Шукальнікі, а не эпігоны

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Ідэйная недастатковая развітасць і тэмпаральная адсталасць айчыннага contemporary art для многіх стала ўжо, бадай, аксіёмай. Пра тое, што да еўрапейскага ўзроўню мы не дацягваем, некаторыя кажуць з такой упэўненасцю, нібы яны асабіста вымяралі той узровень лінейкай. Выстава “Art in Process. Група МЕМ і сябры”, якая праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, развенчвае гэтыя стэрэатыпы, даводзячы, што насамрэч ніякага “пераду” і “заду” ў цяперашняй культурнай прасторы не існуе. Ёсць проста розныя аўтары, якія робяць тое, што лічаць патрэбным, сыходзячы са сваіх унутраных інтэнцый і суб’ектыўнага пункту спазору.

/i/content/pi/cult/582/12836/9-1.jpgНа выставе прадстаўлены восем мастакоў з чатырох краін. Замежная частка — гэта ўдзельнікі нядаўна створанай групы “МЕМ”. Іх заяўленае ў маніфесце прагненне ратаваць мастацтва, а разам з ім і ўсё чалавецтва ад дыктату матэрыяльных каштоўнасцяў можна было б пакінуць без увагі (пагадзіцеся, не яны першыя), каб не сама методыка. Група ладзіць выставы ў розных краінах, далучаючы да іх тамтэйшых мастакоў, спрыяючы тым самым дабраякаснаму творчаму абмену і павялічваючы кола заўяленых у назве праекта “сяброў”.

І скульптуры галандца Роланда дэ Ёнга Арланда — чыстая форма, не нагружаная ніякім сэнсавым кантэкстам, — і абстрактны жывапіс італьянца Бебе Банэці, які вынайшаў уласны тэрмін “мэтарацыянальнасць”, свайго кшталту “трэці шлях паміж розумам і інстынктам, правілам і выпадковасцю, парадкам і беспарадкам”; і мінімалістычныя работы з флюарэсцэнтнага шкла аўстрыйца Хельмута Бруха, інспіраваныя глыбокім асэнсаваннем феномена святла, лучыць адна відавочная агульная рыса. Кожны з гэтых аўтараў па-свойму выкарыстоўвае і дапаўняе той змястоўны багаж ідэй і метадаў, які быў назапашаны авангардам і мадэрнізмам ХХ стагоддзя.

За гэта іх можна было б папракнуць у анахранізме. Маўляў, часы даўно змяніліся: авангард стаў гісторыяй, ледзь не такім самым “ар’егардам”, як той жа рэалізм. Але папракаць, мабыць, не варта. Бо няма сумневу, што мастакі цалкам шчырыя ў сваіх індывідуальных творчых пошуках — яны менавіта шукальнікі, а не эпігоны. А тое, што іх не надта рупіць, якая там звонку парадыгма, сведчыць, хутчэй, пра самадастатковасць. А яе вельмі бракуе многім іх калегам, падуладным “актуальным павевам”.

Беларускія творы, дададзеныя айчынай сакуратаркай праекта Наталляй Шаранговіч, сталі для замежных гасцей своеасаблівым сюрпрызам — пра што яны шчыра прызналіся літаральна за хвілінку да адкрыцця. Тым не менш, узаемадзеянне розных аўтараў часам атрымлівалася надзвычай удалым.

Лідар “МЕМ” Хайнц Каспер называе сябе прадстаўніком “канкрэтнага і зразумелага мастацтва”. Таму ідэі ён фармулюе самым непасрэдным чынам: з дапамогай літар. Асабліва яму падабаюцца “a”, “r” і “t”. Аўтар адшуквае гэтае спалучэнне ў самых розных словах, як бы падкрэсліваючы тым самым інтэгральную ролю мастацтва. А каб было яшчэ больш канкрэтна і зразумела, побач з творамі змяшчае цытаты пра пазітыўнае ўздзеянне “арта” на ўсе духоўныя, сацыяльныя і ледзь не фізіялагічныя працэсы. Цытаты, што самае цікавае, належаць яму самому. Здавалася б, адносна нядаўняя навала постмадэрнізму (як бы мы да яго ні ставіліся) прышчапіла кожнаму творцу нейкае каліўца іроніі ды самаіроніі — асабліва ў дачыненні да хрэстаматыйных ідэй. Казаць “у лоб” стала паўсюдным маветонам. І таму выпадае толькі шчыра здзіўляцца, як выспачку гера Каспера тая навала здолела абмінуць.

Чаго зусім не скажаш пра Канстанціна Селіханава, чый праект надзвычай дарэчы апынуўся побач. Ягоны “Кінатэатр” прапануе гледачам пасядзець на чырвоных падушках з цытатамі класікаў, узіраючыся ў мерны пошум лесу на экране. Інсталяцыя, сканструяваная з фрагментаў папярэдніх праектаў гэтага аўтара, стала свежым і даволі далікатным выказваннем на спрадвечную тэму — стасункі прыроды і цывілізацыі. Застаючыся пры гэтым адкрытай для розных інтэрпрэтацый.

Увогуле, прадстаўленыя на выставе беларускія аўтары не дэкларуюць свае глабальныя памкненні, аддаючы перавагу прыватнаму. Вольга Сазыкіна ў сваіх фільмах назірае за рукамі калег-мастакоў падчас дыялогу і варыць суп з самых розных інгрэдыентаў, старанна перамешваючы апалонікам не толькі іх, але і розныя грані жыцця — мастацтва і паўсядзённасць.

Скульптар Павел Вайніцкі выкарыстаў у якасці асноўнага матэрыялу час і асабістыя ўспаміны. Ён вярнуўся ў сваю былую майстэрню, якую некалі займаў у “мінулым жыцці” НЦСМ (як вядома, у тым будынку знаходзілася свайго кшталту “аспірантура” для маладых мастакоў). Элементы праекта — некалькі твораў, кропкава размешчаных у цяперашняй кіназале, а таксама аўдыяінсталяцыя Яўгена Рагозіна, якая узнаўляе гукавы фон майстэрні — ніякім чынам не вяртаюць мінулае. Наадварот, яны пераканаўча сведчаць аб немагчымасці гэта зрабіць.

…Карацей кажучы, калі карыстацца нейкай уяўнай “шкалой сучаснасці”, беларускія аўтары выстаўкі па гэтым параметры яўна апярэджвалі замежных гасцей. Але... пытанне толькі ў тым, ці трэба ёй карыстацца.

Выставы, якія аб’ядноўваюць даволі розных мастакоў, не спалучаных нейкай агульнай “жалезнай” тэмай, досыць часта становяцца аб’ектамі крытыкі. Але дадзены сумесны праект сведчыць аб іх несумненным праве на існаванне. Калі аўтары самі па сабе цікавыя, калі экспазіцыя зроблена добра, калі ёсць дадатковая праграма (а ў гэтым выпадку яна была даволі насычанай), такія выставы могуць выклікаць куды лепшыя эмоцыі, чым “прыцягнутыя за вушы” куратарскія канцэпцыі.