Як я стаў дударом

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Досвед асваення традыцыйнага інструмента
Як педагог з працяглай практыкай у філалогіі і чалавек, які пачаў вучыцца граць на дудзе, хацеў бы падзяліцца назіраннямі, звязанымі з навукай гэтага самага грання. Магчыма, тое неяк пасобіць іншым энтузіястам. (Балазе тэма гэтая цяпер і актуальная: “К” пісала, што абмяркоўваецца далучэнне Беларусі да мультынацыянальнага файла “Культура дуды”. — Рэд.)

/i/content/pi/cult/582/12837/12-1.jpgБазіс: прадуктыўны і не

Мой папярэдні вопыт — музычная школа па фартэпіяна і кларнеце, а таксама тры гады працы касцёлным арганістам. Магу сказаць, што ў кантэксце дуды такі досвед малакарысны. Знаёмства з фартэпіяна хіба дапаможа лепш засвоіць настройку інструмента, а ўменне ігры на духавых паспрыяе вывучэнню тэхнікі надзьмування меха. (Прынамсі, дзьмуць шчокі, як гэта робяць пачаткоўцы, не станеце.) Астатнія аспекты класічнай музычнай адукацыі, апрача, вядома, агульнага адчування рытмікі і гэтак далей, у кантэксце дуды часам нават контрпрадуктыўныя. Вынікае гэта з таго, што дуда і яе гучанне належаць да эпохі іншага тыпу музычнасці, істотна адрозніваючыся ад “правільнага” гучання сучасных інструментаў.

Падаецца, такой сітуацыі пасуе тэорыя пра музычнае перапраграмаванне сучаснага чалавека на іншы лад/строй/гук. Беларуская дуда вымагае акту адмаўлення ад сучаснай музычнасці з мэтай перанясення ў музычнасць архаічную. А гэта, у сваю чаргу, — дасканалага вывучэння не толькі традыцыйнай тэхнікі ігры, але і традыцыі дударства на нашых землях. І апошняя захапляльная ў кантэксце літаратуры, выяўленчага мастацтва, гісторыі і культуры ў цэлым. Іншымі словамі, навука ігры на дудзе павінна быць не толькі забавай, але таксама сур’ёзнай працай, прычым у непасрэдным кантакце з вопытным дударом.

Майстры і фонасфера

Сваю першую дуду я замовіў у найбольш вядомага беларускага дудара з самым доўгім стажам — Алеся Лася. Інструмент не з танных, паколькі вымагае працяглай, карпатлівай мастацка-рамесніцкай працы. Тут ашчаджаць не варта: добры майстар зробіць сапраўдны аб’ект мастацкай вартасці. (Прыстойны інструмент, у залежнасці ад аздобы, можна набыць ужо ў межах эквіваленту 500 у.а.) Шанаваных жа майстроў-дудароў небагата: дзеляцца яны ўмоўна (не столькі паводле ўзросту, колькі па паслядоўнасці пераймання вопыту) на два пакаленні: Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч як пачынальнікі адраджэння беларускай дуды, а Юрась Панкевіч, Алесь Сурба, Дзяніс Сухі і Сяргей Чубрык — іх вучні або пераемнікі. Усіх іх лёгка знайсці праз тэматычныя суполкі ў сацыяльных сетках.

Перад замовай уласнага інструмента абавязкова трэба пазнаёміцца з тэкстамі па традыцыях (такіх багата ў Сеціве). Вядома, трэба наслухацца і гучання розных тыпаў дудаў (скажам, праз знаёмства з творамі шматлікіх беларускіх гуртоў). Паколькі я трымаюся традыцыі, з майго пункта гледжання найбольш традыцыйным тыпам як па гучанні, так і па эстэтычным выглядзе з’яўляецца так званая лепельская дуда (ці проста беларуская, як яе называюць некаторыя даследчыкі). Можа падацца, што іншыя традыцыйныя і эксперыментальныя тыпы, а таксама замежныя інструменты гучаць трохі больш прывабна, але знаёмства з нацыянальнай школай варта, мяркую, пачынаць з вытокаў.

У каго вучыцца?

