустрэчу такімі словамі: “Прыемна быць зноў у Беларусі. Вельмі радуе, што ў нашай краіне выдатная музычная школа. Меркаванне не толькі маё: яго можна пачуць ад любога прафесара ў Гнесінцы”. У акадэміі, як жартуе сама выступоўца, яна самы "доўгаграючы" студэнт, бо вучыцца ўжо дзявяты год, а дакладней — праходзіць магістарскую стажыроўку. Паралельна музыкант пачала выкладаць.

На майстар-класе Кацярына паказала сябе скрупулёзнай настаўніцай і зрабіла нямала карэкціровак навучэнцам ДШМ і музычнага каледжа. Яна давала падказкі і парады, як сядзець, як трымаць інструмент і ставіць пальцы. “Выбачайце, што так паглыбляюся, — звярнулася дамрыстка да настаўнікаў і слухачоў у зале. — Хочацца не шоў рабіць, а паказаць пачаткоўцам, што сапраўды важна”. У ДШМ падобнае мерапрыемства праходзіла ўпершыню. Напэўна, многія запомнілі словы спадарыні Мачаловай: “Калі вы абераце свой шлях, станеце шчаслівымі людзьмі. У Віцебску выдатныя музычныя традыцыі. Няхай дзеці ідуць на народныя інструменты, вартыя таго, каб выйсці на ўзровень, напрыклад, мандаліны ў Італіі. Так, вялікую працу па папулярызацыі нашых інструментаў праводзіць актэт балалаек “Віцебскія віртуозы”. Я год працавала ў складзе калектыву і вельмі яму ўдзячная. У актэта цікавыя канцэрты, ансамбль выклікае ўражанні ў замежжы”.

Ірына ШАГАЛЕЕВА