Урэшце, усё згаданае — толькі пачатак прыгод. Усім, хто хоча пачаць вучыцца, раю звяртацца да прафесіяналаў. І той, хто мае сур’ёзныя намеры, мусіць і высілкі ў пошуку кіраўніка прыкласці. Але перад тым, як вы навучыцеся граць самую простую мелодыю, давядзецца навучыцца настройваць гэты нялёгкі, а часам капрызлівы інструмент. Гэта не акардэон, які вы берацё і пачынаеце развучваць мелодыі. У выпадку з дудой давядзецца навучыцца разбіраць дуду, падстройваць пішчык, мяняць танальнасці, фактычна, працаваць над гучаннем ледзь не кожнай асобнай дзірачкі. Усё гэта без пільнага назірання з боку дудара-настаўніка, можна сказаць, не па сіле амаль нікому. Таму давядзецца інвеставаць у навучанне пэўныя сродкі (гадзіна заняткаў каштуе прыкладна столькі ж, як якасная гадзіна заняткаў англійскай мовай у Мінску). Але тая інвестыцыя вернецца да вас заашчаджаным часам страчаным на самавуцтва, спакойнымі нервамі і пазбегнутым расчараваннем.

Перш чым пачаць займацца пад кіраўніцтвам Юрася Панкевіча з гурта “PAWA”, я паўгода “праседзеў” на самавуцтве. Цяпер разумею: тое аказалася стратай часу. Адзінае, што дае самотнае працяглае дудзенне, дык гэта больш-менш прыстойнае азнаямленне з інструментам, асабліва з механікай меха і тэхнікай дыхання. А пастаноўцы пальцаў, паставе, пераходам з ноты на ноту, закрытай/адкрытай манеры грання давядзецца перавучвацца. Прычым настаўнік-дудар павінен дапільнаваць, каб перад тым, як зайграеце асноўную мелодыю беларускіх дудароў — цяцерку, вы дасканала вывучылі хвалю (гаму), завучылі пэўныя характэрныя для нашай традыцыі пераходы і пачалі асацыяваць канкрэтную дзірачку на жалейцы з пэўнай нотай. А таксама дудар навучыць вас працаваць з цюнарам, прыладай, якая паказвае, які гук вы трымаеце, і, што самае асноўнае, — як строіць дуду перад пачаткам ігры. З уласнага досведу магу сказаць, што тыдзень заняткаў пад кіраўніцтвам Юрася Панкевіча быў больш плённым, чым паўгода пошукаў саматугам.

У паралель

Яшчэ адна праблема пачаткоўцаў-энтузіястаў: нягледзячы на поспехі ў вывучэнні традыцыі інструмента і шматлікія канферэнцыі, у нас на сёння амаль не існуе карысных тэарэтычных матэрыялаў, дапаможнікаў, відэаносьбітаў па тэме. І менавіта таму непасрэднае навучанне ў дудара мае такое каласальнае значэнне. Падручнікі, відэаматэрыялы і альбомы для навукі ігры (над якімі, дарэчы, працуе Юрась Панкевіч) распрацоўваюцца і, будзем спадзявацца, неўзабаве ўбачаць свет. Але як педагог магу ўпэўнена сказаць: ніякія відэаматэрыялы і дапаможнікі не заменяць жывога кантакту ў працэсе вывучэння чаго заўгодна, асабліва музычнага майстэрства.

Каб традыцыя беларускай дуды доўжылася, падаецца, патрэбна вывучэнне традыцыйнага рэпертуару, асучасніванне дуды і выкарыстанне яе ў шматлікіх гуртах у розных жанрах, а таксама, што немалаважна, кампанаванне новай (у тым ліку імправізацыйнай), аўтарскай музыкі адмыслова для гэтага інструмента. Усё гэта, вядома, мае адбыцца на глебе выдатнага валодання традыцыйным рэпертуарам. Гэты трэці, апошні аспект, напэўна, і з’яўляецца найбольш занядбаным. Але каб традыцыя была жывой, трэба каб дуда сталася сапраўды нацыянальным інструментам, а да справы далучаліся новыя людзі, асабліва моладзь. Усё гэта магчымае пры ўмове дэтальнай распрацоўкі сваёй школы навучання, з тыпам “майстар - вучань” у аснове.

Віталь ВОРАНАЎ